“Мы спыняем сяброўства БДЭУ, пакуль унівэрсытэт ня зможа гарантаваць абароны студэнтаў”

Cяброўства БДЭУ ў Эўрапейскай асацыяцыі ўнівэрсытэтаў будзе адноўленае толькі пасьля таго, як Тацяну Хому зноў залічаць у студэнты. Пра гэта Беларускай Свабодзе паведаміў дырэктар праграмаў разьвіцьця асацыяцыі Дэвід Кроўсэр. Прарэктар па навучальнай працы Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту Сяргей Шаўрук гаворыць, што іх унівэрсытэт ніколі не атрымліваў ад эўрапейскай асацыяцыі ніякіх матэрыяльных дабротаў, а толькі спраўна плаціў немалыя сумы штогадовых складак.

Кіраўніцтва Эўрапейскай асацыяцыі ўнівэрсытэтаў не зьбіраецца аднаўляць сяброўства Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту ў сваёй арганізацыі да таго часу, пакуль Тацяне Хоме не дадуць магчымасьць працягваць навучаньне. Гаворыць дырэктар праграмаў разьвіцьця Эўрапейскай асацыяцыі ўнівэрсытэтаў Дэвід Кроўсэр:

(Кроўсэр: ) “Мы павінны спыніць сяброўства, пакуль унівэрсытэт ня зможа гарантаваць абароны студэнцкага жыцьця і свабоды. Мы вельмі спадзяемся, што, нягледзячы ні на што, унівэрсытэт адновіць спадарыню Хому. Калі ўнівэрсытэт гэта зробіць, і калі ён будзе гарантаваць і абараняць студэнцкае жыцьцё і свабоду, тады мы будзем рады падтрымаць іх супрацоўніцтва з усімі удзельнікамі Асацыяцыі. Але калі ўнівэрсытэт не гатовы аднавіць спадарыню Хому, мы, на вялікі жаль, ня здольныя аднавіць сяброўства унівэрсытэту ў нашай Асацыяцыі”.

Прарэктар унівэрсытэту Сяргей Шаўрук сказаў, што прыпыняць сяброўства ў асацыяцыі ёсьць яе правам. Гаворыць Сяргей Шаўрук:

(Шаўрук: ) “Фактычна ніякіх фінансавых рэсурсаў мы ад іх не атрымліваем, ніводнага эўра. А мы плацім давольна вялікія складкі — прыкладна 3,5 тысячы даляраў на год. У іх жа там апарат, чыноўнікі, і мы іх павінны карміць. Ніводнага студэнта па іх лініі мы нікуды не накіравалі, ніводнай праграмы ад іх не атрымалі. Як, зрэшты, і ад Эўрапейскага Зьвязу ў цэлым. Прафэсійныя зносіны — гэта так. Яны могуць на нас пакрыўдзіцца, гэта іх права”.

Тацяна Хома зьдзіўленая такой пазыцыяй кіраўніцтва эканамічнага ўнівэрсытэту:

(Хома: ) “Я думаю, што, калі ўнівэрсытэт так шмат плаціў і не хацеў быць сябрам асацыяцыі, то мог бы і сам сысьці. Апошнія падзеі, у тым ліку выключэньне з Эўрапейскай асацыяцыі ўнівэрсытэтаў, і зварот асацыяцыі да сваіх сябраў спыніць стасункі з ўнівэрсытэтам значна пагоршылі ягоны імідж”.

Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт быў сябрам эўрапейскай асацыяцыі з 2002 году.

//Радыё Свабода 

17:26, 06/12/2005 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0581 seconds.