«Чорнае ня ёсьць белым!» — студэнты БДУ пра адстаўку Казуліна

Нават апошні пэтэвэшнік ужо ведае, што самая галоўная навіна гэтага тыдню — адстаўка рэктара БДУ А. Казуліна. 

Тым часам мы, студэнты БДУ, можам назіраць за тым, як былога рэктара імкнуцца ператварыць у пакутніка. Рэктара, які яшчэ толькі ў панядзелак, 17 лістапада, на апошняй сваёй публічнай сустрэчы са студэнтамі, абваляў іх жа "ў гноі". Чаго толькі варты запатрабаваны ім сінхронны пераклад на расейскую мову беларускамоўнага пытаньня ад студэнта. І гэта нядаўні чыноўнік, які колькі часу таму меў статус, параўнальны са статусам міністра. Рэктар дазволіў сабе прылюдна абразіць студэнтаў, пасля таго, як колькі хвілінаў таму распавядаў пра "эўрапейскасьць" і "першакласнасьць" унівэрсытэта, сваю павагу і любоў да студэнтаў.

Тым, хто ўжо пачаў бачыць німб над галавой Казуліна і аддана выказвае сваю падтрымку "чарговай ахвяры дыктатарскага рэжыму", варта нагадаць, што мы маем тут справу са сваім маленькім дыктатарам, які заўсёды быў паслухмяным у дачыненьні да рэжыму самага вялікага дыктатара, і праўленьне якога спрыяла ўсё большаму запрыгоньваньню студэнцтва: гвалтоўнае ўвядзеньне новых студэнцкіх білетаў — гэта толькі самы апошні і, бадай, самы радыкальны захад, які пасьпеў зьдзейсніць заўтрашні пакутнік.

Няхай чыноўнікі ладзяць свае разборкі паміж сабой — мы ня хочам быць уцягнутымі ў іх брудныя гульні. Але ж і ня будзем моўчкі назіраць за тым, як нахабную хлусьню ператвараюць у праўду.

Чорнае ня ёсьць белым!

gameover 00:00, 22/11/2003 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0623 seconds.