Студэнцкія пратэсты ў Сэрбіі: 10 год таму і сёньня

Калі можна казаць, што краіна знаходзіцца ў крызысе? Адзін з магчымых адказаў – калі студэнты распачынаюць вулічныя пратэсты. Гэтай зімою ў Сэрбіі адзначаюць дзесятую гадавіну знакамітых студэнцкіх пратэстаў 1996/97. Выхад студэнтаў на вуліцы ў сярэдзіне 90-х стаў знакамітым дзякуючы энэргічнасьці і бескампраміснасьці сотняў тысячаў моладзі, якая вырашыла выступіць за абарону справядлівасьці і палітычнай адказнасьці ў часе агульнага спаду ў сэрбскім грамадзтве. 

За свабоду!

Гэта было змаганьне супраць рэжыму Мілошэвіча, але таксама супраць сыстэмы, якая дапусьціла станаўленьне ўпадніцкага палітычнага рэжыму. Студэнты пратэставалі кожны дзень на працягу трох месяцаў пакуль не дасягнулі сваёй мэты – афіцыйнага прызнаньня перамогі апазыцыі на мясцовых выбарах, а таксама сыход у адстаўку прарэжымнага рэктара і намесьніка рэктара па стасунках са студэнтамі ў Белградзкім унівэрсытэце.

Гэта была небясьпечная акцыя па выкрыцьці карупцыі ў дзяржапараце, маніпуляцыяў са сродкамі масавай інфармацыі, фальсыфікацыяў падчас выбараў і прыцісьненьня свабодаў асобы. Наступныя гады ня былі прасьцей: у 1998-м моладзь пратэставала супраць законаў, што скасавалі аўтаномію ўнівэрсытэтаў; падчас бамбардзіровак NATO ў 1999-м яны пратэставалі, каб паказаць сьвету, што нельга караць цэлы народ за дзеяньні некалькіх аўтакратаў; а ў 2000-м студэнты распачалі пратэсты, якія правялі да падзеньня рэжыму.

Новыя-старыя праблемы

На працягу ўсяго 2006-га году незадаволенасьць студэнтаў ізноў стала расьці. Старыя мэтады выкладаньня, непрыдатны да практычнай дзейнасьці зьмест праграмаў, бедныя бібліятэкі, непразрыстая сыстэма кіраваньня ВНУ, плата за адукацыю, што расьце вялікімі тэмпамі – гэта толькі некаторыя з існуючых праблемаў.

Аб тым, як шмат было дасягнута ў Сэрбіі ў межах Балёньскага працэсу, стала відавочна пасьля апошняга саміту міністраў у межах працэсу у Бэргэне (Нарвэгія) у траўні 2005-га. Міністры ацанілі прагрэс Сэрбіі як вельмі дрэнны, пазначыўшы вынік Сэрбіі, як найніжэйшы паказчык сярод удзельнікаў працэсу.

Незадаволенасьць асабліва вырасла ў кастрычніку 2006-га. У той час KONUS  (Савет унівэрсытэтаў Сэрбіі) абмяркоўвала суаднясеньне паміж старой сыстэмы адукацыі і ступенямі, уведзенымі новым Законам аб адукацыі (бакаляўр, магістар, доктар навук) у 2005-м годзе. Напачатку рэктары зацьвердзілі прапанову, выпрацаваную студэнцкімі арганізацыямі. Гэтая прапанова была заснаваная на варыянтах вырашэньня праблемы, якія былі рэалізаваныя на практыцы ў Нідэрляндах, Эстоніі, Славеніі, Харватыі і іншых краінах. Але ўжо праз некалькі дзён падчас другой сэсіі KONUS дэканы паўсталі супраць прынятай рэктарамі прапановы. Як вынік рашэньня аб супастаўленьні двух сыстэмаў было адкладзенае.

Стала зразумела, што гэтая сытуацыя была спробай факультэтаў (чытай: дэканаў) маніпуляваць студэнтамі, каб сысьці ад выкананьня адзінага рацыянальнага рашэньня і выкарыстаць гэта для максымізацыі іх прыбытку, бо каб атрымаць сучасныя ступені выпускнікам старой сыстэмы прыйдзецца ізноў ісьці ва ўнівэрсытэты і плаціць за гэта.

Ізноў на вуліцы

Незадаволеныя такой сытуацыяй студэнты ізноў пайшлі на вуліцы! На працягу наступных двух месяцаў тры студэнцкія арганізацыі арганізавалі тры супольныя вялікія акцыі на пляцоўцы насупраць рэктарату белградзкага ўнівэрсытэту. Дзякуючы гэтаму ціску і буйнамаштабнаму лябіяваньню заканадаўчы камітэт сэрбскага парлямэнту ўрэшце падтрымаў прапанову, выпрацаваную студэнтамі. Зараз, каб зрабіць рашэньне рэктараў цалкам легітымным, неабходна, каб сэрбскі парлямэнт фармальна зацьвердзіў рэкамэндацыі заканадаўчага камітэту.

На жаль, напрыканцы мінулага году прэзыдэнт прызначыў парлямэнцкія выбары на 21-е студзеня 2007. Гэта значыць, што студэнтам прыйдзецца чакаць да моманту сфармаваньня новага парлямэнту, каб урэшце зьдзейсьнілася канчатковая ратыфікацыя рашэньня.

Хаця ў гэты раз пакуль не атрымалася дасягнуць вялікага прагрэсу, але для сэрбскіх студэнтаў было даволі знакавым крокам вяртаньне да падзеяў 1996/97.

Балёньскі працэс – агульнаэўрапейскі працэс, накіраваны на рэфармаваньне сыстэмаў вышэйшай адукацыі і стварэньне агульнаэўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Быў пачаты ў 1999 пасьля падпісаньня Балоньскай дэклярацыі міністрамі адукацыі некаторых краінаў. Сёньня ў працэс ўваходзіць амаль усе Эўрапейскія краіны. Беларусь ніколі не падавала заяўку на ўваходжаньне ў працэс. Наступны саміт міністраў у межах працэсу адбудзецца ў траўні 2007га ў Лёндане.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0805 seconds.