На журфаку БДУ распавядаюць пра супрацьстаяньне заходняй і беларускай прэсы

У межах навукова-практычнай канфэрэнцыі на факультэце журналістыкі БДУ 20 красавіка ў сэкцыі “Міжнародная журналістыка” былі агучаны самыя розныя даклады пра дзейнасьць заходніх сродкаў масавай інфармацыі. Найбольшую цікаўнасьць у прысутных выклікаў выступ пра супрацьстаяньне заходняй і беларускай прэсы студэнта Дзяніса Бальшакова, які падпрацоўвае на БТ.

Дзяніс выступаў другім, і пачаў свой даклад з агаворкі, што ў навуцы ён разумее няшмат, затое добра разумее ў практыцы. Спачатку было сказана ўвогуле пра паняцьце інфармацыйнай вайны, пра тое, што заходняя прэса атрымала перамогу над прэсай савецкай і г.д. Затое пасьля студэнт трэцяга курсу сказаў, што найбольшага піку інфармацыйная вайна беларускіх і заходніх СМІ дасягнула падчас выбарчай кампаніі.

Першым прыкладам “неаб’ектыўнай інфармацыі” з боку зацікаўленых у пэўнай ступені заходніх агенцтваў France press, Associated Press,  таксама тэлеканалу EuroNews і інфармацыйнага агенцтва “Белапан” Дзяніс назваў лічбу ў 30 тысячаў мітынгуючых 19 сакавіка.

Цалкам аб’ектыўная афіцыйная статыстыка кажа пра 8 тысячаў, але журналісты заходніх СМІ, будучы зацікаўленымі асобамі, да яе не зьвярнуліся,” - адзначыў студэнт.

Далей, – кажа студэнт, – зацікаўленыя СМІ абвесьцілі, што на плошчу Перамогі быццам бы пайшло 15-20 тысячаў чалавек, хаця на самой справе з-за дрэннага надвор’я мітінгуючых у гэты час было ў 10 разоў меней”.

Прыкладна ў гэты час адна з выкладчыцаў, прысутных у залі, расчырванелася й вышла з аудыторіі, гучна ляснуўшы дзьвярыма.

Абурэньне дакладчыка выклікала таксама й тое, як заходнімі СМІ быў прадстаўлены інцыдэнт са сьнежкамі й журналістамі БТ. Была цытата “EuroNews”, дзе гаварылася, што натоўп выцясніў журналістаў і закідаў іх сьняжкамі.

“На самой справе журналісты былі жорстка зьбітыя, аб чым паведамілі толькі беларускія дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі,” - дакладаў Дзяніс Бальшакоў.

У заключэньні малады журналіст адзначыў, што, на жаль, заходнія СМІ эфэктыўна ўплываюць на грамадзкую думку, а да чаго можа прывесьці іх дзейнасьць, яскрава можна назіраць на прыкладах Грузіі, Украіны, Кіргізіі.

Далей пачаліся пытаньні. Адна дзяўчына запыталася, адкуль узялася афіцыйная лічба ў 8 тысячаў. Адказ быў прыкладна такі: “Любы чалавек можа зьвярнуцца да аб’ектыўных афіцыйных дадзеных”.

Адзін са студэнтаў у аранжавым гальштуку ўдакладніў: “Вас запытваюцца не пра тое, дзе можна паглядзець афіцыйную статыстыку, а якімі шляхамі яна зьбіралася”. На гэта Дзяніс адказаў:

“Гэта інфармацыя зьбіралася афіцыйнымі ўстановамі, у прыватнасьці, праваахоўнымі ворганамі. Толькі гэтыя дадзеныя могуць быць аб’ектыўнымі, таму што зацікаўленая ў пэўных падзеях заходняя прэса брала зьвесткі аб колькасьці мітынгуючых ад арганізатараў несанкцыянаванага мітынгу, якая нікім і ніяк не была пацьверджанай. А рабілася гэта таму, што лічба ў 30 тысячаў прымушае людзей паважаць арганізатараў – лічба гэтая досыць салідная. Ад сябе магу дадаць, што 30 тысячаў фізічна ніяк не можа зьмясціца на Кастрычніцкім пляцы.”

А ці ведаеце вы, Дзяніс, – адзначыў студэнт у гальштуку, – што клюб “Рэактар”, напрыклад, зьмяшчае 1100 чалавек? А цяпер суаднясіце памеры клюбу “Рэактар” з памерамі Кастрычніцкага пляцу...

Ня будзем пераводзіць навуковую канфэрэнцыю ў палітычны дыскус”, – абарваў дыялёг выкладчык міжнароднай журналістыкі, кіруючы правядзеньнем дакладаў.

Было задана дакладчыку й яшчэ адно пытаньне кшталту “А чаму вы лічыце, што афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі аб’ектыўныя і нікім не зацікаўленыя?”. На гэтае пытаньне таксама адказу не было, таму што выкладчыкі спынілі гутарку.

Пасьля дакладу Дзяніса Бальшакова пайшоў даклад адной студэнткі-старшакурсніцы на тэму таго, як французская прэса агрэсіўна асьвятлае падзеі ў Расеі й на Украіне.

Студэнты з горкаю ўсьмешкаю пасьля абмяркоўвалі даклад студэнта Бальшакова. Выснова была адна: пытаньне мінулых выбараў ужо ня можа быць нават дыскусійным...

Дзяніс Бальшакоў – студэнт 3-га курсу чацвертай (аудыёвізуальнай) групы факультэта журналістыкі БДУ. Практыкуецца на БТ. Па адной зь версіяў, менавіта Бальшакову прыйшла ў галаву ідэя да сюжэту на БТ са шпрыцамі й порначасопісамі на пляцы. За гэта шматлікія карыстальнікі ЖЖ абяцалі “забіць яму стрэлку з мэтаю прачысьціць мазгі”. 

Аўтар фота litota_

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.336 seconds.