ПРЭС фатаграфія Беларусі: маладая і дзёрзкая

Выстава з амбітнай назвай «Маладая ПРЭС фатаграфія Беларусі» адчынілася ў Менску. Ня менш амбітныя за назву маладыя фатографы прывезьлі на выставу свае лепшыя, часьцяком нефарматныя для СМІ Беларусі здымкі.

Але на сьценах кінатэатру «Перамога», дзе разгарнуліся майстры аб’ектыву, усё роўна хапала незанятай прасторы.

Год таму фатограф Андрэй Лянкевіч заснаваў курсы па фотажурналістыцы, якія паспрыялі ўзьнікненьню суполкі маладых фатографаў. І цяпер здымкі гэтых напорыстых, а месцамі ўжо і прафэсійных рэпарцёраў трапілі на сьцены «Перамогі». Сярод аўтараў нядрэнна паезьдзіўшай па сьвеце выставы як добра расьпіяраныя ў Сеціве Антон Матолька ды Андрэй Лянкевіч, так і, магчыма, менш вядомыя рэпарцёры з рэгіёнаў.

Агульная тэма выставы — рэпарцёрскія фота, клясічныя задача якіх — паказаць рэчаіснасьць такой, якой яна ёсьць. Акрамя свайго маладога рэпарцёрскага паходжаньня фотаздымкі на выставе не зьвязаныя, бадай, нічым. Некаторыя фота публікаваліся ў папяровай прэсе і Сеціве, а некаторыя так і ня трапілі ў СМІ з-за нефарматнасьці.

«Гэта паказ тых здымкаў, большасьць зь які, на жаль, ня могуць зьявіцца ў выданьнях, дзе мы працуем, бо гэта не фармат, — кажа Андрэй Лянкевіч. — Часопісаў мала, а вакол нас не зусім газэтная фатаграфія».

Як адзначыў удзельнік выставы Антон Матолька, некаторыя здымкі на сацыяльную тэму ня трапілі на сьцены кінатэатру, бо «у страха вялікія вочы».

«Але ўсё роўна трэба казаць і паказваць сябе, дэманстраваць, што мы працуем і робім нешта, — кажа Андрэй Лянкевіч. — Выстава — гэта паказ нейкага канчатковага прадукту. Гэта заўсёды выклік на нейкую рэакцыю».

«Не хапае людзей і кампаній, якія б маглі спансаваць прыезды замежных журналістаў, бо іх вопыт і веды вельмі патрэбныя нам», — кажа фатограф Антон Матолька, які даволі хутка стаў пазнавальным дзякуючы блогерскай дзейнасьці і працы на буйнейшы беларускі партал.

Выстава, упэўненыя фатографы, — толькі пачатак. 

«Магчыма, праз год усё будзе зусім інакш і гэтыя ж здымкі мы здолеем убачыць, напрыклад, у Палацы Рэспублікі, разам з тымі здымкамі, што зараз ляжаць у каморы. Чаму б і не?» — марыць Антон Матолька. 

Пасьля мудрых урачыстых словаў сівавалосых мэтраў беларускай фатаграфіі ініцыятар выставы Андрэй Лянкевіч дзёрзка зьвярнуўся да маладняка:

«Ніколі ня варта баяцца рабіць нешта. І будзьце першымі. Гэта ў Беларусі так лёгка».

Выстава працуе на працягу месяца з 12:00 па 20:00 у кінатэатры «Перамога», г. Менск, вул. Інтэрнацыянальная, 20.

Фота Julia_Fox і ня толькі

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2186 seconds.