1000 выпускнікоў жыве на 23 даляры ў месяц

Намесьнік міністра адукацыі Аляксандр Жук прывёў статыстыку беспрацоўя сярод выпускнікоў — часьцей працу ня могуць знайсьці юрысты ды эканамісты, якія навучаліся на платным. Заплаціўшы ля 5500 даляраў за адукацыю, яны атрымоўваюць ад біржы 23 даляры ў месяц. Таксама ў Беларусі ўводзіцца адзіная схема заключэньня дамовы на навучаньне ў ВНУ на ўмовах аплаты­.­

Пра гэта стала вядома 16 красавіка на рэспубліканскай нарадзе адказных сакратароў прыёмных камісій ВНУ.

У 2007 на біржы працы зарэгістравалася тысяча выпускнікоў ВНУ. Па словах Аляксандра Жука, 83,4% зь іх навучаліся на платным. Пры тым эканамістаў — 349, юрыстаў — 170 і выкладчыкаў — 162.

Летась прыём на бюджэтную форму навучаньня быў скарочаны на 15% па спэцыяльнасьцях «Права», на 18% — «Эканоміка», а таксама на асобныя эканамічныя спэцыяльнасьці. Пры тым намесьнік міністра адукацыі заўважыў:

«Прыём на юрыдычныя і эканамічныя спэцыяльнасьці на ўмовах аплаты ў асобных ВНУ зашкальвае».

Як прыклад прывёў спэцыяльнасьць «Правазнаўства» у Берасьцейскім дзяржаўным унівэрсытэце, дзе на дзённае аддзяленьне ў 2007 былі прыняты 10 бюджэтнікаў і 108 платнікаў

Сярэдні кошт году навучаньня ў беларускай ВНУ — 1100 даляраў. Памер дапамогі беспрацоўнаму — 48 тысяч рублёў

Атрымоўваюць гэтыя 23% адсоткі бюджэту пражыткавага мінімуму 48,8 тысяч чалавек — узровень беспрацоўя ў Беларусі 1,1%.

Беспрацоўе сярод выпускнікоў — не адзінае пытаньне нарады адказных сакратароў. Стала вядомым, што з гэтага года ў Беларусі ўводзіцца адзіная схема заключэньня дамовы на навучаньне ў ВНУ на ўмовах аплаты.

Зацьверджаныя прыблізныя формы дамовы, а таксама распрацаваная інструкцыя: дамовы заключаюцца пасьля прыняцьця рашэньня аб залічэньні студэнта, на падставе гэтага дакумэнта выдаецца загад на залічэньне студэнта на першы курс. Аплата ажыцьцяўляецца пасьля выданьня загада аб залічэньні, тэрмін аплаты — ня меней 15 дзён ад дня заключэньня дамовы.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1026 seconds.