Яўген Барышнікаў: «Вышымайткі, вышышыны… Вы што, сур’ёзна?»


Яўген Барышнікаў на свяце «Багач» у Вязынцы. Фота: Косця Абрамовіч

Намеснік старшыні «Студэнцкага Этнаграфічнага Таварыства» Яўген Барышнікаў напісаў дасціпны і шчыры тэкст пра недарэчнасці ў тэндэнцыі захаплення «вышырэчамі».

Я не хачу пісаць гэты тэкст. Гэта першая думка, якая мне прыходзіць да галавы, калі я прыкідваю, з чаго б усё ж такі пачаць. Я браўся пісаць і адкладаў, супакоіўшыся, гэты тэкст столькі разоў, колькі было інфармацыйных нагодаў яго пачаць апошнім часам. Іх хапала. Аднак, халера дзяры, я не хачу гэта пісаць. Штосьці падобнае, мабыць, адчувае доктар перад тым як выйсці да сваякоў з несуцяшальным дыягназам. Не хачу. Але разам з тым мушу. Пайшоў.

Вы сваякі? Сітуацыя складаная. Пачнем з анамнезу.

Мала вядома пра яе дзяцінства і маладосць. Мы знайшлі яе ўжо ў сталым веку, як сфармаваную асобу з усталяваным светапоглядам. Глядзелі на яе са здзіўленнем праз манокль і вагаліся паміж зайздрасцю, шкадаваннем і захапленнем. А яна не звяртала на маноклі ўвагі. Трошку пазней фабрычныя гудкі прынеслі ў яе свет не толькі брокараўскае мыла ды электрычныя лямпачкі, але і іншыя фарбы, іншыя напевы ды іншыя эмоцыі. Яна пасунулася — не гордая. Нешта нават пераняла для зручнасці — кемлівая. Але час патрабаваў большага. Спачатку яе спрабавалі перавучыць, перайначыць, паставіць на службу. Адаптавалася, перажыла. Потым — хаця б падправіць, падчысціць, аформіць у рамкі, стандарты, падручнікі, паставіць пад сафіты. Атрымалася нешта зусім новае і чужое. Не, яна не адмаўлялася пастаяць пад сафітамі, проста гэта для яе была сітуацыя стрэсавая і ненатуральная. Пагатоў дома столькі працы чакае…

Але яшчэ ў 70–80-я яна ў поўнай красе была гераіняй фільмаў і сенсацыйнай знаходкай: маўляў, гляньце, дзіва якое квітнее ў наш прагрэсіўны час! А прагрэс, між тым, сапраўды шчыраваў, не шкадуючы.

І вось яе дзеці — гарадскія ў першым калене — ужо саромеюцца яе. Так нібыта было трэба, бо нейкі адкормлены на гарадскіх булках гіцаль (родам з суседняе вёскі) назваў іх “калхознікамі”. Няхай так, не нам судзіць гэтае закамплексаванае пакаленне.

Яе ўнукі — ужо спрэс прагрэсіўныя людзі свету, без каранёў і забабонаў, хіба бавілі ў бабулі лета. Але нешта было цьмянае і таямнічае ў тых летніх вясковых тыднях. Нешта прывабнае сваёй сапраўднасцю. Толькі што? Яны ніколі не ведалі, а спытаць дома не было ў каго: іх бацькі наўмысна забыліся.

Але асадачак застаўся. І як толькі вялікі шматкультурны свет — гэты гандлёвы цэнтр размаітых касцюмаў, масак і ідэнтычнасцяў, дзе ўсе настолькі разнастайныя, што ажно аднолькавыя — знянацку дае пад дых нечаканым пытаннем: “Ну ладна, а ты чым адрозніваешся ад астатніх?” — усе раптам пра яе згадваюць. “Пазычце строй”, “навучыце тэрмінова якой песеньцы ці танцу”, — тыповыя і частыя просьбы ад тых, хто ўжо з гонарам адолеў некалькі ніжніх прыступак піраміды патрэбаў і выбраўся паказаць сябе ў базарны дзень. А паказаць і няма чаго. А не маеш чым ганарыцца — ганарыся нацыянальным.

