Правакацыйныя эсэ пра беларускіх класікаў
Пабачыў свет «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча» — зборнік правакацыйных эсэ пра беларускіх класікаў. Пачынаючы з сакавіка на хвалях Радыё Свабода штосуботу гучалі эсэ, якія выклікалі безліч жарсцяў у байнэце. І дзіва што — аўтар наважыўся замахнуцца на святое святых беларускай літаратуры — на «глухога да паэзіі» Янку Купалу, што не магло прайсці незаўважаным і ператварылася ў сапраўдны скандал, які прывёў да рашэння Бахарэвіча выйсці з Саюзу беларускіх пісьменнікаў. Аднак для шматлікіх чытачоў новай генерацыі, якім дзіўна чытаць мары пра камунізм і пра тое, як «цвёрда трымаўся юнак на дапросе», заўвагі Бахарэвіча падаюцца цалкам слушнымі.
Дзве з паловай гадзіны Бахарэвіч з паплечнікамі разважалі пра беларускую літаратуру ў поўнай залі Інстытуту імя Гётэ. Вядоўца імпрэзы — перакладчык і журналіст Сяргей Шупа заявіў, што гэты праект — «апошняя спроба дастукацца да чытачоў», бо большасць беларусаў з беларускай літаратурай знаёмая вельмі павярхоўна.
На прэзентацыі пісьменнік прызнаўся, што ўпершыню пачуў беларускую літаратуру ад сваёй бабулі, якая мела 5 класаў адукацыі і не ведала ніводнага твора расійскай класікі, а ў школе ён ненавідзеў белліт з-за сваёй настаўніцы, якую называў Жабай.
«Я ніколі не стану па сваёй волі чытаць гэтую жабіну літаратуру — думаў я тады з агідай. Важны атрымаўся ўрок: ад беларускай класікі, як ад торбы і турмы, нікому нельга заракацца», — упэўнены Бахарэвіч.
Сам аўтар прызнаецца, што напачатку пісання кнігі ставіўся да беларускай літаратуры з пагардай. Гэта асабліва бачна ў эсэ пра Аркадзя Куляшова ці Івана Шамякіна. Аднак з вялікай павагай ставіцца да творчасці рэпрэсаваных, і гэтай павагай і ўдзячнасцю прасякнутыя эсэ пра Ларысу Геніюш ды Уладзіміра Жылку, якому аўтар прадракаў нават Нобелеўскую прэмію.
«Гэтая кніга — гэта прыватны дзённік чытача. Я не прытэндую на ролю даследчыка і знаўцы беларускай літаратуры», — так характарызуе сваю кнігу Бахарэвіч.
І праўда, кніга пазбаўлена незразумелых літаратуразнаўчых тэрмінаў і зваротоў, замест іх аўтар у сваім дасціпным стылі з трапнымі параўнаннямі і цікавымі заўвагамі распавядае пра творчасць як вядомых літаратараў, што складаюць абавязковы пункт школьнай праграмы (Быкаў, Макаёнак, Янішчыц), так і малавядомых беларускіх творцаў (Лукаш Калюга, Паўлюк Шукайла).
Альгерд Бахарэвіч на імпрэзе таксама зачытаў шэраг агрэсіўных каментароў з гарачай дыскусіі на сайце Радыё Свабода, якія вельмі пацешылі прысутных. Нягледзячы на вялікую плынь абурэння, што накрыла пісьменніка, аб напісаным ён не шкадуе.
«Я сказаў усё, што хацеў. І я ганаруся сваімі эсэ, напрыклад, пра Шамякіна ці Макаёнка».
Раней Альгерд Бахарэвіч, які яшчэ быў і заснавальнікам панк-гурту «Правакацыя», пісаў даволі авангардныя вершы. Таму паэт Віктар Жыбуль пасля дэкламацыі аднаго з такіх вершаў дзесяцігадовай даўніны, заўважыў іронію лёсу ў тым, што «прыпанкаваты БумБамЛітавец» напісаў кніжку пра літаратуру. Увогуле падавалася, што ў Інстытуце імя Гётэ сабраўся ўвесь літаратурны бамонд, дакладней тая частка, што ўхваляе творчасць скандальнага пісьменніка: Віктар Марціновіч назваў кнігу Бахарэвіча падручнікам па беларускай літаратуры, а Адам Глобус распавёў некалькі цікавых фактаў з жыцця герояў кнігі. Напрыканцы прагучаў урывак паэмы беларуска-габрэйскага пісьменніка Мойшы Кульбака ў выкананні Сяргея Шупы і Аляксандра Памідорава.
Альгерд Бахарэвіч (нар. 1975) — беларускі пісьменнік і перакладчык, жыве ў Гамбургу. Аўтар кніг прозы «Праклятыя госьці сталіцы» (2008), «Сарока на шыбеніцы» (2009), «Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення» (2012). Лаўрэат другой прэміі імя Ежы Гедройца 2011 за кнігу «Малая медычная энцыклапедыя Бахарэвіча» і прэміі «Гліняны Вялес - 2002» за кнігу «Практычны дапаможнік па руйнаванні гарадоў».
Фотарэпартаж з прэзентацыі
Фота: Jan-Henrik Wiebe