«Гэта мы, а гэта яны» — у аўташколу за правамі

у аўташколу за правамі

«Пайшлі вучыцца на правы!» — не спыняўся агітаваць мяне ісьці ў аўташколу сябар. Але знаходзілася тысяча справаў да таго, як патраціць дзень-два на мэдыцынскую даведку, абраць аўташколу і знайсьці час на заняткі. Відавочна было адно: правы патрэбныя, і ўсе знаёмыя вакол ці вучацца, ці ў стане пошуку аўташколы. Зь сябрам я тады так і не запісалася, але ўжо гэтай восеньню — роўна тры месяцы таму падала дакуманты і пачула запаветнае: «На выходных бярыце сшытак, асадку і пачынайце вучыцца». Наперадзе чакалі загружаныя навучаньнем выходныя, знаёмства зь інструктарам і першы выезд на менскія дарогі, а на выніку — іспыты ў ДАІ. Тры месяцы аўташкольнага жыцьця — у артыкуле.

Выбар аўташколы

У паліклініку я падалася, калі надакучыла адказваць знаёмым на пытаньне, чаму я дагэтуль не ў аўташколе:) Не такі страшны чорт, як яго малююць — на справе атрымалася зрабіць даведку за адзін дзень.

«Трэба абіраць аўташколу па рэйтынгу — на падставе каэфіцыенту здачаў і няздачаў», — памятала я словы свайго сябра. Так і зрабіла — паглядзела статыстыку, пачала абтэлефаноўваць. Яшчэ было важна, каб школа была недалёка, а таксама каб аўтадром быў у зоне дасягальнасьці, бо часта тэарэтычныя заняткі праходзяць у цэнтры, а практыка — на ўскрайку. А на часе гэта грунтоўна адбіваецца — тэорыя ў мяне была па суботах і нядзелях, а практыка на працягу працоўнага тыдня. Пачаўшы вучыцца, я на ўласным досьведзе зразумела знаёмых, якія на час аўташколы літаральна выпадалі з жыцьця. Але мая школа была побач, і аўтадром побач, таму шанцы пасьпяваць усё былі добрыя:)

Схапіўшы сшытак і асадку, я пабегла на першы занятак як «першы раз у першы кляс». «У мяне ўсе групы вельмі хутка зьсяброўваюцца», — тлумачыў нам выкладчык па тэорыі. Мы ж толькі касіліся адзін на аднаго і зь недаверам паглядалі ў бок выкладчыка. У групе 20 чалавек, большасьць — дзяўчаты, сярэдні ўзрост — гадоў 25. Адчуваньне было насамрэч як ва ўнівэры. Забягаючы наперад, скажу, выкладчык меў рацыю.

Першы раз за стырно

Прагляд кампаніяй вечаровага футболу перарываецца тэлефанаваньнем: «Я — ваш інструктар! Абірайце час для заняткаў». Па-першае, мне падавалася, што за стырно яшчэ рана, бо мы й першага заліку тады не здалі. Як я буду ехаць, ня ведаючы знакаў?! Па-другое, я шчыра пабойвалася інструктара. Наслухалася гісторыяў пра тое, якія яны бываюць. І так і бачыла такога злыдня пад музыку шансон ў паўразваленым аўто, які імкнецца разьвесьці на дадатковыя заняткі ці рамонт запцацак.

«Шукайце на стаянцы трэці гольф альбо проста бакляжан», — у прадчуваньні шукаю тое, на чым я буду вучыцца езьдзіць і здаваць на правы. На справе ж у мяне быў выхаваны, адукаваны, разумны інструктар, у нечым нават псыхоляг, бо з такой працай да кожнага свой падыход трэба мець. «Вось выпушчу вашу групу, і звольнюся, а то й пасівець тут можна», — прыгаворваў часам ён. Час ляцеў хутка, і пра «пасівець» я зразумела ўжо ў ДАІ.

Залікі і іспыты

«Што гэтая тэорыя, галоўнае — умець па горадзе езьдзіць!» — як адзін кажуць мне кіроўцы са стажам. Гэта ўсё так, але каб атрымаць правы, найперш трэба здаць тэорыю. Таму правілы я старалася вучыць і не кідаць гэты працэс на самацёк. Бо начулася гісторыяў, як людзі не здаюць тэорыю, адстаюць ад групы, а там ужо ўсё па накатанай — прыходзіцца шукаць машынку, на якой здаваць, і абіваць парогі ля «сьцяны плачу» ў ДАІ.

У аўташколе здаецца 7 залікаў па тэорыі, а таксама выпускныя тэарэтычны і практычны іспыты. Потым ДАІ — там усё ў тры этапы: тэорыя, пляцоўка, горад.

