Гурт Recha прэзентуе кліп «Снег» з каляднай таямнічасцю і супадзеннямі з рэальнасцю

Напярэдадні зімовых святаў гурт Recha прэзентуе кліп на песню «Снег» з новага альбому «Перайначыць». Кліп быў адзняты тры гады таму, але музыкі не хацелі выпускаць яго раней за альбом, прэзентацыя якога адбылася ў лістападзе гэтага году.

Па сюжэце лірычная гераіня Паліна Паланейчык уцякае ад праблемаў з качачнага лесу, які напоўнены стралянінай і баевікамі, дзяўчына марыць уцячы ў... сонечны Крым.

З таго часу шмат чаго змянілася ў свеце, распавядае Generation.by лідар гурта Recha Андрусь Такінданг:

«За тры гады міру, супакою ў свеце паменьшала, і я зусім па-іншаму ацэньваю тагачаснае відэа. Лірычная гераіня марыць уцячы ад праблемаў у сонечны Крым, казачны лес поўніцца стралянінай, аўтаматчыкамі, баявікамі з пісталетамі…такія вось невясёлыя мастацкія супадзенні».

Пеаклад - Марыся Сільвановіч, аператары - Дзяніс Міжуй, Дмітры Бандарчук, рэжысура, малюнкі, лірыка - Андрусь Такінданг, супервайзэр, аніматар - Дзяніс Міжуй, фатограф - Юльяна Сакалоўская, макіяж - Наталля Сурымта, музыка - гурт Recha

У цэнтры сюжэта відэароліка – беларуская спявачка Паліна Паланейчык. Па іроніі лёсу яе першая песня прыйшла да яе ў Крыму, да якога яна так імкнецца згодна сюжэтнай лініі.

«Паліна Паланейчык ласкава пагадзілася паўдзельнічаць у «Снезе». Мы закопвалі, адкопвалі яе, адпойвалі «гарачыцельным», затым зноў рабілі дублі. Зіма, лес, сумёты, маразы», – распавядае музыка.

Стварэнне і выпуск кліпа суправаджалі разважанні і ваганні, якімі падзяліўся з намі Андрусь Такінданг:

«Кампазіцыя «Снег» для музыкаў Recha самая супярэчлівая, нават думалі не змяшчаць яе ў альбом. Як вызначыць песню: ці то гэта эстрадны рок канца 90-х, ці то кпіны з яго? Спрачаліся, крытыкавалі сябе, сварыліся. Але мне здаецца, што ў «Снезе» ёсціка калядная таямнічасць, дух новага году! Сябры, зычу міру ў сэрцы, міру ў свеце, хай нам шчасціць у будучым годзе!»


Юля Сакалоўская 18:00, 24.12.2015 | Навіны |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0475 seconds.