Вэнэсуэла: Калюмб не адкрыў Амэрыку, а прынёс каляніялізм і хваробы

У Вэнэсуэле перапісваюць гісторыю. Ніякі Калюмб не герой – так будуць вучыць школьнікаў Вэнэсулы. Гэта частка рэформы адукацыі, якую ажыцьцяўляе прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс. Студэнты ж будуць вывучаць «Капітал» Карла Маркса, прамовы Фідэля Кастра, цытаты з самога Чавэса.

Мэта новай школьнай праграмы – «фармаваньне новай сацыялістычнай сьвядомасьці і стварэньне новага пакаленьня вэнэсуэльцаў – носьбітаў гэтай сьвядомасьці».

Новаўвядзеньні зьяўляюцца часткай прэзыдэнцкай праграмы «Сацыялізм XXI стагодзьдзя» і павінны набыць моц у 2010 годзе, паведамляе Daily Telegraph.

Перапісаная гісторыя будзе вывучацца і ў прыватных школах. Асноўная частка курса будзе заключацца ў вывучэньні гісторыі і культуры індзейцаў, якія жылі ў Вэнэсуэле да пачатку калянізацыі, і гісторыі афрыканскіх рабоў, нашчадкамі якіх, на думку аўтараў, і зьяўляюцца сучасныя вэнэсуэльцы.

Яшчэ ў 2004 годзе каля помніка Хрыстафору Калюмбу ў Каракасе зладзілі «трыбунал над Калюмбам». Пасьля вынясеньня прысуда «Калюмб – горш Гітлера» помнік скінулі і зьвезьлі. Дзень першаадкрывальніка не сьвяткуецца ў Вэнэсуэле з 2002 года зь ініцыятывы Чавэса.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0919 seconds.