Больш за паўтысячы студэнтаў адправіліся вучыцца за мяжу дзякуючы «Салідарнасьці»

З 2006 па 2008 год 540 беларусаў адправіліся атрымліваць вышэйшую адукацыю за мяжу з дапамогай Камітэту абароны рэпрэсаваных «Салідарнасьць». Найбольш папулярным накірункам сярод студэнтаў аказаліся Польшча і Літва.

377 маладых людзей, якія зьвярталіся па дапамогу да Камітэту, выехалі на навучаньне ў Польшчу. Такія дадзеныя прыводзяцца ў аналізе працы Камітэту абароны рэпрэсаваных «Салідарнасьць» за 2006–2008 гады.

«Адукацыйная праграма Польскага Ураду (праграма імя Кастуся Каліноўскага)  для рэпрэсаванай беларускай моладзі пачала дзейнічаць з красавіка 2006 года і дае шанец на атрыманьне вышэйшай адукацыі эўрапейскага узроўню. Абмежаваньня спэцыяльнасьцяў ня існуе, уступныя экзамэны не здаюцца», — гаворыцца ў справаздачы Камітэту.


Студэнты, якія з дапамогай Камітэту маюць магчымасьць атрымаць вышэйшую адукацыю за мяжой

Амаль кожны сёмы зьвярнуўшыся ў камітэт хацеў бы вучыцца ва Ўкраіне. Дзякуючы «Салідарнасьці» там навучаецца 40 чалавек. Аднак другое месца (82 студэнты) па колькасьці рэпрэсаваных навучэнцаў займае Літва, дзе дзейнічае Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт.

Заходнеэўрапейскія ўнівэрсытэты не карыстаюцца значным попытам сярод беларусаў, што камітэт тлумачыць аддаленасьцю ад дому, дзе студэнты хочуць «прымаць актыўны ўдзел у акцыях негвалтоўнага супраціву дзеля дэмакратызацыі Беларусі». За час дзейнасьці Камітэт дапамог двум маладзёнам выехаць у Францыю, 15 у Эстонію і аднаму ў Нідэрлянды.

«Салідарнасьць» адзначае падзеньне колькасьці беларусаў, выехаўшых за апошнія тры гады на навучаньне (87 у 2008 супраць 316 у 2006 годзе).


Зацікаўленасьць рэпрэсаваных у краінах навучаньня

«Кожны бакаляўр, магістар, кандыдат навук, які атрымаў дыплём у Эўропе, патрэбны будучай дэмакратычнай Беларусі як дасьведчаны дыплямаваны спэцыяліст» , — гаворыцца ў справаздачы Камітэту.

З часу заснаваньня праграма дапамогі студэнтам некалькі разоў трапляла ў цэнтар увагі грамадзтва. Так, у 2007 годзе адзін з навучэнцаў праграмы Каліноўскага прызнаўся, што супрацоўнічаў з КДБ.

Камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасьць» быў створаны у 2006 годзе. За час існаваньня ў камітэт зьвярнуліся 1536 рэпрэсаваных.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0648 seconds.