Бясплатныя шэнгенскія веды

Пачуўшы назоў літаратурнага фэста «Шэнгенка», некаторыя маглі падумаць, што там раздаюць бясплатныя шэнгенскія візы, аднак там раздавалі бясплатныя веды па сучаснай літаратуры некаторых краін Шэнгенскай зоны. Цікава, што назву для мерапрыемства прыдумаў пісьменнік Павел Касцюкевіч, перад якім праблемы атрымаць шэнгенскую візу не стаіць, бо ён мае ізраільскае грамадзянства.

«На наш супольны погляд, гэта вельмі ўдалая канцэпцыя, канцэпцыя «Шэнгенкі», як адказ на замкнёнасць межаў, з якімі беларусы сутыкаюцца», —  тлумачыць выбар назвы адзін з арганізатараў фэсту філосаф Павел Баркоўскі.

Імпрэза пачалася са спажывання вітамінак, якімі частавалі арганізатары мерапрыемства прысутных. Усе прэзентаваныя кнігі польскіх, чэшскіх, вугорскіх і славацкіх аўтараў выйшлі ў 2012 годзе ў перакладзе на беларускую. Замест пісьменнікаў і паэтаў іх кнігі прадстаўлялі тыя асобы, якія звычайна застаюцца незаўважанымі чытачамі  — перакладчыкі. Дапамагаў ім паўсюльісны паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч.

Апошняга цяжка было назваць мадэратарам сустрэчы, бо асобныя ягоныя пытанні-прамовы цягнуліся даўжэй за адказы саміх перакладчыкаў кніг. Напрыканцы аднаго з такіх пытанняў перакладчыца Марыя Пушкіна пажартавала: «Самы час паўтарыць пытанне спачатку». І прысутныя засмяяліся і запляскалі ў ладкі. Марыя перакладала вандроўныя нататкі польскага эсэіста Анджэя Стасюка, там, са словаў перакладчыцы, можна знайсці і трэшовыя кавалкі Румыніі і коцікаў Славеніі.  

«Чытаючы Стасюка, усе падарожныя даведнікі губляюць сэнс», — лічыць Марыя, якая сама вандруе спынам і часам узгадвае тэксты Анджэя Стасюка.

Урыўкі з усіх пяці кніг зачытвалі вядомыя акцёры Павел Харлачук і Ганна Хітрык.

Падчас прэзентацыі апошняй кнігі вугорскага пісьменніка Пэтэра Надаша можна было з захапленнем паназіраць за вясёлымі пераўвасабленнямі Паўла, з дзеда ў бацьку, а потым у суседскага хлопчыка. Папулярны вугорскі аўтар Надаш у 2011 годзе быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію, але не атрымаў яе. Аднак Андрэй Хадановіч упэўнены, што ў бліжэйшай будучыні Надаш займее свайго Нобеля. Раман «Канец адной сямейнай сагі» перакладаўся Алесем Карцелем на беларускую не з арыгінальнай мовы раману (вугороскай), а з польскай.

Таксама на адкрыцці прадставілі вершы авангарднага польскага паэта Тадэвуша Ружэвіча, эсэ пра культуру славацкага дысідэнта Дамініка Татаркі і славацкі «Розум» Рудольфа Слабады.

«Кнігі абіраліся з дапамогай нашых калег з краін Сярэдняй Еўропы, яны стараліся абраць тых аўтараў, якія, на іх погляд, найлепш прэзентуюць іх краіну», — кажа Павел Баркоўскі.

Фестываль сярэднееўрапейскай літаратуры працягнецца да 29 сакавіка ў галерэі «Ў».

Фотарэпартаж з адкрыцця

Расклад мерапрыемстваў фэсту «Шэнгенка»

15 сакавіка (пятніца). Філасофская сустрэча «Наш вясёлы апакаліпсіс». Філасофія для нас пачынаецца недзе ў Грэцыі і далей пасяляецца дзесьці ў Германіі і Францыі, але зусім не ў нашых найбліжэйшых суседзяў. Кнігі серыі «Сярэднееўрапейскае мысленне» імкнуцца пераадолець гэты стэрэатып.

