Сарказі паставіў мэту зрабіць францускія ўнівэрсытэты «лепшымі ў сьвеце»

Францыя плянуе патраціць на мадэрнізацыю вышэйшай адукацыі €11 млрд., што на думку прэзыдэнта Нікаля Сарказі зробіць мясцовыя ўнівэрсытэты «лепшымі ў сьвеце».


Фота AFP

«Наша мэта — простая. Мы хочам мець лепшыя ўнівэрсытэты ў сьвеце», — заявіў прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі, адзначыўшы, што такім чынам ён зьбіраецца падрыхтаваць краіну да выклікаў будучыні.

Грошы на адукацыю — частка вялікага пляну па інвэстыцыям у стратэгічныя сфэры, які мусіць зрабіць краіну больш канкурэнтаздольнай і надаць эканоміцы імпульс для росту. €35 мільярдаў пойдуць на самыя розныя праекты, пачынаючы распрацоўкай батарэй для электракараў і сканчаючы будаўніцтвам сучасных унівэрсытэцкіх кампусаў.

Асобным артыкулам выдаткаў праходзяць лічбавая апрацоўка збораў францускіх бібліятэк і музэяў, перадае Euronews. З агульнай сумы € 8 мільярдаў пойдуць на навуковыя дасьледаваньні.

Заплянаваныя траты францускага ўраду называюць доўгам дзеля будучыні. Большую частку патрэбных грошаў улады зьбіраюцца заняць, піша The Wall Street Journal, бо ўжо цяпер запазычанасьць Францыі складае 77.1% і да 2013 году ўзрасьце да рэкордных 91% ад ВУП.

На дадзены момант, Беларусь выдаткоўвае на ўсю адукацыю 6% ВУП (каля €2 млрд.). У 2009 годзе Францыя патраціла на адукацыйныя мэты €64.6 млрд.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0935 seconds.