Правяраем выраз «Прыгажосьць выратуе сьвет»

Натрапіў на такі выраз у Сеціве... Аднак што гэта значыць? Ага... «Катакомбы»... Значыць, будзе канцэрт. Хто? Indra, Lilith, Cor-set. Ага... Значыцца, дзяўчаты, а адсюль і прыгажосьць. Зразумела! Іду выпрабоўваць яе моц!

З чаго пачаць? Гурты, насамрэч, аб’ядноўвала толькі наяўнасьць у складзе прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва (у большай ці меншай колькасьці) што да стылю, дык кожны быў у сваёй плыні.

А цяпер аб тым, як непасрэдна выратоўвалі сьвет.

 

Першымі перад нешматлікімі гледачамі (на жаль, 26-е ж красавіка) выступілі полацкія Indra, з узьяднаным (у вобразе віялянчэлісткі) і зьмененым (па частцы баса) складам. Зьмена, дарэчы, аказалася такім жэўжыкам: у адрозьненьне ад дзяўчат, якія здаваліся скаванымі, гэты чалавечак нёс неблагі пазытыў у залю і думкі ў галаву, што ён такі надоўга ў Indrы. Вакал Вольгі, не турбуйцеся, як заўжды біў па вушах нібы стрэл. Адзінае, адчувалася, што зь віялянчэлісткай часьцей трэба граць, часьцей.

Пасьля лёгкага перапынку на сцэне ўжо мясцовы (для Менску :)) гурт Lilith. Даўно ня было іх бачна і чутна. Але калі выйшлі, стала зразумела, чаму: сярод лэдзі зьявіўся джэнтэльмэн на бубнах. Чуў, як дзяўчаты паміж сабой перад выхадам жартавалі: «Lilith выйшлі з дэкрэту. У нас хлопчык :)» Неяк адразу стала нібы сьвятлей у залі, дый не ад лямпачак, а ад музыкі і ад саміх музыкаў. Нават так, што ажно дрот мікрафонны згарэў ужо на другім сьпеве :) Але Дар’і нічога: пакуль шукалі іншы, яна і без яго доўга распавядала пра глыбокі філязофскі зьмест твораў і ...мікрафон зноў працуе!

Ведаеце, прыемна паслухаць і пакаўбасіцца нават. Асабліва прабіла так званая «Новая новая», а публіка ўпадабала вельмі  «Хлопчыка», «Каляда» ж паставіла добрую пазытыўную кропку. «Дэкрэт» ідзе на карысьць :) На маю думку, гэта музыка калі не сьвет, дык ад дрэннага настрою дакладна выратуе.

Напрыканцы – Cor-Set. Музыка падалася крыху змрочнай. Дый вакал неяк Цоя нагадваў, толькі жаночы варыянт. Песьні пра Зямлю, каханьне, космас...

Наагул задума была неблагая, толькі што з днём прагадалі. Але, упэўнены, дзяўчат яшчэ пачуем.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2794 seconds.