Конкурс у ВНУ Беларусі сёлета склаў 2.1 чалавека на адно бюджэтнае месца
Па папярэдніх дадзеных, у ВНУ першай і другой плыні агулам было пададзена 51114 заяваў. Зь іх на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі — 1753, на навучаньне ў скарочаны тэрмін — 1996, за кошт уласных сродкаў — 3521 заява.
Конкурс на адно бюджэтнае месца ў ВНУ Беларусі склаў у сярэднім 2.1 чалавека, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА кансультант аддзела вышэйшай адукацыі Мінадукацыі Беларусі Марыя Карпенка.
Як і летась, высокая цікавасьць абітурыентаў да спэцыяльнасьцяў тэхнічнага, будаўнічага, тэхналягічнага профіляў, інфармацыйных тэхналёгіяў, энэргетыкі, пра што сьведчыць рост конкурсу і высокія прахадныя балы — ад 190 да 300.
Больш 30% абітурыентаў падалі свае дакумэнты ў апошні дзень прыёму.
Да 2 жніўня будзе ажыцьцяўляцца "рух" дакумэнтаў: 30-31 ліпеня прымаюцца дакумэнты на завочную і вячэрнюю формы навучаньня ад абітурыентаў, якія не прайшлі па конкурсе на дзённую форму за кошт сродкаў бюджэту ў гэтай жа ВНУ, а з 30 ліпеня па 2 жніўня прымаюцца дакумэнты на ўсе формы атрыманьня адукацыі (дзённую, завочную, вячэрнюю) ад абітурыентаў, што падалі першапачаткова свае дакумэнты ў тэрмін з 12 па 23 ліпеня, на ўдзел у конкурсе як за кошт бюджэту, так і на ўмовах аплаты.