Рэктар БДЭУ адмовіўся сустрэцца з эўрапейскімі амбасадарамі

Рэктар Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту Ўладзімер Шымаў адмовіўся сустрэцца з дэлегацыяй паслоў Эўрапейскага Зьвязу, якія мелі намер абмеркаваць з рэктарам сытуацыю, што склалася вакол адлічэньня з ўнівэрсытэту студэнткі Тацяны Хома.

Пра гэта 6 сьнежня паведаміла прэсавая служба амбасады Велікабрытаніі. Кіраўнікі дыпляматычных місіяў краінаў Эўразьвязу выказалі занепакоенасьць абмежаваньнем правоў і свабодаў беларускіх студэнтаў. Яны выказалі шкадаваньне з прычыны абмежаваньня свабоды руху, што “супярэчыць міжнародным абавязкам краіны, аб прыхільнасьці якім яна заяўляе”. Амбасадары выказалі спадзяваньне, што Тацяна Хома зможа працягнуць навучаньне ў БДЭУ.

Нагадаем, што Тацяна Хома была адлічаная 24 лістапада з фармулёўкай “за грубае парушэньне ўнутранага распарадку”. Нагодай для адлічэньне стала не санкцыянаваная кіраўніцтвам ўнівэрсытэта трохдзённая паездка ў Францыю для ўдзелу ў зьезьдзе Саюзу нацыянальных студэнцкіх аб’яднаньняў Эўропы. На ім Тацяна Хома была абраная адной зь сямі сябраў выканаўчага камітэту арганізацыі на 2006 год.

Больш 8 тысяч эўрапейцаў і наагул краінаў сьвету паставілі свае подпісы ў абарону правоў Тацяны Хома. У пэтыцыі таксама ёсьць патрабаваньне аб забесьпячэньні ўсім студэнтам рэспублікі "права прыймаць удзел у студэнцкіх рухах Беларусі і па-за яе межамі".

Эўрапейская асацыяцыя ўнівэрсытэтаў (EUA) 2 сьнежня прыпыніла сяброўства БДЭУ у гэтай арганізацыі і заклікала іншых сваіх сябраў (болей 700 ВНУ Эўропы) спыніць супрацоўніцтва з гэтым ўнівэрсытэтам.

Кіраўнік EUA прафэсар Вінклер у сваім лісьце рэктару Шымаву заявіў, што аднаўленьне БДЭУ ў асацыяцыі магчымае толькі пасьля аднаўленьня Тацяны Хома ва ўнівэрсытэце.
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0589 seconds.