Асаблівасьці беларускага студэнцтва: Кася Крот

Новая рубрыка матэрыялаў studenty.by “Асаблівасьці беларускага студэнцтва” прадстаўляе студэнтку Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту Касю Крот. Кася ўжо на 4 курсе, навучаецца па-беларуску, аптымістычна глядзіць на жыцьцё, трапна жартуе, ходзіць на пары (нават на ўскрыцьцё!), распавядае рэцэпты ад студэнтаў-мэдыкаў і ня супраць стаць патолягаанатамам, калі толькі па разьмеркаваньні не накіруюць тэрапеўтам. З Касяй Крот размаўляла карэспандэнтка studenty.by Яніна Бурая.

Таямнічы мэдычны сьвет заўсёды прыцягальны. Колькі ходзіць показак да баек пра мэдыкаў! А тут яшчэ высьветлілася, што мая знаёмая студэнтка – Кася Крот – ідзе на ўскрыцьцё... Тут я ё падумала пра цікавы матэрыял для studenty.by...

І вось серада, раніца. Сквэрык, Дзяржынскі, побач – шумны праспэкт. На скамеечцы сядзяць двое: Кася і Воля (Касіна аднагрупніца). Майму зьдзіўленьню няма межаў! Людзі толькі што на ўскрыцьці былі, я спадзявалася пабачыць зьбялелыя твары. А замест гэтага – усьмешкі. Да таго ж, гэтыя ўсьмешкі паглынаюць бублікі, крабавыя палачкі і старанна запіваюць усё гэта таматным сокам.

СТУДЭНТЫ НА ЎСКРЫЦЬЦІ

- Ну, і як гэта было, як прайшла працэдура ўскрыцьця?
- Звычайна.... Проста, мы раней бачылі ўскрыцьцё. Ну, ...ляжаць трупікі :)

- А ці праўда, што ёсьць “трупная атрута”?

- Чаго? :)

- А можаш распавесьці, як там – на ўскрыцьці?

- Я нават ня ведаю, пра што распавядаць... Цікава, калі прыходзіш у залю і бачыш: ляжыць перад табой чалавек. Ты ведаеш, што ён памёр, але ад чаго – не. А пасьля зазіраеш глыбей і там бачыш нейкія зьмены ў ворганах і можаш адкрыць загадку гэтага чалавека. (тут Касіна сяброўка Воля, адкусваючы кавалак бубліка, кажа: “Кася рамантык проста” – рэд.)

- Слухайце, а вас на першым ускрыцьці не ванітавала?

- Не, наадварот, есьці захацелася :) ...

- Ну вы, людзі, даеце!!!

- Ведаеш, проста, калі я іду на нейкія хірургічныя апэрацыі, бачу чалавека. Ён жывы, зь ім нешта робяць. То і хвалюесься за чалавека, чым усё гэта скончыцца. А на атамічнае ўскрыцьцё ты прыходзіш, чалавек там ужо мёртвы. Горш ты яму ўсё роўна ня зробіш.



НАВУЧАНЬНЕ ПА-БЕЛАРУСКУ

- Мэдыкі навучаюцца па новых тэхналёгіях?

- Канешне.
Тут дададае Касіна сяброўка Воля:
- (Воля) А новыя цудоўныя слайды па хірургіі за 60-я гады? Гэта нармальна?!
- (Кася) Ну, яны ж харошыя! J Усё ж бачна. А вось у колькасьці раздатачнага матэрыялу – недахоп.

- А як у вас з навучаньнем, як выкладчыкі ставяцца да таго, што вы па-беларуску навучаецеся?

- Яны розныя бываюць. Нам пакуль трапляліся такія, што ставіліся да гэтага нармальна. Шмат хто станоўча. Некаторыя самі пачынаюць цікавіцца спэцыфічнымі мэдычнымі тэрмінамі.

- А ці не было напачатку складана?

- Цяжка было знайсьці тэрміны мэдычныя. Але было нават цікава шукаць беларускія адпаведнікі.Так лепш запаміналася. А зараз у нашым гурце ёсьці яшчэ тры ліванцы...

- А яны таксама па-беларуску навучаюцца?

- Ну, яны – па-расейску. І то зь цяжкасьцямі. А вось мы пачынаем вывучаць арабскую мову. Ліванец сам прапанаваў. Ужо другі тыдзень.

- І што вы ўжо можаце сказаць па-арабску?

- (пасьля ўгавораў і моцна саромеючыся) Масажэра малікі... Па-беларуску гэта азначае: “У чым сакрэт тваёй прыгажосьці?”




