У Кеніі масава пратэстуюць студэнты

Адзін студэнт загінуў і некалькі параненыя пад час студэнцкіх пратэстаў ва Ўнівэрсытэце Кеніята ў Кеніі. Пратэсты выбухнулі з-за штрафных санкцыяў адносна студэнтаў, пераносу даты сэсіі і роспуску студэнцкага зьвязу.

 
Студэнцкія пратэсты ў Кеніі

Студэнцкія пратэсты разгарэліся ў сакавіку, пасьля таго, як навучэнцам было адмоўлена ў сустрэчы зь кіраўніцтвам унівэрсытэта. Адказнасьць за пратэсты студэнты ўскладаюць на прафэсарку Olive Mugenda, якая кіруе Ўнівэрсытэтам Кеніята ўжо 3 гады. У выніку пратэстаў унівэрсытэт зачынены на нявызначаны тэрмін.

Прафэсарка Mugenda сьцьвярджае, што пратэсты былі арганізаваныя людзьмі, якія дрэнна знаёмыя зь яе дзейнасьцю і настойлівасьцю.

Гэта ўжо другая спроба зачыніць унівэрсытэт, дзе навучаецца 23 тысячы студэнтаў. Першы раз унівэрсытэт быў зачынены з-за пратэстаў у сувязі з адказам кіраўніцтва працягнуць тэрмін аплаты за навучаньне для 2000 тысяч студэнтаў. У выніку студэнты запатрабавалі сустрэчы з прафэсаркай Mugenda, у якой было адмоўлена.

Тады студэнты кінулі лекцыі і распачалі пратэсты. Цягам сутычак з паліцыяй, якая была неўзабаве выкліканая, яны перакрылі прылеглую аўтатрасу, зруйнавалі галоўную браму ўнівэрсытэту і дэмантавалі ўнівэрсытэцкую шыльду.


У часе акцыяў пратэсту ў сутарэньнях унівэрсытэту выбухнула каністра з сьлезатачывым газам

Празь дзесяць дзён пасьля сканчэньня першага этапу пратэстаў на кожнага студэнта ўнівэра быў накладзены штраф у 1000 шылінгаў ($13 даляраў) за матэрыяльную шкоду, а студэнцкая асацыяцыя Ўнівэрсытэту Кеніяты (KUSA) была распушчаная.

Студэнты палічылі, што брама каштуе меней за амаль $30 000, якія адміністрацыя спрабавала спагнаць са студэнтаў. Распачаліся новыя пратэсты, у тым ліку і супраць абвешчаных тэрміновых іспытаў.

Гэтым разам рэакцыя студэнтаў была мацнейшай. Яны распачалі атакі на кампусы, студэнцкія і адміністратыўныя. Але і тут прага да ведаў перамагла: зараз студэнтаў абвінавачваюць яшчэ і ў крадзяжы 200 кампутараў.

У выніку рэакцыі паліцыі студэнты былі выбітыя з тэрыторыі ўнівэрсытэту, у тым ліку і з выкарыстаньнем баявых патронаў, што прывяло да гібелі аднаго з навучэнцаў.


Кенійская паліцыя ў адмысловай амуніцыі гатовая к разгону дэманстрантаў

Унівэрсытэт Кеніята быў заснаваны ў 1985 годзе і зьяўляецца другім па колькасьці навучэнцаў у краіне.

Паводле University World News, фота - jamiiforums.com

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0697 seconds.