Украінская стане дзесятай мовай Euronews

Штодзённыя 15-хвілінныя выпускі Euronews на ўкраінскай мове зьявяцца на агульнанацыянальным дзяржаўным канале ва Ўкраіне. Да гэтага перадачы Euronews можна было пачуць на дзевяці мовах.

Аб запуску кароткіх выпускаў тэлеканалу на ўкраінскай мове на Першым Нацыянальным (структура нацыянальнай тэлевізійнай кампаніі Ўкраіны — НТКУ) было абвешчана пад час сустрэчы прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі з выканаўчым дырэктарам Euronews Філіпам Кайла.


Адзін зь сюжэтаў расейскага Euronews. Для запуску ўкраінскай вэрсіі тэлеканалу спатрэбяцца 30 журналістаў

Па словах Філіпа Кайла, наступным крокам супрацоўніцтва паміж НТКУ і Euronews павінна стаць праца над поўнай украінскай вэрсіяй падначаленага яму канала.

«Гэты праект — адна з маленькіх старонак нашай эўраінтэграцыі, бо гэта тое, што можа зьвязаць нас цясьней — у адзіную інфармацыйную прастору», — перадае словы Віктара Юшчанкі прэсслужба прэзыдэнта.

Раней Юшчанка даручыў НТКУ, Міністэрству замежных спраў і Міністэрству фінансаў да 2009 правесьці кансультацыі з Euronews аб пачатку трансьляцыі ўкраінамоўнай вэрсіі тэлеканалу. У 2005 году НТКУ набыла 1% акцый Euronews.

Штуршком для такога кроку, па словах прэзыдэнта НТКУ Васіля Ілашчука, стала «газавая вайна» паміж Украінай і Расеяй. У прыватнасьці, Ілашчук спаслаўся на неаб’ектыўнае, на яго думку, асьвятленьне інфармацыі расейскай вэрсіяй канала Euronews.

Па словах Філіпа Кайла, стварэньне 24-гадзіннай вэрсіі Euronews па-ўкраінску каштуе 10 мільёнаў эўра. Але з-за асаблівага стаўленьня да Ўкраіны, украінская вэрсія каналу будзе каштаваць «усяго толькі» 5 мільёнаў.

НТКУ — дзяржаўная арганізацыя, якая вядзе вяшчаньне на агульнанацыянальным канале і падсправаздачная парлямэнту і прэзыдэнту.

Euronews прызнаны у 20-ці краінах вядучым навінным тэлеканалам па колькасьці гледачоў. Ён мае 8 асноўных вэрсій, у тым ліку арабскую і рускую, а таксама кароткую румынскую. Са студзеня 2010 плянуецца запуск яго турэцкай вэрсіі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0641 seconds.