Кнігі, якія будуць прэзентавацца  на сустрэчы:

  •  Лешак Калакоўскі. Наш вясёлы апакаліпсіс (зборнік эсэ);
  •  Іржы Пржыбань. Дысідэнты права: пра «аксамітныя рэвалюцыі» 1989 года, спосабы легітымацыі, фікцыі легальнасці і сучасную версію грамадскае дамовы (манаграфія);
  •  Юзэф Тышнэр. Мысленне паводле каштоўнасцяў (манаграфія).

Чакаецца  таксама прыезд і аўтограф-сесія  аднаго з аўтараў — чэшска-брытанскага тэарэтыка права, філосафа, прафесара Іржы Пржыбаня. Сярод выступоўцаў — перакладчыкі і філосафы Аляксей Ластоўскі, Таццяна Урублеўская, Павел Баркоўскі, Валянцін Акудовіч, Лілія Ільюшына. Вядоўца імпрэзы — Ігар Бабкоў. Галерэя «Ў». Пачатак а 19-й.

20 сакавіка (серада). Сацыялагічна-паліталагічная сустрэча «Паўстанне Еўропы». Для Беларусі тэмы гістарычнага фармавання нацыі, адметнасці шляхоў паўставання вялікіх і малых этнасаў, пакручастасці лёсаў тых народаў, што гістарычна пражывалі на землях ад берагоў Дуная да берагоў Дняпра, вельмі блізкія і надзвычай цікавыя.

Кнігі, якія будуць прэзентавацца  на сустрэчы:

  • Iштван Бiбо. Пра гаротнасць малых усходнееўрапейскіх дзяржаваў (навукова-палемічная праца);
  • Анджэй Валіцкі. Нацыя, нацыяналізм, патрыятызм (зборнік навуковых артыкулаў).

Сярод выступоўцаў  — перакладчыкі і рэдактары, сацыёлагі і палітолагі: Андрэй Храпавіцкі, Анатоль Сідарэвіч, Генадзь Сагановіч, Андрэй Казакевіч, Ігар Бабкоў, Аляксей Дзермант. Вядоўца імпрэзы — Аляксей Ластоўскі. Галерэя «Ў». Пачатак а 19-й.

26 сакавіка (аўторак). Літаратурная вечарына «Пражская вясна ў Мінску». Прэзентацыя твораў чэшскай літаратуры як сусветна вядомых класікаў, так і сучасных папулярных аўтараў у дыхтоўных беларускіх перакладах:

  • Багуміл Грабал. Я абслугоўваў ангельскага караля (раман);
  • Эган Бонды. Запрашэнне на вячэру (выбраныя творы);
  • Міхал Вівэг. Цудоўныя гады сабаку пад хвост (раман);
  • Ірэна Доўскава. Моцны Жбуць (раман).

У прэзентацыі  бяруць удзел перакладчыкі і рэдактары  Вераніка Бяльковіч, Ганна Янкута, Лявон  Баршчэўскі, Віктар Жыбуль і віртуальны Макс Шчур. Урыўкі з твораў прачытаюць Ганна Хітрык і Павел Харланчук. Вядоўца — куратар серыі «Чэшская калекцыя» Сяргей Сматрычэнка. Галерэя «Ў». Пачатак а 19-й. 

29 сакавіка (пятніца). Мемуар-вечарынка. Жанр белетрызаваных успамінаў заслужана мае вялікую папулярнасць у свеце. Рэальныя падзеі часцяком могуць быць больш фантастычнымі і неверагоднымі за самую выкшталцоную выдумку, асабліва калі вядзецца пра трагічныя падзеі еўрапейскай гісторыі ХХ стагоддзя.

На сустрэчы будуць прэзентаваныя  наступныя кнігі:

  • Жо Лангерава. Калісьці ў Браціславе. Маё жыццё з Оскарам Л.;
  • Ян Рознэр. Сем дзён да пахавання;
  • Імрэ Кертэс. Страчаны лёс;
  • Шандар Марай. Споведзь мешчаніна.

Удзел возьмуць перакладчыкі Павел Раага, Таццяна  Абдулхакава, Святлана Рогач, Ірына Дарафейчук. Урыўкі з твораў прачытаюць Ганна Хітрык і Павел Харланчук. Вядоўцы — Андрэй Хадановіч і  Сяргей Сматрычэнка. Галерэя «Ў». Пачатак а 19-й. 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0622 seconds.