Аляксандар Памідораў: "Сьвяткаваньне працягвалася ня менш, чым два-тры дні!"
Studenty.by працягвае апытанку вядомых людзей аб іх ўспамінах пра навагоднія сьвяты ў студэнцкія часы і плянах на сьвяткаваньне Новага году. Распавядае Аляксандар Памідораў, былы студэнт Унівэрсытэту Культуры і Акадэміі Мастацтваў, вядомы музыка.
Як сьвяткавалі Новы Год у студэнцкія гады?
Я досыць кансэрватыўны чалавек, таму ў большасьці выпадкаў сустракаў Новы Год дома. І амаль усе мае сябры на сьвята разьяжджаліся па хатах. Але кожны раз мы зьбіраліся да альбо пасьля 31-ага і ладзілі альтэрнатыўны Новы Год.
Увогуле першыя гады тры майго студэнцтва я лічу самымі адметнымі і выбітнымі ў маім жыцьці. Сьпярша я навучаўся ў Інстытуце Культуры, а пасьля перайшоў у тагачасны Тэатральна-мастацкі Інстытут (зараз - Акадэмія Мастацтваў). Сябравалі ўсе разам: і эстраднікі, і харэёграфы, і будычыя рэжысэры. Зьбіраліся цэлымі натоўпамі. Дзевачкі клапаціліся пра ежу – канапкі там усякія, вясковыя ласункі, шмальц адтуль жа. Ну а хлопцы ўжо дбалі пра сьпіртное. Сьвяткаваньне працягвалася ня менш, чым два-тры дні.
У нашай кампаніі, дарэчы, быў і Толя Вечар – заўсягдашні завадатар і капітан каманды КВЗ, у складзе якой быў і я. На сьвяты мы часта выступалі ў Дамах Культуры. Карацей, было ўсё клясна, толькі зусім не хапала часу - дамоў прыбягаў за паўгадзіны да надыходу Новага Года!
Як зьбіраецеся адзначаць надыходзячыя сьвяты?
Два-тры гады запар я ў навагоднюю ноч працаваў. Зараз замоваў няма, таму зь вялікім задавальненьнем правяду сьвяточныя дні са сваёй сям'ёй - любай жонкай і дочачкай.
Дарэчы, разумным людзям я ня раю выходзіць у навагоднюю ноч на менскія вуліцы. Пасьля таго, як забаранілі начныя сьвяткаваньні на раёнах (мабыць, у мэтах эканоміі дзяржаўнага бюджэту), увесь Менск зьяжджаецца ў цэнтар.
Што было ў мінулым годзе? Увесь крымінальны кантынгент нашых ускрайкаў пацягнуўся на Кастрычніцкую плошчу і гадзіны ў тры прышлося выклікаць АМАП, каб расьцягваць пьяную моладзь, што рэзала людзей, як кабаноў. Ведаеце, колькі нажоў ды кастэтаў было выяўлена пры даглядах? А колькі людзей трапіла ў шпіталі? Так што бясьпечней сядзець па хатах альбо 31-ага гадзінаў у восем вечара зачыніць мэтро.
Дарэчы, 21-ага сьнежня спадар Аляксандр адзначыў свой Дзень Народзінаў. Ад усёй рэдакцыі studenty.by віншуем са сьвятам і зычым творчых посьпехаў і зьдзяйсьненьняў усіх мараў!