За тры гады студэнцкая стыпэндыя вырасла на 14 даляраў

За апошнія тры гады памер стыпэндыяў у Беларусі павялічыўся ў 1,5 разы. Прыблізна такімі ж тэмпамі рос і бюджэт пражыткавага мінімуму — стыпэндыі абагналі гэты паказчык усяго на два адсоткі. А праезд у гарадзкім транспарце падаражэў для студэнтаў за гэты час у тры разы.­

Пра памеры стыпэндыі распавяла 2 красавіка Лідзія Субоцкая — кіраўніца галоўнага ўпраўленьня сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Міністэрства адукацыі — на паседжаньні пастаяннай камісіі Рады Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і гуманітарных пытаньнях.

Па ейных словах, апошняе павышэньне стыпэндыяў адбылося 1 лістапада 2007 і зараз студэнты-бюджэтнікі атрымоўваюць ад 89,4 тысяч да 143,1 тысячы рублёў. Бюджэт пражыткавага мінімума за тры гады вырас на 48%.

Але на што можна патраціць гэтыя грошы? У бюджэт пражытковага мінімума, які складае ад пачатку бягучага году ў сярэднім 200 080 рублёў, а для студэнтаў — 210 860 рублёў, уваходзяць толькі асноўныя прадукты і паслугі для забесьпячэньня мінімальнага спажываньня. Цэны на іх альбо растуць марудна, альбо рэгулююцца дзяржаваю. 

Напрыклад, у структуры бюджэту пражыткавага мінімума выдаткі на транспарт разам з побытавымі паслугамі прадугледжаныя ў памеры 7,5% — а гэта 15 тысяч рублёў, у той час як праязны на адзін від транспарту каштуе больш за 23 тысячы, то бок — чвэрць стыпэндыі.

У той час, як стыпэндыя ўзрасла ў 1,5 разы за тры гады, праезд у тым жа транспарце з 2005 года павялічыўся ў тры разы.

Адначасова колькасьць бюджэтных месцаў скарачаецца, узровень аплаты за навучэньне няспынна павышаецца. Па словах Лідзіі Субоцкай, стыпэндыі будуць расьці адначасова з павышэньнем заработнай платы ў краіне. І калі для студэнтаў-бюджэтнікаў рост аплаты працы ў Беларусі азначае неістотны дадатак да стыпэндыі, для студэнтаў-платнікаў — значнае павышэньне аплаты.

SlaDa 22:23, 02/04/2008 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0816 seconds.