Выключаныя студэнты Беларусі зьбяруцца ў Вільні
Цэнтар усходнеэўрапейскіх дасьледваньняў (Eastern Europe Studies Centre) запрашае выключаных па палітычных матывах студэнтаў узяць удзел у Сустрэчы выключаных студэнтаў Беларусі (Belarus Exile Students' Rally 2007), якая ладзіцца 12-16 кастрычніка ў Вільні.
Асноўная мэта сустрэчы – зьвязаць між сабой усіх выключаных студэнтаў сьвету, заахвоціць іх ствараць моладзевыя суполкі, дапамагаць адзін аднаму і пры гэтым не губляць сувязі са сваёй радзімай.
Мясцовыя суполкі выключаных студэнтаў з розных краінаў сьвету будуць уплываць на рашэньні міжнароднай суполкі. Арганізатары спадзяюцца, што выключаныя студэнты заахвоцяць навучэнцаў ВНУ падтрымаць дэмакратычныя працэсы ў сваёй краіне.
Асноўны плян мерапрыемства:
- 1 дзень: прыбыцьцё ўдзельнікаў і адкрыцьцё Сустрэчы;
- 2 дзень: лекцыі вядомых літоўскіх гісторыкаў і філёзафаў;
- 3-4 дні: трэнінгі ў групах і культурніцкая праграма.
Калі вы – выключаны па палітычных матывах студэнт і жадаеце ўзяць удзел у сустрэчы, неабходна да 21 верасьня даслаць анкету. Дарога і пражываньне аплочваюцца арганізатарамі.