У нашай аўташколе кожны залік складаўся зь дьвюх частак: на кампутары і на паперы. Каб трэніравацца да кампутаровай здачы, я набыла сабе ў краме дыск з пытаньнямі па ПДР — большасьць іх ідэнтычныя з аўташкольнымі і ДАІшнымі. Таксама ў аўташколе можна было прыдбаць дыск з усімі папяровымі білетамі, лекцыямі, відэаролікамі — усім тым, што нам распавядаюць ці паказваюць. Агулам з залікамі ўсё проста — вывучыў і здаў. Але з маімі разьездамі па выходных часам прыходзілася здаваць залікі датэрмінова — выкладчыкі зазвычай ідуць насустрач. Паколькі здача адбываецца ў форме тэста, то такога панятку як «завалілі» тут няма. Галоўнае — не хвалявацца і спакойна ціснуць на пімпачкі з правільнымі адказамі.

Перад выніковым унутраным іспытам, натуральна, моцна хвалявалася. Прыйшлося паўтараць увесь дыск, бо дзіўным чынам гэтыя правілы, а найперш вызначэньні, імгненна забываюцца ад заліку да заліку. Але трыццаць пытаньняў здаліся хутка. Па практыцы мы здавалі ўсе элемэнты: дыяганалка, гараж, дворык, эстакада, а потым горад. Гэта першы раз, калі едзеш з поўнай машынай «пасажыраў» — думаеш, як правільна ехаць і не спасаваць перад аднагрупнікамі.

«Гэта мы, а гэта яны»

Так казаў мой інструктар ці не на кожным занятку. Прыходзіцца ехаць па правілах, а машынкі вакол едуць, як хочуць. Усе перавышаюць, а я еду 40, бо тут адпаведны знак. Я разварочваюся на скрыжаваньні, яны ззаду мяне падрэзваюць, збочваючы ўлева — толькі й пасьпявай сачыць і тармазіць, калі што. Аб’яжджаю перашкоды — паказваю павароты, хоць ні да мяне, ні пасьля мяне ніхто іх не ўключае.

«За 19 заняткаў немагчыма навучыцца езьдзіць дасканала, але можна зразумець сыстэму і здаць іспыты», — тлумачыў мне інструктар. Сыстэму я зразумела. Нават чакала кожнага наступнага занятку — езьдзіць мне падабаецца. «Усе рухі мусяць быць пэдантычнымі. Памятай, мы — элітная каманда, а вы — мой аўтамабільны спэцназ:)», — даваў апошнія ўстаноўкі перад ДАІ інструктар.

У логаве ДАІ

Сытуацыя ўскладнялася тым, што нашы іспыты прыпадалі на навагоднія сьвяты. У ДАІ нас чакалі 4 студзеня. Здаецца, яшчэ не адшумела шампанскае, а мы ўжо стаім на марозе пры мінус 15-ці і рыхтуемся здаваць тэорыю. Падтрымаць нас прыехалі і выкладчыца тэорыі, і намесьнік дырэктара школы. З сінімі насамі рушым фатаграфавацца — менавіта гэтае фота і будзе потым у пасьведчаньні кіроўцы.

«Не сьпяшацца і не хвалявацца!» — падбадзёрвае ўсіх перад іспытам наша выкладчыца. Яна сама атрымала правы 4 гады таму і яшчэ памятае па сабе ўсе хваляваньні. Бачу кампутар са сваім здымкам і сядаю здавацца. Тэсты там крыху мадыфікаваныя, карцінкі інакш намаляваныя, але толькі 10 пытаньняў. Пару хвілінаў — і першы этап пройдзены! На радасьцях ажно пачалі абдымацца:) З нашых ня здаў толькі адзін чалавек — і то з-за хваляваньня.

«Сьцяна плачу»

Калі не здаеш, да практыкі не дапускаесься і прыходзіш праз пару дзён у ДАІ зноўку здаваць. Быў бы час, а так, як кажуць, вада і камень точыць. Але лепей не адставаць ад групы. Бо тады ты ўжо сам за сябе. Сам шукаеш машыну, на якой здаваць, бо аўташкола прадстаўляе аўто толькі для першай здачы. А сесьці за стырно цалкам іншай машыны і ўпэўнена праехацца па горадзе пасьля 19 заняткаў практыкі — справа ня простая. Ды й на месцы трэба будзе яшчэ чаргу адстаяць, каб сесьці ў зручнейшую машыну, таму й называюць стаянку ў ДАІ «сьцяною плачу».

Альбо можна дамовіцца са сваёй аўташколай, каб далі табе «тваю» машыну для паўторнай здачы (каштуе ля 20 тыс.). Таксама можна ўзяць дадатковыя заняткі ў прыватнікаў, і да новай машынкі прызвычаіцца і па маршрутах ДАІ паезьдзіць — абвестак хапае.

