Вырошчваньне марыхуаны і галюцынагенных грыбоў у Чэхіі больш не крымінальнае злачынства

Вырошчваньне галюцынагенных грыбоў, канопляў, кустоў кокі і іншых наркатычных расьлінаў у пэўных межах ня будзе лічыцца крымінальным злачынствам у Чэхіі. Цяпер кожны чэх можа мець пры сабе да 15 г. ці «пяць кустоў» марыхуаны. Чакаецца, што новыя правілы ўвойдуць у сілу з новага году.

Цяпер некаторыя галюцынагенныя расьліны ў Чэхіі будуць называцца не «наркатычнымі», а «адурманьваючымі». У выніку, вырошчваньне і захоўваньне да пяці кустоў марыхуаны і да 40 штук псылабіцынавых грыбоў будзе клясыфікавацца не як крымінальнае злачынства, а як правапарушэньне. За гэта аматарам марыхуаны будзе пагражаць ў горшым выпадку штраф да 600 эўра, а ў лепшым — папярэджаньне.

Але ў выпадку перавышэньня нормаў можна адправіцца ў турму на паўгоды за марыхуану альбо на цэлы год за грыбочкі.

У гэтым годзе ў Чэхіі прайшло некалькі акцый за адмену любой адказнасьці за вырошчваньне наркатычных рэчываў. Некаторым людзям яны патрэбныя ў мэдыцынскі альбо тэхнічных мэтах, заяўляюць прыхільнікі адмены адказнасьці.

Яшчэ адно наркатычнае паслабленьне чэхам пачне дзейнічаць з 1 студзеня 2010 году , калі захоўваньне да 1.5 г. гераіну ці 1 г. какаіну больш ня будзе лічыцца злачынствам. На мінулым тыдні ўрад Чэхіі вызначыў нормы, без перавышэньня якіх спажыўцам не пагражае крымінальны перасьлед, перадае Radio Praha.

Згодна з апошнімі дасьледаваньнямі, чэскія маладзёны — чэмпіёны па спажываньні марыхуаны ў Эўразьвязе. Да 30% насельніцтва Чэхіі спажываюць марыхуану і іншыя лёгкія наркотыкі. Аднак у цэлым колькасьць злачынстваў, зьвязаных з наркотыкамі, у параўнаньні зь некаторымі іншымі краінамі ЭЗ, некалькі зьнізілася.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1406 seconds.