Найноўшая гісторыя змаганьня супраць студэнтаў з цыгарэтамі

no smokingЗмаганьне з паленьнем у ВНУ вядзецца па ўсёй краіне. Распачынальнікам гэтай справы стаў БДУ, зь яго ўзялі прыклады і іншыя ўнівэрсытэты. Безумоўна ў справе змаганьня супраць паленьня ёсьць два варожыя бакі: студэнты, што паляць, і студэнты, што ня паляць. У большасьці ВНУ адміністрацыя стаіць на пазыцыі зьнішчэньня усіх праяваў паленьня: вынесьці палілкі далёка за межы ВНУ і караць вымовамі ды выключэньнямі тых, хто аслухаецца.

А вось у Магілёўскім дзяржаўным унівэрсытэце імя А.Куляшова (МДУ), на факультэце прыродазнаўства распачаўся праект “Мы супраць палення”. Праект уяўляе сабой пэўнае спаборніцтва – хто хутчэй запоўніць цэлымі цыгарэтамі празрыстыя сметніцы, якія растаўленыя на ўсім факультэце. Пасьля мяркуецца, што ўдзельнікі мэрапрыемства на вачох усіх зьнішчаць сабраныя цыгарэты. Праект супраць паленьня ў МДУ імя А.Куляшова распачало грамадзкае аб’яднаньне “ЭНДА”.

У розных ВНУ змаганьне з паленьнем вядзецца па-рознаму. І мэтады хутчэй самыя радыкальныя. У мэдычным ўнівэрсытэце (МДМУ) палілку зьбіраюцца вынесьці за 300 мэтраў ад тэрыторыі ўнівэрсытэта. І пагражаюць усялякімі санкцыямі да палільшчыкаў-мэдыкаў, якіх на вуліцы ля ўнівэру даволі лёгка пазнаць – яны ўсе ў белых халатах. Падаецца, мэнавіта мэдыкі мусяць разумець, што паленьне – гэта залежнасьць, і звычайнай забаронай ды санкцыямі тут шмат посьпеху ня будзе.

ГрДУ імя Я.Купалы адміністрацыя таксама вырашыла не адставаць ад іншых ВНУ у сьвятой справе змаганьня супраць палільшчыкаў. Было вырашана дазволіць студэнтам паліць толькі за колькі сот мэтраў ад унівэрсытэта. Але студэнты там адстаялі сваё права на паленьне. І на першым паверсе цяпер ёсьць асобны пакой для паленьня. Што даволі зручна тым, хто паліць, а тыя, што ня паляць, абароненыя ад клубоў дыму ля прыбіральняў, як тое было раней.

Але збольшага ўнівэрсытэты абіраюць самы просты шлях: вынесьці праблему падалей ад сваіх вачэй (мэтраў 300-400) і пазбавіць тым самым сябе адказнасьці.Цікавае выйсьце знайшла адміністрацыя Віцебскага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэта (ВДУ). Яна вырашыла абараніць сябе. Таму не зьдзіўляйцеся, калі пабачыце там шыльды “ТУАЛЕТ ЖЕНСКИЙ СТУДЕНЧЕСКИЙ”. Адпаведна ў іх ёсьць “ТУАЛЕТ ЖЕНСКИЙ ПРЕПОДАВАТЕЛЬСКИЙ”. У студэнкцім, значыць, стаіць вэрхал. Затое выкладчыкі ня дыхаюць дымам ад цыгарэтаў. Прынамсі калі дыхаюць, то сваім, выкладчыцкім.

Можа й сапраўды ёсьць нейкая розьніца: студэнцкі дым ці выкладчыцкі?

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.076 seconds.