З вамі гаворыць «Телевизор»!

Телевизор

6 лютага. Трэцяя плянэта ад Сонца. Другі канцэрт у Беларусі піцерскага гурта «Телевизор» за ўсю яго 25-гадовую гісторыю.

Жыцьцё тут, на Зямлі, ня можа не зьдзіўляць сваёй нечаканасьцью раптоўных паваротаў, час ад часу рэчы імгненна мяняюць свае знакі на супрацьлеглыя, становяцца з ног на галаву. Калісьці гурт «Телевизор» быў адным з флагманаў легендарнага ленінградзкага рок-клюбу, ішоў побач з тымі, хто зараз узначальвае піўныя фэсты кшталту «Нашествие». Сёньня з большасьцю былых калегаў лідэр гурта Міхаіл Барзыкін, па сваім ўласным вызначэньні, «па розныя бакі барыкад». Адныя пяюць для тых, хто замаўляе музыку, другія падаліся ў афіцыйны праваслаўны клір альбо проста маўчаць. «Телевизор» не маўчыць, ён гучна і рэзка кажа ў твар і ад яго не схавацца, бо ад сябе зьбегчы немагчыма.

Телевизор

Гурт «Телевизор» быў заснаваны ў 1984 годзе, тады яшчэ ў СССР, у Ленінградзе. Цікава, што менавіта ў той год зьявілася і «Гражданская оборона». Гурты абсалютна супрацьлеглыя музычна, але сваім нэрвам (калі гэта называць словам «нэрв», бо практычна гэта ўжо амаль фізычны боль), нонканфармізмам яны, безумоўна, падобныя. І менавіта 1984 год даў назву культаваму раману-антыўтопіі Джорджа Оруэла. Хто чытаў «1984», разумеюць, што сувязь падзеяў у гэтым рамане і гісторыя, творчасьць, пазіцыя як «Телевизора», так і «Гражданской обороны» абсалютна натуральная. Тут нейкая магія лічбаў, нейкі змрочны агульнакасьмічны лёс.

У 2008-м той самы «нэрв» зрабіў сваю справу з паэтам Ягорам Летавым. Яго больш няма, а «Телевизор» існуе, і дзякуй Богу, што існуе. Факт існаваньня пацьвердзіў гэты неверагодна моцны па энэргетыцы канцэрт у Менску.

Телевизор

Народу было ня шмат, але гэта і добра, бо, па словах самаго вакаліста «Телевизора» Міхаіла Барзыкіна: «Там, дзе пасуцца статкі, ісьціна не расьце». Тут жа была калі ня ісьціна, то праўда дакладна. Яе было столькі, што часам станавілася проста балюча. Калі побач нехта з публікі сказаў свайму сябру, што прыйшоў сюды адпачываць, стала нават неяк не па сабе. Так не адпачываюць, ад такіх канцэртаў, наадварот, стамляесься, бо цябе вымушаюць кешкацца ў сваіх думках і прынцыпах. Гурт проста зь першае песьні «С вами говорит „Телевизор“» «размазаў» публіку па падлозе.

Телевизор

Адразу варта адзначыць тое, што не пакідала маёй галавы на працягу ўсяго канцэрту. Песьні, на якія вешаюць цэтлік «палітычныя аднаднеўкі», жывуць і застаюцца акутуальнымі ўжо 25 год! На жаль, тое, аб чым вяшчае «Телевизор», жыве і толькі квітнее. Калі апошні на дадзены момант альбом гурта «Дэжавю» абвінавачваюць у тым, што ён быццам зроблены на патрэбу дня, раю такім людзям паслухаць праграмы «Отечество иллюзий» (1987) і «Мечта самоубийцы» (1991). Яны шмат знойдуць паралеляў з нашым часам. Ня дай, канешне, Бог, каб «Дэжавю» быў «у тэму» яшчэ столькі год. Ня тыя гэта тэмы, якія хочацца працягваць.

