Гультайства на працы шкоднае для псыхікі

Pайская праца «нічога не рабіць і яшчэ атрымоўваць за гэта грошы» можа пераўтварыць жыцьцё ў кашмар. Пачуцьцё ўласнай незапатрабавальнасьці і непатрэбнасьці ня меней шкоднае для псыхікі, чым пастаянны овэртайм.

­

Прыйшоў на працу, папіў гарбаткі, пагутарыў зь сяброўкай, пачытаў апошнія плёткі пра зорак, перакінуўся жартамі па асьцы. Папрацаваў, нарэшце, 2-3 гадзінкі, а потым ізноў – за прыватныя справы. І ніхто нават слова ня скажа.

Зь першага погляду, гэта ня праца, а казка. Але, як сьцьвярджаюць швэйцарскія адмыслоўцы, гэта казка хутка стане сапраўдным кашмарам.

Зразумела, што высновы дасьледчыкаў не адрозьніваюцца арыгінальнасьцю, але гэта можна ўспрымаць як яшчэ адно нагадваньне пра тое, што галоўнае - атрымоўваць задавальненьня ад таго, што робіш. Любая нудота забівае - на працы, на вучобе, у прыватным жыцьці. Так што варта задумацца, на што мы трацім каштоўныя хвіліны свайго жыцьця.

Па словах Петэра Вэрдэра, аднаго зь кіраўнікоў дасьледваньня:

«Нудота, адсутнасьць цікавасьці да працы і неабходнасьці ўвесь час выконваць разнастайныя заданьні вядзе да пачуцьця ўласнай непатрэбнасьці і нерэалізаванасьці.»

Дасьледваньне дало несуцяшальныя вынікі: толькі 30 % працуючых людзей у нямецкамоўных краінах адчуваюць сябе празьмерна загружанымі.

«Адпаведна, сярод астатніх 70 % дастаткова шмат людзей, якім проста няма чаго рабіць на працоўным месцы,» - робіць выснову сп-р Вэрдэр.

У выніку людзі самі пачынаюць прыдумляць сабе абсалютна непатрэбныя заняткі. Гэта – самападман, уцёкі ад пачуцьця ўласнай няздатнасьці.

Часта яны вяртаюцца дахаты з думкаю:

«Я так стаміўся, хаця нічога, здаецца, і не рабіў.»

А каму не знаёмая супрацьлеглая сытуацыя? Насіўся, як вавёрка ў коле, увесь дзень, а ўвечары адчуваеш сябе задаволеным, нават ня стомленым.

Дасьледчыкі нават прапануюць новы тэрмін для гэтага фэномэну boreout ( ад ангельскага bore – нудота) па аналёгіі з тэрмінам burnout, які адпавядае выразу «згарэў на працы».

Воreout шкодзіць псыхічнаму здароўю ня меней, чым burnout.

Аднак прафэсар Цюбінскага ўнівэрсытэту Курт Штапф папярэджвае: ня трэба сьпяшацца з высновамі і ўводзіць новыя, не падмацаваныя істотнымі дасьледваньнямі і практыкай, тэрміны.

Малюнак з Brown.edu

SlaDa 15:00, 11/09/2007 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0685 seconds.