І няўмольны закон рынку тут жа нараджае з попыту прапанову: неўзабаве з’яўляюцца гандляры, інтэрпрэтатары, медыумы, гуру, афені з індульгенцыямі і ахоўнымі амулетамі, шарлатаны, гадалкі, прадстаўнікі іншых старажытных прафесій. Рознай ступені падрыхтаванасці, рознай ступені разумовых здольнасцяў, густу, прыстойнасці і адказнасці. І пачынаецца гандаль. “Залатыя правілы народнай культуры”, “народныя паясы на слуцкі манер”, “крывіцкія руны”, вышымайкі, вышымайткі, вышышыны, вы… вы… Вы што, сур’ёзна?

Вы ж разумееце, што адбываецца? Я вось насамрэч ніякі не доктар, проста хацеў пазырыць на чарговае мясцовае абвастрэнне апісанай яшчэ Хобсбаўмам з’явы. Разлічваў паміж справамі весела адпачыць на галёрцы анатамічнага тэатра з папкорнам, маўляў, сабакі брэшуць, караван ідзе. Мода і трэнды зменяцца праз год, і ўжо іншыя “сенсацыі, азарэнія і ўдзівіцельныя адкрыція” прапануе нам свет. Усё мінае, і гэта міне. Але раптам зразумеў адну рэч. Выдраныя з кантэксту арнаменты, ажыятаж вакол тату і прынтоў, магічныя шрыфты, “руны” і іншыя спробы манетызацыі комплексаў і сантыментаў — гэта ўсё было б цікава і нават карысна, каб не адзін невідавочны нюанс.

Рэч у тым, што гэта ўсё аўтарскія праекты. Калі не кранаць матывацыі і мэтаў аўтараў, у самім гэткім аўтарстве няма нічога кепскага: чым больш творцаў здольная натхніць тая ці іншая традыцыя, тым, значыць, яна больш багатая, жыццядайная і, урэшце, жыццяздольная. То бок бяда не ў самой наяўнасці інтэрпрэтацый. Д’ябал хаваецца ў тым, як яны пазыцыянуюцца і ўспрымаюцца. А пазыцыянуюцца гэтыя аўтарскія праекты-інтэрпрэтацыі ў медыях і масавай свядомасці (па шчырым няведанні ці наўмысна) рыхтык як нешта традыцыйнае, сапраўднае. Пры тым не абавязкова аўтарамі, але, напрыклад, занадта руплівымі журналістамі. З найлепшых намераў выкладзена дарога гэтая.

І вось для неабазнанае (але сентыментальнае) аўдыторыі з “бабціных унукаў” гэтыя няўлоўныя сантыменты, гэтая іх унутраная вера і дзіцячае адчуванне магічнага, як у крыштальнай сферы базарнае гадалкі, увасабляецца ў канкрэтныя формы. Так разбураецца першапачатковая магія шматзначнасці, нівелююцца ўсе астатнія магчымыя варыянты, усё багацце сэнсаў, звужаючыся да канкрэтных аўтарскіх трактовак, злепкаў, копій. Арыгінал якіх — вось дзіва! — па-ранейшаму застаецца невядомым. Падобным чынам працуюць, напрыклад, соннікі — сухія, высмактаныя з пальца тлумачэнні ўбачаных у сне цудоўных і незразумелых рэчаў. Заўважалі, дарэчы, з якой ахвотай соннікі, гараскопы і іншы падобны шырпатрэб размяшчаюць у танных газетах, на рэкламных экранах у аўтобусах, рэгіянальных тэлеканалах ці іншых месцах, дзе не хапае якаснага кантэнту? Ідэальны інфармацыйны шум — персанальны і бессэнсоўны. Такім чынам, пры пэўнай нахабнасці гадалкі выпадковыя праекцыі з крыштальнае сферы замацоўваюцца і падмяняюць сабой традыцыйны пласт арнаментыкі, мелодыкі, абраднасці. Становяцца своеасаблівым адбіткам, маляўнічым аповедам гуру пра тое, што калісьці было, але чаго нібыта ўжо не існуе.

Існаванне чаго ўжо прынамсі неістотнае. Непатрэбнае. І нават шкоднае. Для гуру.