Нягледзячы на гэта, «Телевизор» я б не называў выключна тэкставым гуртом, музычна калектыў таксама варты ўвагі. Тут змрочны гатунак з сінці-попу, а-ля Depeche Mode часоў нарказалежнасьці Дэйва Гэхэна і рамштайнаўскіх маршаў.

«Телевизор» свараць, а ён гучыць больш сучасна за сваіх расійскіх «дабразычліўцаў» і калегаў, не кажу ўжо пра беларускіх, бо айчынныя «барацьбіты» музычна ўсё ж больш архаічныя. Рок-легенды Беларусі шануюць традыцыйныя рокавыя музычныя напрамкі: панк, грандж, хард-рок, блюз. Цяжка ўявіць, каб нехта зь іх ва ўзросьце Барзыкіна зайграў той жа сінці-поп, але гаворка не пра тое. Тэлевізар гучыць амаль як брытанцы Joy Division ці Editors, часам як Laibach.

Телевизор

У паэзіі гурта нават калі й прысутнічае некаторая лёзунгавасьць, то яна падаецца без пошласьці. Піцерская школа. Нават падыход да свайго сцэнічнага ўвасабленьня ў «Телевизора» беларусам нязвыклы: на сцэне Барзыкін з ноўтбукам, гітарыст, бубнач і ўсё. Ніякіх табе матляньняў пэтламі ці скачкоў з калёнак, ніякіх апярэтачных касьцюмаў «для шоў», толькі сакрушальная, нібы ўраган, энэргія. Барзыкіну 47, узрост, у якім шмат суайчыннікаў ужо нават лянуюцца проста падняцца з канапы, а ён увесь час рэзка, адрывіста рухаецца па сцэне, кожнае слова амаль выплёўвае проста табе ў твар. Здаецца, што менавіта табе ён гэтае ўсё і распавядае, табе як асобе, а не як частцы сістэмы. Парадокс — пры ўсёй практычна суіцыдальнай змрочнасьці, «Телевизор» любіць людзей, ва ўсякім разе сваіх слухачоў, не герояў сваіх песень, гэта бачна і гэта ўзаемна.

Телевизор

Па клюбу ходзяць, падпяваюць, танчаць некалькі чалавек «за сорак» у фірмовых «тэлівазараўскіх» цішотках. У іх вачах — быццам яны ведаюць штосьці такое, да чаго нам усім пакуль далёка. Можа, гэта прыходзіць з узростам, можа, з досьведам, а можа, пра гэта нам кажа «Телевизор», на шчасьце, актуальны музычна і, на жаль, дзесяцігодзьдзі актуальны сваімі тэкстамі.

ПРА АЎТАРА

Buzzika 

 

Нарадзіўся на Дэймасе 200 000 год таму, але ў раньнім дзяцінстве з бацькамі пераехаў на Марс, дзе і вырас. Пасьля школы па разьмеркаваньні трапіў на Тытан, адкуль і быў з дапамогай аптычна-люстэркавай сыстэмы (АЛС) зь сям’ёй і калегамі адпраўлены на Зямлю. У Беларусь патрапіў таму, што яшчэ з савецкіх часоў гэтая краіна спэцыялізуецца на оптыцы ў вытворчасьці дэталяў касьмічных караблёў. Праз АЛС сюды накіраваць было прасьцей.

Імя buzzika не сапраўднае, сапраўднае немагчыма паўтарыць не на адной зямной мове з-за асаблівасьцей марсіянскага маўленчага апарату, але buzzika — найбольш блізкае па гучаньню да сапраўднага імя. Тое ж самае і са зьнешнасьцю. Зьнешне buzzika выглядае як чалавек, але гэта зроблена для зручнасьці камунікацый тут, на Зямлі. Насамрэч buzzika нагадвае зямнога ката. Сапраўдная місія buzzika на Зямлі засакрэчана.

Яшчэ 20 фотаздымкаў з выступу гурта «Телевизор» у Менску глядзіце ў фотаблогу Generation.bY

Buzzika 18:00, 09/02/2010 | Рэпартажы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0546 seconds.