Troitsa на Каляды: песьні, жарты і экспэрымэнтальны «Жар-жар»

У калядны вечар гурт «Troitsa» прэзэнтаваў у Менску свой трэці альбом «Жар-жар». Нягледзячы на тое, што канцэрт, у адрозьненьні ад новага альбома, быў сыграны толькі ў акустыцы, атмасфэра «шчодрага вечару» разам з касьмічнымі рытмамі музыкі напоўніла к/з «Менск».

У гэты вечар усе чакалі цудаў, і яны былі гарантаваныя: галоўны чараўнік беларускай музыкі, лідэр «Троіцы» Іван Іванавіч Кірчук (калі б у гэтага чалавека былі якія шляхетныя тытулы, ня сомрамна было б і іх прыгадаць тут) стаўся сапраўдным сьвятым Мікалаем вечара. Ён раздаваў падарункі ў выглядзе песень і жартаў і, з дапамогай сваіх незьлічоных званочкаў, жалеек і іншых інструмэнтаў, тварыў чараўніцтва. Нават паўзы цішыні ў кампазыцыях былі напоўненыя нейкай сусьветнай энэргетыкай. Магія лілася па залі.

«З вамі ня доўга і паляцець», — ці то з папярэджаньнем, ці то з канстатацыяй факту зьвярнуўся да музыкаў адзін з гледачоў ужо пасьля другой песьні.

Troitsa 

Новая праграма была прэзэнтаваная толькі часткова. Пасьля саўндтрэкаў да нядаўна прадстаўленага на менскім фэстывалі «Лістапад» фільма «Цень самурая», «Троіца» выканала акустычныя вэрсіі новых кампазыцый «Трыпціх», «Тры Янгалы» і «Удоль па рэчачцы».

Абяцанае новае гучаньне гурту засталося толькі на кружэлцы, бо, як прызнаваўся да канцэрту «Тузіну Гітоў» Іван Іванавіч, «там вельмі складаныя аранжыроўкі і нам давядзецца наймаць яшчэ адну групу музыкаў, каб сыграць усю праграму».

Але акустычныя вэрсіі таго ж «Трыпціху» і «Удоль па рэчачцы» цяжка параўнаць з электроннымі. Калі раней вакал Кірчука пагружаў у мэдытацыйны спакой Сусьвету, то зараз музыка «Троіцы» ўносіць адчуваньне блізкай вайны цывілізацый, з бляскам нараджэньня звышновых і вылучэньнем адпаведнай колькасьці чорнай матэрыі. Цяпер пад музыку «Троіцы» можна ня толькі ўваходзіць у транс, але і добра так слэйміцца.

Troitsa 

«Троіца» заўжды добра выглядала як на малых сцэнах клюбаў, так і на вялікіх фэстах, хоць на апошніх, як на «Вольным паветры», не заўжды атрымлівалася выкарыстоўваць усе каштоўныя інструмэнты. Са зьяўленьнем новага матэрыялу «Троіца» стане яшчэ больш жаданым госьцем на беларускіх музычных фэстах.

Заснаваная «Тройца» была ў 1996 годзе. У 1998 годзе ў Галяндыі выходзіць паўнавартасны першы альбом, названы проста «Троіца». У тым жа годзе ён фактычна распаўся, але ўжо праз год да назвы гурта разам з новым складам дадаюцца словы «этна-трыо». «Троіца» зноў адпраўляецца скараць Эўропу. У студзені 2001 году пачата праца па запісу другога альбому «Журавы», які таксама выходзіць у Галяндыі. Пазьней у гурта зьяўляюцца альбомы «Сэм» (2004) і «Сон-трава» (2008). Гурт — сталы ўдзельнік шматлікіх эўрапейскіх музычных фэстаў, а таксама беларускіх фэстаў «Басовішча» і «Вольнае паветра».

Troitsa 

«Троіца» таленавіта спалучае ў сябе рысы дзікай даўніны і найноўшыя электронныя магчымасьці, быццам будуючы мост аўтэнтыкі з часоў нашых прапрадзедаў у Беларусь дваццаць першага стагодзьдзя. Бяручы цэглу песень з назаўжды згубленага для беларускай культуры «бесчасоўя» дваццатага.

Глядзіце яшчэ 31 фотаздымак канцэрта гурта Troitsa ў к/з «Менск» ў фотаблогу Generation.bY

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0653 seconds.