Маладая літаратура і літаратура маладосьці: конкурс мастацкага перакладу

Часопіс перакладной літаратуры «ПрайдзіСвет» запрашае ўсіх ахвотных да ўдзелу ў чарговым конкурсе мастацкага перакладу.

Гэтым разам конкурс прымеркаваны да выхаду чацьвертага нумару часопіса, прысьвечанага маладой літаратуры і літаратуры маладосьці. Для перакладу прапануецца 14 вершаў з васьмі моваў: ангельскай, нямецкай, гішпанскай, польскай, расійскай, украінскай, французскай, лацінскай. Найлепшыя творы будуць надрукаваныя ў чацьвертым нумары часопіса.

Таксама мы працягваем традыцыю, распачатую ў трэцім нумары, — пераклад на Кубак Майстра. У чацьвертым нумары перакладчыкі змогуць пазмагацца за прыз Андрэя Хадановіча. Прапанаваны на конкурс верш — «Sensation» Арцюра Рэмбо.

Пераклады можна альбо даслаць на адрас рэдакцыі: rada@prajdzisvet.org, альбо разьмясьціць на форуме часопіса, дзе для конкурсаў створаны адпаведны разьдзел, а для кожнага верша — адпаведная тэма. Праўда, для гэтага неабходная рэгістрацыя.

Спампаваць вершы для перакладу можна па спасылцы. Пераклады прымаюцца да 15 сакавіка.

Пра часопіс

Часопіс перакладной літаратуры «ПрайдзіСвет» узьнік у 2008 г. як ідэя віртуальнага пэрыядычнага выданьня, цалкам прысьвечанага замежнай літаратуры ў перакладах на беларускую мову. Першы нумар часопіса выйшаў у сьвет 27 траўня 2009 году.

Маладыя перакладчыкі, навучэнцы Беларускага Калегіюму і Перакладчыцкай майстэрні пры ім, аб’ядналі свае сілы, каб пашырыць прастору беларускай культуры за кошт увядзеньня ў яе кантэкcт новых перакладаў замежных аўтараў, а таксама знаёмства з новымі імёнамі сусьветнай літаратуры. Рэдакцыя часопіса таксама ставіць мэтай падвышэньне прафэсійнага ўзроўню перакладу на беларускую мову і спробу стварэньня школы беларускага перакладу.

Дзеля гэтага ў часопісе плянуецца зьмяшчаць раней зробленыя, але маладаступныя пераклады, а таксама карысныя парады знаных майстроў і карысныя спасылкі на шматлікія рэсурсы ў інтэрнэце.

Пэрыядычнасьць выхаду часопіса — раз на 3 месяцы. Сайт абнаўляецца пастаянна.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0856 seconds.