Лепш за піва можа быць толькі квас

У шыхце беларускіх напояў з гонарам са старажытнасьці выступае квас, які спалучае прыемны водар сьвежасьпечанага хлеба, асьвяжальнае дзеяньне, гаючыя ўласьцівасьці ды прыемны густ. Агляд квасаў, што прадаюцца ў Беларусі. Колькі алькаголю ў квасе і адкуль пайшло слова "квасіць". А для сапраўдных аматараў - як зварыць квас уласнымі рукамі.

На пачатку працоўнага дня, за стырном ці шпацыруючы зь дзецьмі, кожным разам, калі ня хочацца (ці нельга) хмялець, цудоўна наталіць смагу і ўзбадзёрыцца дапаможа куфаль цёмнага пеннага квасу.

Даўніна, сівая і не  

Гісторыя квасу губляецца ў сівой даўніне. Пра старажытнасьць напою кажа сама ягоная назва, якая агулам можа тычыцца кожнага закісьленага (заквашанага) напою, дастаткова ўзгадаць “закваску” ці польскае слова “kwas” (кіслата).

Пісьмова ўпершыню квас згадваецца ў вялікім сьвяточным пачастунку, які князь Уладзімір наладзіў з нагоды хросту кіянаў у 988 годзе. Тагачасны квас быў зусім не такі, як зараз, тысячу год таму яго варылі, квас быў шчыльнейшы і мацнейшы за сучаснае піва, а вось півам тады звалася ўвогуле любое пітво. З тых часоў паходзяць і словы “квасьнік” (піяк) і “квасіць” (у сэнсе напівацца). 

Час мінаў, з канца ХІІ стагодзьдзя пьяньлівы звараны квас сталі называць “твораным”, а слова замацавалася за натуральна закісьленым напоем, падобным на сучасны. Нейкія сто год таму квас пачаў вырабляцца ня толькі на сялянскіх падворках ды сядзібных гасподах, але й на прамысловых прадпрыемствах. Як вынік, сотні разнастайных гатункаў, якія ставіліся на мёдзе, зёлках, ягадах, садавіне і гародніне, саступілі на карысьць звыкламу нам квасу на цукры і соладзе з дадаткам мукі і збожжа.

Савецкім часам квас вырабляўся на хлебазаводах і прадаваўся збольшага на вуліцах з вялікіх жоўтых бочак на дзьвюх колах, вялікі кубак – 6 савецкіх капеек, малы – 3.

Бочкі гэтыя былі і застаюцца аб’ектамі шматлікіх плётак. Адныя сцьвярджаюць, што сапраўдны натуральны квас бывае толькі ў такіх бочках і штодзённы куфаль дазволіць дажыць ці не да ста год без хваробаў, іншыя распавядаюць пужалкі пра тое, што бочкі тыя як сьлед ня мыюць і ўнутры можна знайсьці ўсё – ад цьвілі на сьценках да здохлых пацукоў. Напэўна, ісьціна недзе побач, але нягледзячы на тыя пужалкі да жоўтых бочак сьпяшаюцца людзі і стаяць у чарзе па квас з пляшкамі і бітончыкамі.

У самым канцы мінулага тысячагодзьдзя зьявіўся хімічны квас у плястыкавых пляшках (вада, падсалоджваючае рэчыва і “арамацізатар, ідзенцічный натуральнаму”), які, на жаль, апанаваў паліцы крамаў і шапікаў.

Падрабязнасьці

Квас – напой безумоўна карысны. Ягоная асаблівасьць – гэта спалучэньне ў часе дасьпяваньня сьпіртовага і малочнакіслага закісаньня, што надае квасу ўнікальныя ўласьцівасьці. Ёсьць у хлебным напоі і мікраэлемэнты, і незаменныя амінакіслоты і, натуральна, вітаміны.

Таксама нельга казаць, што квас зусім ужо ня мае алькаголю, але ягоныя 0,5-1,5% сьпірту бліжэй да кефіру, чым да піва. Агульным з кефірам ці кумысам зьяўляецца і аздараўляльны эфэкт квасу, а зь іншага боку, квас падобна піву асьвяжае і здымае стомленасьць. Але, які б ні быў ён карысны, каб ня было прыемнага смаку, дык хто б яго піў? Бліжэй за ўсё смак квасу да смаку піва, ды й ня дзіва, гэтыя два напоі – як родныя браты, маюць агульнае паходжаньне (дрожджы, солад), падобнае выхаваньне (закісаньне) і нават спажываюць іх з аднолькавых куфляў.

