«Якасны беларускі кліп каштуе, як майткі Пэрыс Хілтан»: 28 сьнежня прайшоў «Кліп-Марафон-2008»

28 сьнежня на менскай сядзібе партыі БНФ адбылося ўручэньне першай прэміі беларускага музычнага відэа «Кліп-Марафон-2008». Першапачаткова прэмію плянавалася правесьці 14 сьнежня ў клюбе «Акварыюм», але дату і месца давялося зьмяніць з прычыны пазбаўленьня клюба ліцэнзіі на правядзеньне забаўляльных мерапрыемстваў.

За лепшыя кліпы ў трох намінацыях галасавалі прысутныя гледачы, а лепшы кліп 2008 году абраны аргкамітэтам прэміі. Фота і падрабязнасьці правядзеньня імпрэзы — у артыкуле.

Прэмія ладзіцца ўжо другі год запар. Нагадаем, у «Кліп-Марафоне» бяруць удзел відэа толькі на беларускамоўныя песьні, бо, як патлумачылі Generation.bY арганізатары, «у расейскамоўных кліпах беларускай вытворчасьці асацыятыўная сувязь зь Беларусьсю выражана ня так моцна». Такім чынам, адзначаныя на многіх замежных фэстах кліпы «Ляпіса Трубяцкога» у першай беларускай прэміі музычнага відэа ня ўдзельнічаюць.

Арганізацыя імпрэзы

Пачатак быў прызначаны на 17.00, але на гэты момант гледачоў прыйшло падазрона мала — усяго толькі 23 чалавекі. Як патлумачыў ініцыятар і арганізатар прэміі, па сумяшчальніцтве старшыня падліковай камісіі і старшыня аргкамітэту Міхал Нядзьвецкі, «на некаторых сайтах — інфармацыйных партнэрах пачатак быў заяўлены на 18:00», таму імпрэзу давялося пачаць са спазьненьнем на 45 хвілінаў. Трошку ж пазьней на працягу паказу рарытэтных кліпаў і кліпаў-пераможцаў «КліпМарафону 2007» прэзэнтацыйная заля сядзібы была цалкам запоўненая.

Хоць арганізатары чакалі шматлікіх гасьцей і наведвальнікаў, зьмена месца заўважна паўплывала на колькасьць і камфорт гледачоў, якія, аднак, пасьля пераносу мерапрыемства мелі права вольнага ўваходу.

Фармат і парадак правядзеньня

Вядучым вечара выступіў адзін з арганізатараў прэміі Франак Вячорка. Запрошаныя экспэрты — журналіст, публіцыст, музычны крытык і аналітык Анатоль Мяльгуй; журналіст, пісьменьнік, паэт і аўтар тэкстаў Вітаўт Мартыненка; культуроляг, кінакрытык і журналіст газэты «Наша Ніва» Андрэй Расінскі.

 

Па чарзе адбываўся паказ конкурсных намінацый, традыцыйная дыскусія ці агітацыйная кампанія «за» ці «супраць» таго ці іншага кліпа, пасьля чаго шляхам галасаваньня ўсіх прысутных абіраліся пераможцы. Выбарчая камісія працавала пад час самой імпрэзы, таму ўсе пераможцы былі агучаныя на месцы. Па словах Міхала Нядзьвецкага, прызам для гурта кліпа-пераможцы будуць здымкі новага кліпа маладымі рэжысэрамі, «зь якімі ўжо ёсьць дамова», на прафэсійнай студыі.

Атрымліваць прызы запрашаліся прадстаўнікі гуртоў, зь якіх на імпрэзе прысутнічалі толькі Віктар Рудэнка — лідэр гурта Dali і Ігар Загумёнаў — лідэр гурта ZigZag.

Лепшы кліп 2008 году ў межах «Кліп-Марафону» абіраў сам аргкамітэт прэміі з пазначанымі экспэртамі. Лепшым кліпам 2008 году прызнаны кліп гурта «Крама» «Падае дождж». Ігар Варашкевіч у залі ня прысутнічаў, таму прыз гурту арганізатары перададуць пазьней.

