The Prodigy «разагрэе» Юра Дземідовіч і ня толькі

Аб’яўлена поўная праграма «UltraMusicFestival», які адбудзецца 5 кастрычніка на менскім стадыёне «Дынама». У межах 5-гадзіннага фэстывалю, хэдлайнэрам якога будуць The Prodigy, таксама выступяць прадстаўнікі самых розных напрамкаў альтэрнатыўнай музыкі.

 

На сцэну выйдуць вядомыя ня толькі ў Беларусі, але і за мяжой беларускія выканаўцы: 4Kuba, Access Denied, The Playfellow, «Куклы» і Drum Ecstasy. Кампанію ім складуць расіяне The Amatol, якія ўжо некалькі разоў выступалі перад The Prodigy ў Расіі і Прыбалтыцы, а таксама непараўнальны праект Dub FX зь Вялікабрытаніі, які складаецца з усяго аднаго чалавека — вулічнага музыканта і бітбоксэра Бэнджаміна Стэнфарда. Ён не выкарыстоўвае музычных інструмэнтаў, а «канструюе» музыку толькі за кошт сваіх галасавых зьвязак, сэмплеру і пэдалі эфэктаў — гэта ўнікальная музыка і ўнікальнае відовішча! Завершыць праграму паўтарыгадзінны выступ The Prodigy.

«У фэстывалі сапраўды моцны склад, — лічыць Марына Чаброўская, адзін з арганізатараў мерапрыемства. — Парадаксальна, але многія з гэтых калектываў лепш вядомыя за мяжой, чым у роднай Беларусі. Напрыклад, 4Kuba і Access Denied актыўна гастралююць па Эўропе, выпускаюць там запісы, іх трэкі трапляюць у плэйлісты самых вядомых ды-джэяў сьвету. Або The Playfellow — восеньню яны павінны выпусьціць альбом на Rocstar Recordings, уладальнікам якога зьяўляецца вядомы брытанскі ды-джэй і прадусар Cut La Roc. Дыстрыб’ютарам альбому стане Universal Music».

Адным з галоўных сюрпрызаў фэстывалю павінен стаць выступ юнага Юры Дземідовіча, аўтара і выканаўцы знакамітага «Чароўнага трусіка», які паставіў на вушы ўвесь постсавецкі Інтэрнэт.

«Мы хацелі ня проста зладзіць нейкую электронную тусоўку з прадказальным сьпісам артыстаў, а паказаць людзям розную цікавую музыку, якая ёсьць у нашай краіне і ня толькі. Таму на адну сцэну выйдуць і электроншчыкі, і рокеры, і прадстаўнікі рознага роду альтэрнатывы. Напрыклад, абсалютна неверагодны праект Dub FX, — распавядае Марына. — Юра Дземідовіч, на наш погляд зьяўляецца важнай часткай сучаснай беларускай музыкі. Ён адной песьняй зрабіў больш чым многія нашы артысты за ўсю кар’еру. Ён непараўнальны».

Падрабязная інфармацыя пра праграму фэстывалю, яго ўдзельніках — на афіцыйным сайце UltraMusicFestival.

  • The Prodigy — хэдлайнэры UltraMusicFestival
  • 5 кастрычніка
  • Менск, стадыён «Дынама»
  • Квіткі: танцпляц — 90 тыс. руб, фан-зона — 180 тыс. руб., сэктары — 90–150 тыс. руб.
  • Даведка: (029) 666-56-48

Паводле прэс-рэлізу

13:00, 09/09/2009 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1414 seconds.