Карлас Шэрман і Максім Багдановіч абмеркавалі найноўшыя творы Эдгара Алана По

Адбылася гэта выдатная падзея ў межах галя-канцэрту фіналістаў конкурсу маладых літаратараў, што прайшоў у мінулы ўік-энд у музэі Багдановіча. У будучыню беларускай літаратуры з натхненьнем паглынуўся Generation.bY.

«Ах, Жыгімонт, ты рэнэсансны эма!» — аўтарытэтна сьцьвярджае адзін з фіналістаў конкурсу, нясьвіскі паэт, гістфакавец Віталь Быль.

Віталю, магчыма, прыпалі да сэрца словы аднаго зь сябраў журы конкурсу, паліглёта і палітыка Лявона Баршчэўскага, які заявіў на пачатку імпрэзы, што «беларуская літаратура чакае тых, хто зьдзівіць сьвет».

І Віталь, не паверыце, зьдзіўляе. Пакуль, праўда, журы. Разам зь, як мінімум, 19 маладымі творцамі, якія сталі пераможцамі конкурсу маладых літаратараў імя Карласа Шэрмана. Яны былі выбраныя з 77 маладых паэтаў, эсэістаў і перакладчыкаў мастацкай літаратуры, якія даслалі свае працы на конкурс. Вызначалі фіналістаў Валянцін Акудовіч, Лявон Баршчэўскі, Барыс Пятровіч, Марыя Мартысевіч і Андрэй Хадановіч.


Маладая паэтка Іна Заікіна ўразіла журы 

«Гэты конкурс — частка даўняй палітыкі Беларускага ПЭН-цэнтру, — кажа старшыня ПЭН-цэнтру, паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч. — І праходзіць ён у пяты раз».

«Наша мэта — сабраць найбольш цікавых, здольных, пажадана, нераскручаных маладых, але таленавітых літаратараў, адкрыць новыя імёны».


Хуліганка і правакатарка-трасяначніца Анка Ўпала пераклала,
па меркаваньню  Хадановіча, «архіцікавае ангельскамоўнае апавяданьне»
 

Пераможцы былі запрошаныя на шэраг майстар-клясаў, а таксама на ўзнагароджаньне ў Менск.

«Конкурс меў патрона галоўнага, Карласа Шэрмана, і сьвятога — Эдгара Алана По, якому сёлета споўнілася б 200 год», — распавяла паэтка і журналістка Марыйка Мартысевіч.

Таму імпрэзу, як дадаў Хадановіч, цалкам можна было б апісаць словамі «Карлас Шэрман і Максім Багдановіч абмеркавалі найноўшыя творы Эдгара Алана По».


Віталь Рыжкоў чытаў на імпрэзе амэрыканскіх слэмэраў 

Як адзначыла Марыйка Мартысевіч, «мы выбіралі 20 самых моцных аўтараў»:

«Вельмі прыемна, што атрымаўся «гарманальны балянс»: дзесяць пераможцаў былі выбраныя сярод аўтараў арыгінальных тэкстаў, і 10 сярод перакладчыкаў».


Гурт ZnaROCK, запрошаны падтрымаць літаратараў, таксама раскрыў тэму эма 

На конкурсе віталіся пераклады на беларускую твораў Эдгара Алана По. Але ня ўсе перакладчыкі зьбіраліся аддаць творчасьці амэрыканскага пісьменьніка доўгія зімовыя ночы:

«Адзін умелец узяў клясычны пераклад аднаго твора По на расейскую і з дапамогай праграмы «Белазар» стварыў пераклад на беларускую. У стваральнікаў Белазару быў вялікі шанец стаць пераможцамі нашага конкурсу», — прыгадвае Марыйка.


Андрэй Хадановіч убачыў у наведвальнікаў імпрэзы "падазрона разумныя вочы".

«Конкурс — адно з найцікавейшых здарэньняў у маладым літаратурным працэсе. І, як бачна, на фінальную імпрэзу зьбіраецца вельмі інтэлігентная, элітарная публіка», — кажа Андрэй Хадановіч.

«Па выніках конкурсу мы спрабуем рабіць літаратурнае турнэ. Колькі разоў выступіць у Менску і праехацца з пераможцамі па ўнівэрсытэцкіх гарадах Беларусі. Гэта добрая самапрэзэнтацыя для маладых літаратараў».

Арганізатары плянуюць выдаць традыцыйны зборнік твораў пераможцаў конкурсу.

Аўтар фота: erica_nightmare

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0655 seconds.