Стыпэндыі падвысілі на 6 тысячаў

З 1 студзеня 2010 г. урад падняў стыпэндыі беларускім студэнтам на 5%, а студэнтам-ядзершчыкам — на 10%. У сярэднім навучэнцы ВНУ стануць атрымліваць на 6 тысячаў болей.

Цяпер стыпэндыі студэнтаў беларускіх ВНУ складуць ад 102,5 тыс. да 164,1 тыс. рублёў, а для навучэнцаў сярэдніх спэцыяльных і прафэсійна-тэхнічных установаў - 78,1–124,8 тыс. рублёў.

Таксама на 10% павялічылі стыпэндыі тым студэнтам, якія вучацца на спэцыяльнасьцях, зьвязаных з атамнай энэргетыкай. Будучыя ядзерныя фізыкі, спэцыялісты ў радыяцыйнай хіміі, электронных сыстэмах кантролю і кіраваньня на атамных электрастанцыях, ядзернай і радыяцыйнай бясьпецы даўно чакалі падвышанай стыпэндыі. Яшчэ напрыканцы ліпеня ім абяцалі падвышаную стыпэндыю ў 30-50% ад звычайнай.

Цяперашняе падвышэньне не кампэнсуе нават страты студэнтаў у выніку дэвальвацыі. У пераліку на эўра ў сьнежні 2008 беларускія студэнты атрымлівалі як мінімум 35 эўра, а цяпер з улікам падвышэньня стыпэндыя складзе 25 эўра. Такім чынам, каб дасягнуць дакрызыснага ўзроўню стыпэндый, без уліку інфляцыі беларускаму ўраду варта падняць іх як мінімум на 40 тысячаў.

Апошні раз стыпэндыі беларускім студэнтам павышалі таксама на 5% у канцы 2008 году, калі мінімальны яе памер склаў 97,6 тыс. рублёў.

Паводле БелТА

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0582 seconds.