«Піўная газэта» зьявіцца ў Беларусі

Новае выданьне «для вольнага часу» «Піўная газэта» нядаўна зарэгістраванае Міністэрствам інфармацыі. Гэта першае за доўгія гады наноў паўсталае незалежнае папяровае выданьне, якое можа зацікавіць маладую частку аўдыторыі. Асаблівую пікантнасьць газэце надае постаць яе галоўнага рэдактара. Ім стаў Паўлюк Канавальчык — рэдактар зачыненых у 2003 культавых «Навінак».

«Калі ўвесну ўзьнікла ідэя зарэгістраваць новую газэту, перад намі паўстала дылема — адраджаць „Навінкі“ ці рабіць нешта новае? У выніку мы вырашылі, што ня варта двойчы спрабаваць увайсьці ў адну „раку“, і прыдумалі „Піўную газэту“ — выданьне ПРА піва і ПАД піва», — распавёў прэс-службе Беларускай асацыяцыі журналістаў  галоўны рэдактар новага выданьня Паўлюк Канавальчык.

Тыя, хто яшчэ памятае канец 90-ых — пачатак 2000-ых, ведаюць спадара Канавальчыка як рэдактара папулярнай тады ў моладзевым субкультурным асяродку палітыка-сатырычнай газэты «Навінкі». Само выданьне ў выніку стала каталізатарам стварэньня ўласнай субкультуры.

 У 2003 годзе «за парушэньне маральных нормаў грамадзтва» і «абразу прэзыдэнта» газэце былі вынесеныя папярэджаньні, пасьля чаго выданьня ня стала. Каманда занялася відэа-праектамі, стварыўшы, напрыклад, відэакомікс «Гудбай, Бацька!». Цяпер аб «Навінках» нагадвае бадай толькі плынь свабоднага трызьненьня ў Сеціве, альбо «Аддзяленьне інтэнсіўнай тэрапіі», якое так і ня стала паўнавартасным сайтам.

Сацыяльная рэкляма на старонках газэты «Навінкі». 2001 год.

Творчы калектыў «Піўной газэты» складаецца з рэдакцыі і чытачоў газэты «Навінкі». «Але хачу адразу падкрэсьліць: наўпроставых паралеляў з „Навінкамі“ праводзіць ня варта», — кажа Канавальчык. — «Гэта новы праект, у новых рэаліях, на новым узроўні. Можна сказаць — той жа дух, але ў новым целе. Газэта будзе вясёлая. Думаю, што яна зацікавіць аматараў ня толькі піва, але таксама вострага слова і іранічнага погляду на нашу рэчаіснасьць».

«У „Навінках“ мы займаліся пытаньнямі палітычнай псыхапатыі, а цяпер засяродзімся на побытавым алькагалізьме і яго ўплыве на беларускую мэнтальнасьць».

«Самае важнае сёньня — стварыць вакол выданьня свой „клюб“, сваю субкультуру. Заручыцца падтрымкай тых, каму будзе неабыякавы далейшы лёс газэты. Я лічу, рабіць прэсу для выпадковага чытача — гэта ўчорашні дзень», — дадае спадар Канавальчык.

Плянуецца, што першы нумар «Піўной газэты» пабачыць сьвет ужо ў верасьні. Заяўлены наклад выданьня — да 10 тысяч асобнікаў. Выходзіць яно будзе двойчы на месяц, на дзьвюх мовах (беларускай і рускай), фарматам А3, у колеры. Папярэднія перамовы з друкарнямі ўжо вядуцца.

Паводле сайту БАЖ

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1085 seconds.