Вось сімптомы і хвароба, якая яе забівае. Толькі гэта не яе хвароба, дарагія сваякі.

Для большасці з нас традыцыйная культура — гэта пыл этнаграфічнага музея. Гэткі “беларускі куток” — такіх багата па садочках і школках. Ён мілы і дарагі, але адначасна гідкі сваёй нафталінавасцю. Бо, па сутнасці, успрымаецца як спарахнелы труп, няхай і горача любімага сваяка, але труп. Ма-тэ-ры-ял. Угнаенне, з якога цяпер — ну а што яшчэ? — можна хіба прарошчваць свае інтэрпрэтацыі. Шлёпаць прынты і тату, прыдумляць прыгожыя назвы і містычныя сэнсы. Гандляваць і перайначваць. Бо прасцей выдумаць, чым вывучыць. Бо “ўсё вакол народнае, усё вакол маё”. Бо калі бабуля памерла, хто як не мы, яе ўнукі, маем калектыўна-безадказнае права адвольна распараджацца бабцінай спадчынай, глуміцца над тым, што ад яе засталося?

Дык вось, дарагія сваякі. Я не доктар, этнограф хутчэй. І ў мяне кепскія навіны для вас. Прысядзьце.

Праўда ў тым, што вашая горача любімая бабця ўсё яшчэ жывая, як бы вам ні хацелася адваротнага. Так, не маладуха: сухенькая, кульгавая. Але дыхае, адчувае, памятае. Хоць і забытая вамі. Яна перажыла войны, калектывізацыю і культпрасвет з фальклорамі. Яшчэ і вас перажыве, будзеце так харчавацца. Работу робіць, па ваду ходзіць, гамоніць з суседкамі, надзявае ў святы сваю найлепшую кофту, напявае нешта сабе пад нос, сумуе ля акна і шчыра, па-дзіцячы шчыра, цешыцца рэдкім гасцям.

Вы можаце і далей ладзіць саматужныя фэсты бясконцага сябелюбства вакол яе пустой магілы з пафасным помнікам і прыгожай агароджай з арнаментам, на якія вы з такой ахвотай скінуліся.

А можаце проста прыехаць да яе (заўважце, у большасці нашых суседзяў па гандлёвым цэнтры такой магчымасці даўно няма), спакойна прысесці побач на прызбу, пагрэцца на сонейку, спытаць пра жыццё-быццё і слухаць, слухаць, слухаць. Прымаць, пераймаць, вучыцца.

Пакуль сапраўды не позна.

Яўген Барышнікаў, Студэнцкае Этнаграфічнае Таварыства

Budzma.org

Студэнцкае этнаграфічнае таварыства – супольнасць студэнтаў і не толькі, якім падабаецца тусавацца па-беларуску ў рэчышчы народнай культуры і жыць ёй.

СЭТ быў заснаваны ў 1998 годзе, каб рабіць беларускую народную культуру актуальнай. Моцныя суполкі працуюць у Магілёве, Полацку, Віцебску, Гародні. У арганізацыі ёсць людзі ў Брэсце і блізкая па ідэях «Талака» ў Гомелі.

Сябры арганізацыі праводзяць летнікі, этнаграфічныя экспедыцыі, народныя святы; у іх ёсць бібліятэка і архіў, а таксама шмат кантактаў людзей, якія могуць даць кансультацыі па культуры (абрады, вяселлі і г.д.); дзейнічае шмат гурткоў (спевы дзіцячыя, мужчынскія і жаночыя; танцы, ткацтва, строі).

СЭТ ладзіць па дзве вялікія экспедыцыі двойчы на год (7-15 дзён у дарозе). Дробныя адбываюцца ўвесь час. 

Некаторыя публікацыі Generation.by пра дзейнасць СЭТ:

«Мы ведаем пра розныя дзэн-будызмы, а пра сваё — нічога»

«Моладзь зараз наноў адкрывае для сябе Каляды»

Адзначыць Каляды ў беларускай вёсцы, якую CNN уключыла ў топ-10 найлепшых


14:00, 11.02.2015 | Навіны |




comments powered by Disqus
 
In 0.0517 seconds.