«НАИВ»: «Нашыя 20 год адзіноты» — у Менску прайшоў разьвітальны канцэрт легенды расейскага панк-року

НАИВ

«НАИВ» зьявіўся ў маім зямным жыцьці год 15 таму, калі мы з сябрамі-нефармаламі школьнага ўзросту насіліся з аднаго канца Менску ў другі ў пошуках новай аўдыёкасэты. У тыя часы яшчэ была на постсавецкім TV «Праграма, А», дзе можна было пачуць усё: ад гурта Н.О.М. да Rage Against The Machine, нават «Крама» там была…

20 сакавіка 2009 году. Зямля. Беларусь. У менскім R-club — разьвітальны канцэрт легендарнага на ўсёй постсавецкай прасторы панк-гурта «НАИВ».

Спачатку аб тым, чаму ваш касьмічны госьць вырашыў наведаць менавіта гэтае мерапрыемства. Сусьвет мае вялізны кодэкс непарушных законаў, якія дзейнічаюць ад пачатку пачаткаў і будуць дзейнічаць да канца існага. Адзін зь іх — закон замыканьня кола. Адпаведна яму любая падзея, зьява заўсёды мае свой пачатак і свой лягічны канец. Кола заўсёды павінна замыкацца. Гэтае тычыцца ўсяго, усё вяртаецца туды, адкуль выйшла, у тым ліку дзейнасьць рок-гурта.

«НАИВ» у Менску ў пачатку 90-х

«НАИВ» зьявіўся ў маім зямным жыцьці год 15 таму, калі мы з сябрамі-нефармаламі школьнага ўзросту насіліся з аднаго канца Менску ў другі ў пошуках новай аўдыёкасэты. У тыя часы яшчэ была на постсавецкім TV «Праграма, А», дзе можна было пачуць усё: ад гурта Н.О.М. да Rage Against The Machine, нават «Крама» там была.

На парэштках «саўка» выступалі такія ўплывовыя культавыя артысты, як Sonic Youth, у Менск маглі заехаць, напрыклад, легенды амэрыканскага олд-скул хардкору Мillion Of Dead Cops, мы ж яшчэ і насамі круцілі — ісьці ці не ісьці, купляць ці не.

Здаецца, менавіта на адным з такіх канцэртаў я і пабачыў упершыню «НАИВ». Імпрэза адбывалася у актавай залі «ін’язу», разаграваў публіку перад «НАИВам» беларускі гурт з назовам «ББ». Цікава тое, што гітарыстам ББ тады быў небезьвядомы зараз Ягор Хрусталёў.

Прайшло ўжо шмат гадоў, нехта зрабіў імклівую кар’еру на дзяржтэлеканале, а нехта так і застаўся са сваімі прынцыпамі і ідэаламі на бруднай рок-сцэне. «Кожны абірае па сабе, — яшчэ адзін закон Космасу. — Кожнаму свой шлях». «НАИВ» засталіся і вось зараз сыходзяць у «творчы адпачынак» на нявызначана доўгі тэрмін. Таму не прыйсьці на іх «разьвітальны» канцэрт я проста ня мог.

Разьвітальны канцэрт «НАИВ» у Менску

НАИВ 

R-club. Тое, што мерапрыемства будзе масавым, было зразумела яшчэ на падыходах да клюбу. Зямлянаў было вельмі шмат. Розныя: прыгожыя (і не зусім) дзяўчаты, п’яныя, цьвярозыя, зь іракезамі, з эма-чубамі хлапцы. Народ бадзяўся, паліў, піў піва ў чаканьні. Калі грошаў на «прыемныя парокі» не хапала, публіка пускалася на прадказальныя і даўно састарэлыя трукі кшталту «Дайце грошаў на квіток дадому» ці «Дапамажыце панку з Харьківу». Прычым калі ваш марсіянскі агент казаў такім «украінцам» традыцыйны лёзунг «Слава Украіне!», «харкаўчане» губляліся і ня ведалі, што трэба адказваць — нешта бубнелі сабе пад нос і зьнікалі.

Карацей, на канцэрт хацелася тут усім, усім хацелася адарвацца. Даволі ж спрэчная па інтэр’еры і аздабленьні заля клюбу ўжо добразычліва сустракала вялізным банэрам «НАИВ» па-за сцэнай і «калякасьмічным» гукавым інтра, што было іншаземным істотам асабліва прыемна.

Варта адзначыць, што такога доўгага па часе ўступу марсіянскаму агенту яшчэ чуць не прыходзілася. «Фон» гучаў хвілінаў 15, пад час яго публіка гучна клікала музыкаў на сцэну ці хорам сьпявала «наіваўскія» песьні. Вельмі правільны ход — яшчэ больш «падагрэць» і так «падагрэтую» публіку. Што важна, на гэтым канцэрце ўвогуле панавала нейкая незвычайная для беларускіх шыротаў цэласнасьць сярод гледачоў. Не, выпадковыя людзі, канешне, тут былі, але збольшага хаця б з апошнімі песьнямі гурта зямляне тут былі знаёмыя.

Мы з калегамі папівалі зямныя напоі і ў чаканьні выхаду музыкаў рабілі стаўкі, зь якога твору яны пачнуць свой сэт. Пачалі з песьні з назовам «Иллюзия свободы», што ў сучасных рэаліях гучыць вельмі дарэчы. Цікавы факт — маскоўскі панк-гурт сьпявае вострасацыяльную песьню пра расейскую рэчаіснасьць, а беларусам яна здаецца «у дошку» сваёй.

