Google, Yahoo і Microsoft стварылі супольную ініцыятыву для абароны свабоды слова ў Сеціве

Тры буйнейшыя глябальныя кампаніі Інтэрнэта, разам з праваабарончымі арганізацыямі падпісалі днямі доўгачаканае пагадненьне, якое накіраванае на абарону свабоды слова ў Сеціве. Для таго, каб працаваць на вялікіх і пэрспэктыўных рынках краінаў з абмежаваньнямі свабоды слова, раней гэтыя кампаніі пагаджаліся на амаль ўсе ўмовы ад мясцовых уладаў. Пакуль дакладнага мэханізма ў пагадненьні, на жаль, не прапісана. Аднак, дзякуючы супольнай каардынацыі прынцыпаў, інтэрнэт-гіганты змогуць больш упэўнена адстойваць свае інтарэсы, сярод якіх і абарона прыватнай інфармацыі іх карыстальнікаў.

Выданьне The Wall Street Journal паведамляе, што новымі прынцыпамі, якія былі сфармуляваныя больш за два гады таму, тэхналягічныя тытаны абяцаюць абараніць пэрсанальную інфармацыю сваіх карыстальнікаў у незалежнасьці ад таго, як ідзе бізнэс і інтэрпрэтаваць запыты дзяржавы на раскрыцьцё асабістай інфармацыі згодна з сваімі правіламі. 

Раней і Google, і Yahoo, і Microsoft рэгулярна патраплялі пад крытыку з боку праваабаронцаў па прычыне «павагі прыбытку болей, чым права і гонару асобы». 

Google пагадзіўся раней на тое, каб у Кітаі ў выніках пошуку адсутнічалі ўсе тэмы, якія не жадае бачыць мясцовы ўрад. Microsoft і Yahoo неаднойчы выдавалі прыватную інфармацыю сваіх карыстальнікаў кітайскім спэцслужбам, у выніку якой праводзіліся арышты мясцовых дысыдэнтаў і журналістаў.

«Важны першы крок», — так назваў пагадненьне прадстаўнік праваабарончай арганізацыі Human Rights First Майк Познэр.

Больш падрабязная інфармацыя і поўны сьпіс удзельнікаў Global Network Initiative зьмешчаныя на www.globalnetworkinitiative.org.

vojur 14:50, 30/10/2008 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.173 seconds.