“Быць Гаральдам Пінтэрам” - быць сабой

Тэатар. Калі ад гэтага слова ў галаве ўзьнікае толькі вобраз шумнай Купалінкі ці гукі Лебядзінага возера або паўстаюць пытаньні “што апрануць і як прарвацца ў буфет”, калі для вас тэатар – апошняе мейсца, куды можна пайсьці на выходныя – значыцца, вы не знаёмыя са “Свабодным Тэатрам”. Вельмі сымбалічна, што менавіта сёмага лістапада “Свабодны Тэатар” запрасіў на прэм’еру спэктаклю “Быць Гаральдам Пінтэрам”.

Свабодны тэатар

“Свабодны Тэатар” цалкам адпавядае свайму назову. Цеснае кола гледачоў – якіх больш хочацца назваць сябрамі – збольшага разьмясьцілася проста на падлозе, сярод прысутных былі нават дзеці. Але галоўнае – свабода на сцэне, калі тое можна назваць сцэнай. Свабода –  у дзеяньнях і словах, у пытаньнях і адказах, у сродках самавыяўленьня. Тут ёсьць і ненарматыўная лексыка, і голыя людзі, і рэзкія гукі, тут часам няма сьвятла. Тое, што адбываецца на тваіх вачох, тое, што ты чуеш – шакуе, закранае, трымае і больш не адпускае.

На працягу ўсяго спэктаклю не пакідала пачуцьцё, быццам хтосьці зазірае наўпрост табе ў вочы. Па першае, на прысутных глядзелі вялікія вочы Гаральда Пінтэра. І, здавалася, штосьці пыталі, штосьці казалі – карацей, шукалі. 

Па-другое – у вочы глядзелі самі акторы. І тут, мабыць, праяўляецца непаўторнасьць “Свабоднага Тэатру” – тое, што адбываецца перад табой, адбываецца для цябе і з тваім удзелам.

Праўда… Што гэта ёсьць і дзе яе шукаць. Мы глядзімся ў люстэрка – і бачым там не рэчаіснасьць, а ўсяго толькі адбіткі дадзенага моманту. Той, хто пакажа праўду – разаб’е шкло і з-за залюстэр’я данясе нам. Таму, мабыць, пытаньнем праўды і пачынаецца, і скончваецца спэктакль.

Як нараджаецца твор? Як зьяўляюцца героі? Усё пачынаецца з пытаньня. Нават з самага простага, нелягічнага – прыкладам, “дзе нажніцы?” А хто пытаецца, каго пытаюцца, навошта? Зьяўляюцца героі. А, В, С… А потым – яны ажываюць, у іх ужо ёсьць імёны, колер вачэй, яны становяцца часткай аўтара, спрачаюцца зь ім, робяць яму балюча, часам самі кіруюць аўтарам, межы сьціраюцца… 

 

Што такое палітычны твор? Што ёсьць аўтар – геній, які жыве ў сабе, адарвана ад грамадзтва і падзеяў у ім, і  творыць для сябе ці абстрактных людзей? Ці гэта чалавек, што стварае канкрэтна для цябе і мяне? Чалавек, у якога ёсьць сумленьне і грамадзянская пазыцыя? Сёньня немагчыма жыць па-за палітычным кантэкстам. Сапраўдны аўтар - аб’ектыўны, яму патрэбна толькі праўда. А тое – небясьпечна. Кожны жадае бачыць у люстэрку сябе.

Цікава адзначыць, што самога Гаральда Пінтэра можна без ваганьняў назваць грамадзка-адказным аўтарам. Ён перадаў усе правы на бясплатнае выкарыстаньне сваіх п’ес “Свабоднаму Тэатру”. Спадар Пінтэр чуў і пра ўмовы, у якіх знаходзіцца мастацтва, і пра сам “Свабодны Тэатар”, і пра сытуацыю ў Беларусі. І больш таго, толькі стан здароўя перашкодзіў драматургу прысутнічаць на прэм’еры спэктаклю па ягоных творах, два зь якіх – п’есы “Прах да праху” й “Новы сусьветны лад” – былі перакладзеныя наўмысна дзеля спэктаклю. Але ўсё ж такі ўвесну Гаральда Пінтэра чакаем у Менску.

Акрамя п’ес Пінтэра выкарыстаны ягоная Нобэлеўская прамова і лісты беларускіх палітвязьняў.

 

Палітычнага вязьня – у Багдадзе, у Беларусі, у любой краіне сьвету – агаляюць, пазбаўляюць яго чалавечай годнасьці, зь яго імкнуцца зрабіць жывёлу. Няма адзеньня, няма правоў, няма нібыта скуры – і можна біць па аголеных нэрвах. Дзеткі, каханыя, родныя. Нават – мова. Па жывому будуць выпальваць з чалавека ягонае Я.

Каханьне… Кахаць чалавека, які жадаў цябе забіць. Ахвяраваць сабой дзеля выратаваньня каханага. Чаму людзі кахаюць? Ці можна адказаць? Мо таму, што слухаюць адны і тыя ж песьні?..

Я не ставіла мэты дакладна перадаць, пра што спэктакль “Быць Гаральдам Пінтарам”. Наўрад ці хтосьці зразумеў да канца, што гэта такое было. Галоўнае – каб на наступнай сустрэчы сяброў “Свабоднага Тэатру” былі ВЫ – тыя, хто гэта прачытаў. 

  • Рэжысэр-пастаноўшчык – Уладзімір Шчэрбань. Акторы: Аляксей Размахаў, Паваў Родак-Гарадніцкі, Яна Русакевіч, Алег Сідорчык, Ганна Саламянская, Дзяніс Тарасенка, Марына Юрэвіч. Памочнікі рэжысэра: Марыя Вавохіна, Сьвятлана Сугака, Ірына Ярашэвіч. Прадусары: Натальля Каляда, Мікалай Халезін.
  • Выкарыстаныя п’есы Гаральда Пінтэра “Горская мова”, “Перад дарогай”, “Новы сусьветны лад”, “Прах да праху”.
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0744 seconds.