НАИВ 

Першая песьня, і ўсе прадказальна «на вушах». Зямны натоўп бязглузда раве і скоча са сцэны на рукі сабе падобных абарыгенаў і ва ўласным вар’яцтве практычна не заўважае праблемаў з гукам. Музыка гучыць практычна толькі з манітораў і комбікаў музыкаў, у залі гуку моцна бракуе, але «НАИВ» грае так, быццам усё ў парадку, быццам усё «зэ бэст». Адзін з гітоў гурта песьня «Вася» прыкладна пасьля першага куплету гучыць пад амаль бязгучныя бубны, бо гук увогуле зьнік. Не працуюць нават мікрафоны, і вакаліст «НАИВа» Чача, склаўшы далоні «лодачкай», нешта кажа зямлянам пад сцэнай, супакойвае іх. Тут жа ну вельмі калярытны «наіваўскі» бубнач Дзьмітры «Снэйк» Хакімаў, падобны адначасова і да графа Дракулы і да Эліса Купера, спакойна круціць у пальцах палачкі і грукоча песьню далей, бы Пярун. Публіка, асабліва дзяўчаты, проста не могуць ад яго вочы адарваць, таму і на гук па вялікім рахунку ніхто не зважае.

НАИВ 

«НАИВ» грае пару песень, пасьля сыходзіць кудысьці са сцэны, нешта падкручвае, выціраецца ручніком і грае далей. Так паўтараецца на працягу ўсяго канцэрту, з-за чаго губляецца «дынаміка» выступу, але гурт усё ж выступае і са сцэны не сыходзіць. Масквічы граюць для сваіх слухачоў, для тых, хто заплаціў грошы за права пабачыць «разьвітальны» канцэрт гурта. Без «пантоў» тут прафэсіяналізм і вера ў сваю справу.

Гурт грае свае лепшыя песьні за 20-гадовы пэрыяд. Са сцэны гучыць новая песьня «20 лет одиночества», па словах вакаліста гурта Аляксандра «Чача» Іванова, гэты твор напісаны як адказ на пытаньне, чым гурт жыў усе гэтыя гады і чаму сыходзіць «на адпачынак». Шчыра раю паслухаць гэтую песьню ўсім думаючым мясцовым музыкам, але гэты твор будзе цікавы ня толькі для музыкаў, бо песьня ўвогуле пра жыцьцё, ну, можа быць, пра жыцьцё з пункту гледжаньня музыкі. Прыемна — ніхто яшчэ ня ведае словаў «20 лет одиночества» а скончваецца песьня практычна авацыямі. Нехта нават засумаваў, бо правеў паралелі з сабой, бо нікуды ты ад падобных «прыгодаў» не падзенесься, калі гэта твой шлях, калі так наканавана.

НАИВ 

Гурт «НАИВ» разыходзіцца. Нехта далей будзе дзесьці граць, нехта не, Чача сыходзіць гадаваць сваіх дзяцей (вось вам і punk-destroy!). Канешне, гэта сумна, і хаця музыкі трымаюцца на сцэне вельмі ўпэўнена і бадзёра, бачна, што і ім нявесела ад гэтага. «Сэ лі ві», як яны ж і сьпяваюць. Гэтую песьню Чача прысьвячае сваёй жонцы, што яшчэ болей пашырае яго разуменьне словазлучэньня «панк-рокер». Ну, а як жа? Чалавек скоча са сцэны, мацюгаецца, гучна раве пад гітарныя рыфы і пры тым, «не губляючы свайго твару», сыходзіць у «спакойнае» жыцьцё, як кажуць, да агульначалавечых каштоўнасьцяў.

НАИВ 

Песьня за песьняй, баявік за баявіком — так на працягу амаль дзьвюх гадзінаў. Канешне ж, «біс», канешне ж, выкананьне песьні «Моё сердце (не остановилось)», зноўку ж песьня пра каханьне, авацыі, крыкі, братаньне за руку. І ніякага патасу «апошняга» канцэрту. Гурт спакойна пакідае сцэну, якой аддаў 20 год адзіноты. Кола замкнулася.

ЗЫ. Спадзяюся, што «НАИВ» яшчэ вернецца і мы падзелім зь імі хоць і ўсе 100 год адзіноты!

ПРА АЎТАРА

Buzzika 

 

Нарадзіўся на Дэймасе 200 000 год таму, але ў раньнім дзяцінстве з бацькамі пераехаў на Марс, дзе і вырас. Пасьля школы па разьмеркаваньні трапіў на Тытан, адкуль і быў з дапамогай аптычна-люстэркавай сыстэмы (АЛС) зь сям’ёй і калегамі адпраўлены на Зямлю. У Беларусь патрапіў таму, што яшчэ з савецкіх часоў гэтая краіна спэцыялізуецца на оптыцы ў вытворчасьці дэталяў касьмічных караблёў. Праз АЛС сюды накіраваць было прасьцей.

Імя buzzika не сапраўднае, сапраўднае немагчыма паўтарыць не на адной зямной мове з-за асаблівасьцей марсіянскага маўленчага апарату, але buzzika — найбольш блізкае па гучаньню да сапраўднага імя. Тое ж самае і са зьнешнасьцю. Зьнешне buzzika выглядае як чалавек, але гэта зроблена для зручнасьці камунікацый тут, на Зямлі. Насамрэч buzzika нагадвае зямнога ката. Сапраўдная місія buzzika на Зямлі засакрэчана.

Болей здымкаў з выступу «НАИВ» — у фотарэпартажы

Buzzika 13:10, 23/03/2009 | Рэпартажы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0575 seconds.