Які ён бывае

Сёньня пад агульнай назвай “квас” хаваецца некалькі розных напояў. Прасьцей за ўсё знайсьці квас “хімічны”, маленькія і вялікія плястапляшкі зь ім можна сустрэць у кожным шапіку ды ў кожнай краме. Зрэшты, ўсе хімічныя напоі незалежна ад іхнай назвы – гэта ўсё роўна не квас. Паспрабуйце, калі самі хочаце пераканацца, хімічны “квас” Менскага заводу безалькагалёвых напояў з чырвона-жоўтай этыкеткай. Кока-кола непараўнальна смачней будзе. У такіх напоях часам сустракаюцца ў складзе і натуральныя складнікі, канцэнтраты солада ці кваснога сусла.

Лепей за ўсё адшукаць квас, выраблены і разьліты на бровары, напрыклад Лідзкім. Такія напоі маюць болей натуральнай сыравіны і бліжэйшыя да сапраўднага квасу. Калі ўжо няма нічога болей натуральнага, дык лепей набыць паўхімічнага квасу з філіі “Крыніцы” ў Нясьвіжы.

Халадніковы”, “Мятны” ці “Рэзкі” з Радзівілаўскіх мясьцінаў нашмат смачнейшыя за прыкра-саладжавыя “Бураціны” з “Дзюшэсамі”. Трапляюцца ў продажы пляшкі з натуральным квасам расейскай вытворчасьці, ён даволі смачны, але каштуе неміласэрна.

З тых гатункаў, што прадаюцца ў менскіх крамах, найменш смачнымі мне падаліся ўжо згаданыя напоі Менскага заводу безалькагалёвых напояў з чырвонымі этыкеткамі.

Хімічны смак прэ з пляшкі як бульдозер па пляжы.

На супрацьлеглым полюсе – квас Менскага дражджавога камбінату “Чысты ключ”.  

Калі не глядзець на этыкетку, можна падумаць, што склад гэтага напою цалкам натуральны, чысты і прыемны.

Пасярэдзіне – шмат розных гатункаў, прыемней смакаваліся квасы зь Лідзкага бровару і Крыніцы.   

Знайсьці жоўтую бочку з надпісам “Квас хлебны” у Менску ўжо аддаўна амаль немагчыма, на ўвесь горад іх усяго некалькі тузінаў і зьяўляюцца яны як партызаны, болей на ўскрайках, далей ад вачэй начальнікаў і санслужбаў.

У іншых гарадах нашай краіны бочкі з хлебным квасам у большай пашане, калі ў месьце ёсьць хлебапякарня, то хутчэй за ўсё квас прадаецца паўсюдна. Купляць гэткі квас лепей у той дзень, калі яго зрабілі, тады ён будзе смачнейшы і халаднейшы.

У вялікім месьце выратаваньне для аматараў – разьліўны квас з кегаў. Такі напой будзе заўсёды сьвежы і халодны, вось толькі і каштуе ён таксама нятанна.

У самае сонца шлях па вялікім месьце часам праходзіць кароткімі перабежкамі – ад кега да кега, ад куфля да куфля. Прадавацца з кегаў можа і хлебны і хімічны квас, лепей папярэдне запытацца ў прадаўца.

Наступны варыянт – для сапраўдных аматараў.

Самы лепшы квас – гэта квас зроблены ўласнымі рукамі. У продажы трапляецца густы, амаль чорны канцэнтрат у паўлітровых шкляных пляшках, рабіць зь яго квас хутка і нескладана, але цікавей зрабіць квас з сухога хлебна-соладавага канцэнтрату. Каб паставіць такі квас, спатрэбіцца пачак канцэнтрату (каштуе каля тысячы, прадаецца ў прадуктовых крамах), крыху дрожджаў (пачак, якога хопіць на некалькі разоў каштуе трыста рублёў, таксама прадаецца ў прадуктовых крамах) і вада.

Але, яшчэ патрэбны вялікі рондаль, бо з аднаго пачаку атрымліваецца амаль пяць літраў квасу, ды неабавязкова рабіць усё адным разам, можна падзяліць пачак на некалькі частак і абыйсьціся меншым посудам. Хлебны квас робіцца ў вельмі просты спосаб, заўсёды надрукаваны на пачку з канцэнтратам, дзесяць хвілінаў працы, два-тры дні вытрымкі – і можна частавацца выдатным напоем, які зроблены сваімі рукамі!

Чытайце таксама: 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0723 seconds.