Студэнцкая вёска праблему забесьпячэньня інтэрнатамі ня вырашыць

«Цяжка ўявіць, як пяць тысяч студэнтаў выйдуць адначасова на прыпынкі і будуць дабірацца да сваіх навучальных устаноў», — журналістка «Люстра дзён» Галіна Баравая накіравалася ў інтэрнаты БДМУ, каб паразмаўляць са студэнтамі пра ўмовы пражываньня. Свае думкі пра эфэктыўнасьць студэнцкай вёскі ў вырашэньні жыльлёвай праблемы выказвае і прадстаўнік адміністрацыі БДАТУ.


Плян студэнцкай вёскі. Выява з kp.belkp.by.

Чарговыя выбары прэзыдэнта ў Беларусі адбудуцца ў 2011 годзе. Аляксандар Лукашэнка паабяцаў, што да таго часу кожны прыежджы ў Менск студэнт атрымае свой ложак у інтэрнаце. Стаўка зроблена на будаўніцтва так званай студэнцкай вёскі, у падмурак якой нядаўна кіраўнік краіны зацэмэнтаваў сваю цагліну і капсулу са зваротам да нашчадкаў. Як плянуецца, у новай вёсцы некалі будуць жыць 8.740 студэнтаў. Першы інтэрнат на 1030 ложкаў будаўнікі мусяць здаць у 2009 годзе.

Каб спраўдзіць спадзяваньні, накіроўваюся на праспэкт Незалежнасьці. Ля інтэрнату Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту гутару са студэнтамі. Маладыя людзі расказваюць, што будынак пабудаваны ў 1936 годзе. За сем дзесяцігодзьдзяў састарэў і падлягае зносу.

— Жыць нармальна тут немагчыма, — кажа студэнт Зьміцер, — праз шчыліны дзьме вецер, дзьверы вывальваюцца, карыстацца электрычнасьцю небясьпечна.

Узначальвае БДМУ рэктар Павал Беспальчук. Напярэдадні навучальнага году ў інтэрвію журналістам СМІ ён паскардзіўся і на дрэнны стан інтэрнату на вуліцы Чырвоная. Будынак заселены ад 1954 году.

Калі пажарнікі ці спэцыялісты будаўнічай экспэртызы забароняць уваход у аварыйныя будынкі інтэрнатаў на вуліцы Чырвоная і на праспэкце Незалежнасьці, то БДМУ адразу пазбавіцца 700 ложкаў для студэнтаў. А ў чарзе на сёньня і без таго больш як тысячу чалавек. То ці выратуе студэнцкая вёска, дзе мэдычнаму ўнівэрсытэту заплянавана ўсяго 500 месцаў, хаця прасілі больш як тысячу.

Горшыя сумневы абцяжарвае і статыстыка. У 2000 годзе ў БДМУ выпускнікоў менскіх школ было больш як палова. Сёлета з 1.080 першакурсьнікаў толькі 321 менчук. Прыкладна такі ж расклад быў і ў папярэднім годзе. Усе, хто цяпер ідзе вучыцца ў мэдычны за аплату, жыльлё шукаюць самастойна. Дарэчы, новых «платнікаў» у БДМУ сёлета 292…

У Міністэрстве адукацыі Беларусі канстатуюць: за апошнія 12 гадоў колькасьць іншагародніх студэнтаў у Менску павялічылася на 56 працэнтаў. У 1996 годзе іх паступала на першы курс 1.500 чалавек, цяпер — 2.700. Засяліць у інтэрнаты ўдалося толькі 22% першакурсьнікаў. Астатнія сталі ў чаргу.

Яшчэ лічбы. У 2004 годзе ў Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным унівэрсытэце было каля 5 тысяч студэнтаў (разам з завочнікамі). Сёньня ўсіх больш 10 тысяч. І калі ў савецкі час тут давалі ложак у інтэрнаце 9-ці з кожных 10-ці студэнтаў, то цяпер не ўкладваюцца ў 70 адсоткаў.

Прарэктар БАТУ па навучальна-выхаваўчай працы Віктар Корка пераконвае, што нельга спадзявацца на стопрацэнтнае вырашэньне праблемы праз узьвядзеньне студэнцкай вёскі. Ён кажа: цяжка ўявіць, як пяць тысяч студэнтаў выйдуць адначасова на прыпынкі і будуць дабірацца да сваіх навучальных устаноў.

— Прасьцей і таньней, калі свая студэнцкая вёска альбо гарадок будзе ў пэрспэктыве ля асобнай навучальнай установы, — кажа Віктар Корка, — у такім разе не давядзецца траціць час на пераезды двума ці трыма відамі транспарту.

bulletineonline.org

15:00, 25/09/2008 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0824 seconds.