А што да маршрутаў, то іх можна знайсьці непасрэдна ў ДАІ на Сямашка 17. Ня лішнім будзе перад іспытам паезьдзіць па гэтых маршрутах са знаёмымі, каб запомніць, дзе якія знакі і абмежаваньні. Улетку некаторыя і пешшу праходзяць гэтыя дарогі.

Пляцоўка і 100-працэнтны «горад» у ДАІ

«У ДАІ будзеце здаваць дыяганалку альбо гараж», — казаў напярэдадні іспыта інструктар і працягваў, — «Па такім марозе эстакаду не даюць». Але нас чакаў сюрпрыз — усе курсанты нашай аўташколы мусілі здаваць менавіта эстакаду. Тут ужо і інструктары пачалі хвалявацца, бо машыны ня новыя, і шчапленьне не ва ўсіх добрае. Заглухнеш альбо скоцісься — і ўсё, простая дарога да «сьцяны плачу». Але адзін за адным нейкім цудам заяжджаем на абледзянелую эстакаду. На выніку гэты этап у нас не прайшло толькі некалькі чалавек. Выдатная статыстыка!

І вось ён — момант Х, хвіліны славы, калі трэба ўпэўнена і пэдантычна праехацца па засьнежаным «горадзе» з ДАІшнікам. Але людзі адзін за адным у нашай машынцы атрымліваюць «няздачу». ДАІшнік ціха сядзіць побач і моўчкі малюе штрафныя балы.

Адразу некалькі сяброў, што ня так даўна прайшлі працэдуру атрыманьня правоў, у адзін голас папярэджвалі: калі трапіцца такі вусаты ДАІшнік і з жывоцікам — усё, хана, капец! Я вам так скажу — там ці не кожны экзамэнатар з вусамі і жывоцікам:) За стырном галоўнае — не хвалявацца. Ня столькі важна, правільна ты праедзеш усе скрыжаваньні, колькі важна паказаць сваю гатоўнасьць да дарогаў і ўменьне адэкватна рэагаваць на складанасьці. Ну і прышпіліцца і з ручніка зьняцца пры старце таксама нельга забываць:) Пры мне ў ДАІ людзей высаджвалі, калі тыя толькі мэтар праехалі.

Сядаю за стырно, еду, здаецца, упэўнена. Калі спыняемся, ДАІшнік хваліць, але раіць быць больш уважлівай і запрашае прыехаць праз тыдзень. Праз гадзіну высьвятляецца, што навучэнцам нашай аўташколы ўсім паставілі «няздачу». 100% няздачаў.

Па дадзеных за студзень-верасень 2009 году сярод менскіх аўташколаў адсотак няздачы іспыта зь першай спробы складае ад 33% да 78%. У нашай школы цяпер будзе 100%. Пагаворвалі, што гэта вынік кепскіх стасункаў ДАІ і дырэкцыі аўташколы. Маўляў, першыя псавалі на курсантах каэфіцыент здачаў, па якім многія і абіраюць, у якую школу пайсьці. Але, спраўдзіць, ці насамрэч гэта стала прычынаю, складана.

Для нас навучаньне працягнулася яшчэ на тыдзень. Зноўку сабраліся групай і са сваім інструктарам паехалі здаваць «горад». Пару кілямэтраў за стырном — і запаветная «здача» ёсьць! А на наступны дзень і пасьведчаньне кіроўцы з сінім носам:)

* * *

Кажуць, што навучыцца кіраваць аўтамабілем за 19 заняткаў немагчыма. Але колькасьць кіроўцаў у Менску толькі расьце. І многія зь іх атрымліваюць правы пасьля такога кароткага трэнінгу. Толькі ў аўташколах, зарэгістраваных у ДАІ ГУУС Менгарвыканкама, за пэрыяд студзень-верасень 2009 году падрыхтавана ля 29 000 кіроўцаў. У суседніх краінах з большасьці аўташколаў новасьпечаных кіроўцаў «выпускаюць» на дарогі ў індывідуальным парадку. Да прыкладу, ва Ўкраіне колькасьць практычных заняткаў можа быць ад 10 і вышэй.

Мне пашчасьціла атрымаць правы ў пэрыяд навагодніх сьвятаў, ад гэтага сьвяточны настрой толькі ўзмацніўся, а сьвежанькае пасьведчаньне ляжыць перад маніторам і нагадвае пра тры месяцы насычанага навучаньня й пазнаваньня аўто, дарогаў, а ў нечым і сябе:) Цяпер засталося перасесьці на колы — і вітайце яшчэ аднаго кіроўцу! Кажуць, тут усё інакш — праверым.

tarka 17:00, 21/01/2010 | Першы раз |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0738 seconds.