Парсюк за кратамі

Адзіная сьвіньня, якая жыве ў Аўганістане, была зьмешчаная ў карантын з-за боязі сьвінога грыпу. Цяпер суседзі парсючка — алені і казлы — бавяць сьпякотныя травеньскія гадзіны ў адзіноце.

Нябачная, але надта пужаючая эпідэмія сьвінога грыпу дабралася да ўзгоркаў Гіндукушу. Дырэкцыя заапарку Кабулу, сталіцы Аўганістана, вырашыла зьмясьціць адзінага на ўвесь ісламскі Аўганістан парсюка ў карантын.

Парсюка ня выратавала ні цалкам ісламскае імя Ханзыр, ні яго заморскае паходжаньне: калісьці Ханзыр быў падараваны кабульскаму заапарку Кітаем.

Як распавёў Бі-бі-сі дырэктар заапарка Азіз Гуляў Сакіб, Ханзыр цалкам здаровы:

«Мы перасялілі яго толькі таму, што аўганцы дрэнна інфармаваныя пра сьвіны грып, таму, калі яны бачаць сьвіньню, яны хвалююцца і думаюць, што могуць захварэць».

Парсюка перавялі ў прасторнае памяшканьне зь вялікай колькасьцю вокнаў. Азіз Гуляў Сакіб спадзяецца, што карантын працягнецца ўсяго некалькі дзён.

Дырэктар заапарка прызнае, што быць адзінай сьвіньнёй у Аўганістане ня надта зайдросны лёс. Таму ён спадзяецца бліжэйшым часам знайсьці для Ханзыра сяброўку.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0986 seconds.