Dance Dance Revolution у Менску

З прыходам вясны кожнаму хочацца новых падзей, заняткаў, актыўнасьці ды забаваў. І ў нашым краі гарачых добрых сонцаў (с) гэтых рэчаў хапае (адрэналіну асабліва), але ніколі не бывае зашмат. Таму мы шукаем, чым яшчэ можна заняцца ў гэтым сьпякотным горадзе. Шукаеш новых пачуцьцяў ды знаёмых?

Што гэта?

У далёкім 1997 годзе ў краіне гульнявых аўтаматаў Японіі жыла ды нажывала сабе грошыкаў кампанія KONAMI. Аўтаматаў гэтых яна навыдумумвала ды назьбірала шмат, і вось аднойчы выпусьціла гульню, у якой пад рытм пэўнай мэлёдыі патрэбна было націскаць адну з пяці клявішаў. Ідэя ня надта складаная, але менавіта зь яе вырасла новая: пад музыку лепей таньчыць, а таньчыць ды клявішы рукамі націскаць адначасова зручна ня вельмі. Лягічны адказ прыйшоў дэвелоўпэрам хутка: націскаць клявішы можна нагамі. Так зьявіўся першы монстар у асобнай галіне сучаснай гульнявой прамысловасьці - Dance Dance Revolution 1st Mix. Зараз ужо існуе вялікая колькасьць варыянтаў гэтай забавы, ня толькі танцавальныя, але сёньня мы спынімся менавіта на танцах, хаця гэта не зусім танцы.. Але аб усім па парадку.

Як гэта?

Аўтамат Dance Dance Revolution, ці падобны, складаецца з экрану і чатырох клявішаў на падлозе: наперад, назад, направа і, як гэта ня дзіўна, налева. Абіраем песьню, складанасьць і паехалі, дакладней, патопалі. Па экране ў пэўным парадку пачынаюць бегчы стрэлкі, і ў момант дасягненьня стрэлкі аднаго з паказальніка напрамку, мы павінны націснуць нагой адну з чатырох клявішаў. Задача палягчаецца тым, што стрэлкі, а значыць і нашыя рухі, маюць сыстэму і паўтараюць рытм песьні, што граецца на працягу гульні. За патрапленьне ў рытм, за добрае патрапленьне й за вельмі добрае, а таксама за розныя комба, нам налічваюцца балы. Стрэлкі ідуць у загадзя прадуманым парадку, і іх можна калі не запомніць, то ўлавіць заканамернасьць. Уласна, усё.

Але гэтае “усё” ня кажа аб тым, што колькасьць песьняў, рэжымаў, складанасьцяў ды розных варыяцый аўтаматаў ды праграм робіць гэтую забаву практычна бясконцай. Існуюць праграмы для кампутара, пад іх можна зрабіць кілімкі, ці замовіць у майстраў (дзе – далей). Можна, канешне, націскаць і клявішы на клявіатуры, як гэта робіцца ў DDR для мабілы(!), карацей, на любы густ.

І, канешне, як у кожнай гульне, што набыла некаторую папулярнасьць, тут няма межаў для дасканаласьці. Нумары прафэсіяналаў, запісы якіх у вялікай колькасьці можна знайсьці ў інтэрнэце, ужо больш нагадваюць фізычныя спаборніцтвы ці сапраўдныя шоў – гледзячы якую з плыняў фанатаў ДДР яны прадстаўляюць (так, тут ёсьць і свае суб-субкультуры). Дарэчы пра спаборніцтвы: у Расеі яны праводзяцца рэгулярна і даволі масава, таму – чым ня мэта ў жыцьці? ;)

Куды гэта?

Працягваючы тэму спаборніцтваў, нельга не адзначыць, што ў Расеі яны ладзяцца на мадэлях першага клясу, адпаведнікаў якіх у нашай краіне пакуль няма. Сумна, але не нагода маркоціцца. З цягам часу, з ростам папулярнасьці, да нас завязуць і іх, а пакуль мы будзем праводзіць чэмпіянаты на нашых (адзін ужо прайшоў ня так даўно) і ствараць гэтую папулярнасьць. А вы можаце ў гэтым нам дапамагчы ;)

у клюбе Бліндаж
Калі вас зацікавіла ідэя й вы жадаеце паспрабаваць, прапаную вам два месцы, дзе вы можаце знайсьці гэты цуда-аўтамат.

Першае, як і ў гэтым артыкуле, і увогуле ў Менску, месца, - гэта вакзал. Думаю, шмат хто яго там бачыў.

Час працы: 10.00 – 18.00. Кошт жэтона – 1500 руб (тры песьні на адну плятформу, 1 песьня на дзьве плятформы.)

Другое месца – заля гульнявых аўтаматаў “Mega Game” на Адаеўскага, 28.

Працуе з 10.00 да 23.00. Кошт жэтона – 1000 руб (2 гульні па дзьве песьні).

Зусім нядаўна ў Менску была й трэцяя кропка – клюб Бліндаж, але клюб ператрываў некаторыя зьмяненьні й паскакаць сёньня там не атрымаецца. Мяркую, праз 2-3 тыдні ДДР-аўтаматы адтуль зьявяцца дзе-небудзь у іншым месцы, хутчэй за усё - ў "Журавінцы". Чакаем!

­

Канешне, цяжка вырашыць ісьці некуды аднаму ці сваёй кампаніяй у першы раз. Таму прапаную зайсьці на форум беларускіх ддршчыкаў і далучыцца да пакуль ня вельмі вялікай, але дружнай кампаніі аматараў, якія дапамогуць парадай ды адкажуць на пытаньні. Там жа можна даведацца, як зрабіць сабе плятформу для гульні на сваім хатнім кампутары.

Самаробныя плятформы на фэсьце японскай культуры Хіган

Кожны можа знайсьці ў ДДР нешта сваё. Для адных гэта – від спорту (ня сьмейцеся, лепш вазьміце з сабой у ваш першы раз зьменны абутак), для другіх – месца для выступу, для трэціх – проста спосаб весела правесьці час у кампаніі добрых людзей. І нарэшце, туды можна хадзіць каб з асалодай і азартам скінуць залішнюю вагу. Посьпехаў!

­
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0701 seconds.