Port Mone вярнуць «Альбом года» ў Беларусь

21 траўня ў Мінску адбудзецца сольны канцэрт інструментальнага трыа Port Mone, чый дыск «Thou» ў сакавіку атрымаў галоўны прыз – «Альбом года» – на ўзнагародах Experty.by па галасах беларускіх і замежных крытыкаў.

Канцэрт адбудзецца пры падтрымцы інтэрнэт-правайдэра «Атлант Тэлекам» і стане своеасаблівым вяртаннем проекта на радзіму. Матэрыял альбома «Thou» быў створаны ў Беларусі, запісаны ў лесе пад Мінскам, пасля чаго распачаў міжнароднае падарожжа. Выданне адбылося на славацкім лэйбле Hevhetia, канцэртныя прэзентацыі праграмы паспяхова прайшлі ў Славакіі, Украіне, Польшчы, Швецыі. У Мінску паўнавартаснага выступа дагэтуль не было.

– Мы радыя, што дзякуючы гэтай узнагародзе ў нас атрымаецца даць вялікі сольны канцэрт у Беларусі. Мы граем інтэрнацыянальную музыку, але яе карані менавіта ў беларускіх краявідах і настроях, – адзначаюць музыкі гурта.

Інструментальнае трыа PortMone было створанае ў Мінску ў 2006 годзе. У яго склад уваходзяць Аляксей Варсоба (акардэон), Аляксей Ванчук (бас-гітара), Сяргей Краўчанка (перкусія). Іх музыка – гэта аповед пра пачуцці, эмоцыі і адчуванні.

«Thou» – трэці па ліку альбом PortMone. Дэбютны дыск "Dip" (2009) быў выдадзены на расійскім лэйблэ "Геометрия". Другі альбом "Хмелева Project" (2012) – супольны праект з украінскім фолк-гуртом "ДахаБраха" – выйшаў на лэйбле "Наш формат" (Украіна). Абодва дыскі ў свае гады атрымалі "Прыз замежных экспертаў" на ўзнагародах Experty.by. Таксама ў 2013 году калектыў стварыў саўндтрэк да ўкраінскага нямога фільма "Хліб" (1929).

«Атлант Тэлекам» прадстаўляе:
PORT MONE з праграмай «THOU»
21 мая – Мінск, КЗ «Верхні горад» (пл. Свабоды 23А) – 19.00,
Квіткі: ад 175.000 да 235.000 у касе КЗ «Верхні горад», а таксама Kvitki.by, Ticketpro.by, Kassy.by
Тэлефон касы: (017) 327-39-44, (044) 577-39-24, працуе з 12.00 да 19.00 (акрамя нядзелі).
Інфалінія: (029) 679-78-53

14:13, 16/04/2015 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0621 seconds.