Студэнт змайстраваў хвост для выражэньня эмоцыяў

Чалавецтва, здаецца, выратаванае. Тайваньскі студэнт каледжу мастацтва і дызайну (Джорджыя) распрацаваў робататэхнічны «хвост настрою». Цуда-прыстасаваньне дапаможа людзям лепш выражаць свае эмоцыі. Для гэтага дастаткова простага пульту дыстанцыйнага кіраваньня.

«Падчас эвалюцый чалавек згубіў адну рэч, якая не здаецца важнай. Гэта хвост, — сьцьвярджае вынаходнік „хваста“ студэнт Вэй-Чых Цэн (Wei-Chieh Tseng). — Але ж ён мае адну цікавую асаблівасьць — паказваць эмоцыі».

 

«Цяпер людзі навучыліся стрымліваць эмоцыі і звычайна хаваюць свае пачуцьці. Я ж спрабую зрабіць робат-хвост, каб пачуцьці і эмоцыі, наадварот, паказваць», — тлумачыць ён.

«Атавізм», як таго і патрабуе біялёгія, апранаецца на пояс. «Хвастом» можна кіраваць двума спосабамі: альбо дыстанцыйным пультам, альбо карткамі з адмысловымі меткамі. Трымаючы такую картку з пэўным малюнкам, напрыклад смайлікам :), у кішэні, можна быць упэўненым, што «хвост» аўтаматычна паказвае патрэбны настрой.

«Чарговае вынаходніцтва ровару», — звастрыце вы! А вось і не. Глядзіце відэа, на якім студэнт пераканаўча даказвае жыцьцёвую неабходнасьць наяўнасьці ў хатняй гаспадарцы хвастатай прылады.

Дарэчы, гэта ня першае вынаходніцтва тайваньца. Не такі ён ужо і дзівак, як можа падацца, бо ў канцы лета здолеў заняць другое месца на творчым конкурсе SpaceTime 2009 у катэгорыі «Інтэрактыў — фізыка».

Паводле membrana.ru

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0918 seconds.