Пэнсіянэр зьбіраўся лячыцца адварам канопляў

Каля 80 кг канопляў, маку і гашышу знайшлі ў 70-ці гадовага пэнсіянэра зь вёскі Кухто Слуцкага раёну. Паводле інфармацыі МУС, гэта самая буйная партыя наркатычнай сыравіны, якая была канфіскаваная ў краіне ад пачатку году.

Дзядуля, якому ўжо 71 год, вырошчваў каноплі і мак на сваёй прысядзібнай дзялянцы. Супрацоўнікі міліцыі знайшлі ў ягоным доме каля 50 кіляграмаў высушаных і скрышаных канопляў, каля кіляграма сухіх галовак маку і 6 кг гашышнай масы. У двары апэратыўнікамі было знойдзена яшчэ 20 кг сырых канопляў.

Сам пэнсіянэр патлумачыў, што ён зьяўляецца глыбокім вернікам і ў рэлігійнай кнізе вычытаў, што марыхуана дапамагае пражыць у добрым здароўі шмат гадоў. Таму ён вырашыў вырабляць зь яе «гаючую гарбату» і «маладзільныя» сумесі для прыняцьця ваннаў.

У вёсцы пэнсіянэр, які прыехаў сюды 9 год таму, меў славу сьвятога чалавека. Як распавялі мясцовыя жыхары, да яго ўвесь час прыяжджалі машыны, а ён іх хрысьціў вадой і чытаў малітвы.

Зараз пэнсіянэр зьмешчаны ў ізалятар часовага ўтрыманьня, і яму пагражае да 13 гадоў турмы.

Ці дапамог гаючы адварчык пэнсіянэру, не паведамляецца.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0726 seconds.