Новы альбом беларускага трыа PortMone, які быў запісаны ў лесе, выдае буйны еўрапейскі лэйбл

Portmone

Альбом «Thou» беларускага інструментальнага трыа Port Mone выдадзены буйным еўрапейскім лэйблам Hevhetia (Славакія), што спецыялізуецца на рэлізах неакласікі, джазавай ды авангарднай музыкі.

Афіцыйная дата выхаду альбома - 8 верасня. Запіс будзе даступны ў продажы на сэрвісе amazon.com і на афіцыйным сайце лэйбла. Новая праграма была прадстаўлена музыкамі гурта на міжнародных фестывалях «Hevhetia festival» (SK), «Integrations-Meditations Festival» (PL), «Echo Festival» (BY), «Drewniane Ucho Festival» (PL), «XV Trialoh / Krynki 2014» (PL) і высока ацэненая еўрапейскімі крытыкамі.

Уласна запіс альбома стаў полем для эксперыментаў з гукам. Удзельнікі праекта адмовіліся ад лабараторных умоваў студыі, аддаўшы перавагу натуральнай акустычнай прасторы. Студыйнае абсталяванне было перавезенае ў лес, дзе і адбываўся запіс усіх кампазіцый. Такая тэхніка запісу прадыктаваная не столькі акустычнымі вымаганнямі, але ідэалогіяй самога матэрыялу, закліканага выразіць галоўную творчую місію Port Mone - зварот да нечага натуральнага, чыстага і першатворнага ў чалавечай душы, да таго, што існуе па-за сацыяльнымі ўмоўнасцямі і нормамі. Кампазіцыі альбома скаладюць своеасаблівую карту глыбінных перажыванняў сапраўднасці ў абставінах, добра знаёмых кожнаму з нас - закаханасці, здрады, чакання, згубы, адчаю, спакою, шчасця…

 

Мінімалістына стрыманая, але выключна шчырая музыка Port Mone добра вядомая меламанам як у Беларусі, так і па-за яе межамі. У актыве гурта - выступы на буйнейшых міжнародных музычных фестывалях, музыка да анімацыйных, дакументальных і мастацкіх фільмаў, тэатральных пастановак. Гурт з’яўляецца актыўным удзельнікам міжнародных праектаў. Так, у 2012 годзе быў запісаны і выдадзены «Хмелева Project» – сумесная праграма Port Mone і ўкраінскага гурта «Даха Браха». А ў 2013 годзе па ініцыятыве ўкраінскага кінафонду імя Н.Даўжэнка музыкі ажыццявілі працу па агучванні кінафільма Мікалая Шпікоўскага «Хлеб» (Украіна, 1930) — яна стварыла фурор на міжнародных кінафестывалях («Немые Ночи» (UA), «Pordenone silent film Festival» (IT), «Gogolfest» (UA) и  «The 5th VOICES film festival» (RU)).

Склад гурта:

  • Аляксей Варсоба – акардэон,
  • Сяргей Краўчанка – перкусія,
  • Аляксей Ванчук – бас-гітара.

Дыскаграфія:

  • 2009 – «DIP», CD, лэйбл «Геометрия» (RU) (узнагароджаны прызам замежных экспертаў музычнай прэміі Experty.by-2009, намінаваны на прэмію Степной Волк-2010 ў катэгорыях “Лепшы альбом” і “Музыка”)
  • 2012 – «Хмелева Project», CD, лэйбл «Hermetyczny Garaż» (PL), агенцтвы «АртПоле» і «Наш Формат» (UA) (сумесна з «Даха Браха», узнагароджаны прызам замежных экспертаў музычнай прэміі Experty.by-2012)
  • 2014 – «Хлiб», DVD, выдадзены Нацыянальным Цэнтрам Аляксандра Даўжэнка (UA)
  • 2014 – «Thou», CD, лэйбл «Hevhetia» (SK)

 Сайт гурта: portmonetrio.com


Аўтар здымкаў — Максім Шумілін


18:07, 05.09.2014 | Навіны |




comments powered by Disqus
 
In 0.0477 seconds.