Намінацыі і вынікі галасаваньня

15 кліпаў узялі ўдзел у трох намінацыях «Найлепшая анімацыя», «Найлепшы пэрформанс» і «Найлепшая альтэрнатыва», пераможцамі якіх сталі адпаведна кліп гурта «Троіца» «Тры янгалы», кліп гурта ZigZag «Tanki» і кліп гурта B.N. «Дажджамі». Што арганізатары мелі на ўвазе пад словамі «пэрфоманс» і «альтэрнатыва», яны не патлумачылі, пакінуўшы гэта на ўласнае разуменьне гледачоў. Толькі пасьля падвядзеньня вынікаў галасаваньня Міхал раскрыў закладзены ў слова «пэрфоманс» сэнс, што значыць «з удзелам актораў, іх гульня».

Дыскусія і меркаваньні экспэртаў і гледачоў

На пачатку, ды і на працягу імпрэзы дыскусія праходзіла даволі вяла, таму пачыналі выказвацца спачатку экспэрты.

На думку Анатоля Мяльгуя, лепшая анімацыя ў кліпе Лявона Вольскага «Эўравізія», «пэрфоманс» — гэта «мастацкая дзея», а «у кожнай зьяве трэба шукаць пазытыў. І пазытыў у тым, што беларускія музыкі — маладыя і больш сталыя — адзін аднаму дапамагаюць», як у кліпе гурта ZigZag «Tanki».

Віктар Рудэнка паведаміў, што «якасны беларускі кліп каштуе, як майткі Пэрыс Хілтан», акрэсьліўшы эканамічную сытуацыю, у якой даводзіцца працаваць нашым музыкам.

Па меркаваньні Вітаўта Мартыненкі, выкліканага змрочнасьцю чорна-белых рокавых кліпаў, «беларусы любяць сабрацца і дзяліцца саплямі». «Мы ня ўмеем карыстацца колерамі. А вось гурт B.N. у кліпе «Дажджамі» умее», — выказаўся Мартыненка.

«У нас ёсьць добрыя песьні, але няма добрых кліпаў», — меркаваньні глядачкі з залі.

«Не магу пагадзіцца. Агулам кліпы добрыя. Узровень той жа, што ў кліпаў, якія мы кожны дзень бачым па MTV», — прагучала ў адказ.

«Я чакала большага. Каб кліп быў болей зьвязаны з песьняй. Такой сувязі не пабачыла», — яшчэ адно расчараванае меркаваньне.

«Галасавала за песьні, а не за кліпы. Гатова ўзяць за гэта ўсю адказнасьць», — яшчэ адно выказваньне як сьведчаньне цяжкасьці ацэньваць карцінку асобна ад песьні.

Вынікі праекту

Міхал Нядзьвецкі прэзэнтаваў першую ў Беларусі DVD-складанку зь лепшымі на думку арганізатараў праекту 43 беларускамоўнымі кліпамі апошніх 20-ці год. Асацыятыўна колькасьць кліпаў на дыску зьвязаная з колькасьцю 42 км у марафонскай дыстанцыі, але адзін рарытэтны кліп — «Крама» «Гомельскі вальс» рэжысэра Ягора Хрусталева — бонусны. Гэты кліп, які мусіў трапіць у ратацыю тэлебачаньня ў 1996 годзе, зьнік і доўгі час месца яго знаходжаньня было невядомым. І толькі ў мінулым годзе ён быў знойдзены і патрапіў у складанку, праца над якой працягвалася амаль цэлы год.

Прысутныя на прэзэнтацыі мелі магчымасьць на месцы прыдбаць дыск, а з 2009 году, па словах арганізатараў, складанка будзе распаўсюджаная па крамах.

Намінацыя «Найлепшая анімацыя»

Кліпы-ўдзельнікі:

  • Тацьцяна Беланогая «Да цябе», Крама «Падае дождж», ZigZag «Тры расейскія літары», Троіца «Тры янгалы», Лявон Вольскі «Эўравізія»
  • Пераможца — Троіца «Тры янгалы»

Намінацыя «Найлепшы пэрфоманс»

Кліпы-ўдзельнікі:

  • Neuro Dubel «Жыцьцё», Палац «Кола», Tarpach «Люблю людзей», Partyzone Сьмерці няма, ZigZag «Tanki»
  • Пераможца — ZigZag «Tanki»

Намінацыя «Найлепшая альтэрнатыва»

Кліпы-ўдзельнікі:

  • J-Морс «Адлегласьць», B.N. «Дажджамі», ZigZag «Кастрычнік-2», Крама «Неба», Dali «Неба шэрае»
  • Пераможца — B.N. «Дажджамі»
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0578 seconds.