АСАБЛІВАСЬЦІ СТУДЭНТА-МЭДЫКА

- А як сьвяткуеце Дзень мэдыка?


- Мы неяк больш Дзень студэнта... Мы ж яшчэ студэнты! :)

- Як бы ахарактызавала студэнта-мэдыка? Чым ён адрозьніваецца?

- Ён раней за іншых сыходзіць зь вечарыны. Хоць па сьценцы, хоць як.
Ён, як  і ўсе студэнты, можа быць двух  відаў:
а) заточка, што грызе граніт навукі
б) нармальны студэнт :)
Ён носіць на пары белы халат, шапачку і пальчаткі.

Дарэчы, наконт пальчатак. Думаю, вы чулі такую показку пра студэнта-мэдыка, які забыўся на іспыт узяць пальчаткі і даставаў ворган з фармаліну рукой. Да сустрэчы зь дзяўчатамі я таксама думала, што гэта жарт. А аказваецца, што яны такое амаль на кожным занятку робяць! Цяпер я разумею, чаму не пайшла ў медыцыну! А яшчэ на ўскрыцьцё хацела!



МЭДЫЧНЫЯ ПАРАДЫ

- А ці не былі якія перадумовы стаць мэдыкам? У дзяцінстве цікавілася мэдыцынай? Ну, там жучкоў ускрывала, напрыклад?

- (сьмяецца) Хадзіла з ножыкам і рэзала ўсё, што бачыла жывое... Не, канешне. Я лазіла па аптэчцы сваёй бабулі, разглядала шпрыцы, лялек лекавала...

- А мэдыкі самі часта хварэюць?

- Ой, часта. У балініцу ж розныя людзі прыходзяць. Ёсьць такія, што чыхаюць ажно ў твар. А на заняткі мы ходзім нават калі хворыя, бо адпрацоўкі пасьля складаныя. Апіраемся адзін на аднаго, але ходзім...

- Карыстаючыся магчымасьцю, хачу папрасіць які-небудзь эксклюзіўны рэцэпцік ад грыпу, напрыклад.


- Сродак ад грыпу. 100-150 г гарэлкі, 1 лыжка мёду. Усё гэта распушчаеце. Галоўнае – рабіць гэта вечарам. Выпілі і – адразу спаць. А на раніцу прачнецеся абсалютна іншым чавекам!
- (Воля) Кася, ты гарбату забылася.
- (Кася) Гарбата не абавязкова.
- (Воля) Патрэбна. Выкладчыца сама сказала!
- (Кася) Ну, можна, канешне, запіць усё гарбатай. Ну, а можна спаць легчы.

- Зараз столькі шуму вакол птушынага грыпу. А наколькі бясьпечна набываць курыцу ў студэнцкіх сталоўках?

- Есьці курыцу ў студэнцкай сталоўцы няшкодна, таму што яна праходзіць тэрмічную апрацоўку. І ўвогуле, я думаю, пытаньне пра птушыны грып надта раздутае, таму што ад звычайнага грыпу людзі часьцей паміраюць. Наколькі я ведаю, у Эўропе яшчэ ніхто не памёр ад птушынага грыпу.

___________________________________________________
Я выключыла дыктафон, але размова на гэтым ня скончылася. Мы прагуляліся па сквэрыку, зьелі па марозіву, зарганізавалі фотасэсію на сьвежым паветры. Дзяўчаты распавялі мне яшчэ пра сваё студэнцкае жыцьцё, далі колькі мэдычных парадаў. Я таксама высьветліла, што ад трупа можа пахнуць перагарам. А яшчэ, што калі пры ўскрыцьці страўнік уздуты і з чырвонай вадкасьцю, то тут адно з двух: альбо ў чалавека было крывазьліццё у страўнік, альбо ён перад сьмерцю боршчыку пакушаў.

Размова, як бачыце, атрымалася даволі зьмястоўная і пазнавальная. А агулам, дзяўчаты намалявалі мне вельмі станоўчы партрэт беларускага студэнта-мэдыка, Гэта сьціплы, але рашучы, прынцыповы, але ветлівы і добры чалавек. Чалавек справы. Такім людзям можна даверыць сваё жыцьцё!

P.S. Сваё жыцьцё ў гэты дзень мне яшчэ давялося даверыць. Стаматолягу. Так што сьмела можна сказаць, што дзень атрымаўся “мэдычны” :).

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0678 seconds.