У найноўшай лайк-модзе чароўным чынам спалучаюцца парывы зваліць жыць на хутар і стварыць гарадскі часопіс. Тым часам зусім побач ёсць людзі, якія разам даўно і сістэмна даследуюць экзатычны беларускі фольк і адчуваюць у гэтым задавальненне без аглядкі на трэнды. У рубрыцы Generation.by «Групіроўка» — «Студэнцкае этнаграфічнае таварыства» і яго героі, што ладзілі на выходных у Вязынцы свята «Багач».
У электроне з Менску, перапоўненым аматарамі градак і турзлётаў, часам трапляюцца дзяўчаты ў беларускіх строях – яны едуць на радзіму Янкі Купалы, каб сустрэць людзей, якім таксама не хапае гармоніі ў горадзе. Звычайныя людзі ў звычайнай вопратцы чакаюць гукаў дуды, пад якія можна скінуць саспелае зерне разам, а пасля спяваць і танчыць. Гэтае свята для тых, хто можа не падзяляць людзей на гледачоў і артыстаў.
Свята цяжкога восеньскага яблыка з залатым лісцем – такім у гэтым годзе быў Багач у Вязынцы, які госці пражылі разам з сябрамі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства. Людзі, якім блізкая традыцыя, у гэты дзень дзяліліся з іншымі адчуваннем свайго.
Пераняць і падзяліцца, калі ўжо не зможаш трымаць у сабе – такі падыход удзельнікаў таварыства. Яны не назіральнікі культуры, а жывуць ёй, і хочуць зрабіць беларускія святы роднымі тым, хто ўжо даўно жыве ў горадзе і для каго фальклор – экзотыка.
Яўген Барышнікаў, намеснік старшыні СЭТ:
— Мы не хочам паказухі, робім для сябе. Хочаце – прыязджайце, і мы падзелімся. — Яўген на свяце не ў вышыванай кашулі, але ён і дудар, і бубнач: – Не, хадзіць у кепцы і байцы не дысануе – у мяне ёсць унутранае адчуванне... Хаця і кашуля дома ёсць. Вось гэтыя бабулькі, ім не трэба апранаць касцюмчык, каб пачувацца беларускамі. А шмат каму яшчэ трэба.
Ты можаш займацца далей чым заўгодна, калі ведаеш, на якой глебе стаіш. Гэта дазваляе пачувацца гарманічна, дае такую ўкарэненасць. Ты можаш ісці куды хочаш, але ты ведаеш, адкуль выйшаў.
Яўген гаворыць пра цудоўных бабулек з Гарадзеншчыны, якія спяваюць са сцэны народныя песні: у іх падобныя ўзоры на адмысловых канцэртных строях – раней так не бывала, усе розніліся. Але ад гэтага іх спевы не робяцца ні больш, ні менш народнымі, акурат як трэба. Бабулек СЭТаўцы літаральна знайшлі ў адной з этнаграфічных экспедыцый.
— Зварот да «свайго» ва ўсіх звязаны з інсайтам, як я ўяўляю: разуменнем, што мы ведаем пра розныя дзэн-будызмы, а пра сваё — нічога. І тады чалавек праз саўковы фальклор, праз Харошкі і какошнікі цярплівы чалавек дакапваецца да цікавых рэчаў, — тлумачыць Яўген Барышнікаў.
Напрыклад, пра тое, што ў Беларусі, у адрозненне ад Еўропы, добра захаваўся аўтэнтычны фальклор. У Скандынавіі ў буціках прадаюць нацыянальнае, а ў нас гэта можна знайсці ў вёсках. Напрыклад, на Дрыбеншчыне жыве майстар-шапавал, які робіць валёнкі для рыбакоў — вельмі класныя. Яго бацька і дзед таксама былі шапавалы.
— Гэта як розніца між кашуляй з «Купалінкі» і той, якую зрабіў сам. Вагаюся між словамі штучная і бутафорская, — распавядае Настасся Кухарэнка. І дадае: — Добра, што наша культура ўсё яшчэ звязаная з вясковым асяродкам. Гэтыя бабулі, якія далі нам адчуванне пераемнасці. Гарманічнасць і сувязь з прыродай. Гэта, на маю думку, робіцца больш папулярным. Можа, людзям у горадзе не хапае спакою. Праца, грошы, здароўе — ганяешся за імі, а пасля выязджаеш у Вязынку ці ў лес па грыбы — і за некалькі гадзін адпачыў.
Мяне супакойваюць дрэвы. Я бачу – яно тут расло, расце і расці будзе. І гэта паказвае, што ўсё было да цябе, цяпер ты са сваё мітуснёй, і пасля яно таксама будзе, зімой ці летам.
Студэнцкае этнаграфічнае таварыства – супольнасць студэнтаў і не толькі, якім падабаецца тусавацца па-беларуску ў рэчышчы народнай культуры і жыць ёй.
СЭТ быў заснаваны ў 1998 годзе, каб рабіць беларускую народную культуру актуальнай. Моцныя суполкі працуюць у Магілёве, Полацку, Віцебску, Гародні. У арганізацыі ёсць людзі ў Брэсце і блізкая па ідэях «Талака» ў Гомелі.
Сябры арганізацыі праводзяць летнікі, этнаграфічныя экспедыцыі, народныя святы; у іх ёсць бібліятэка і архіў, а таксама шмат кантактаў людзей, якія могуць даць кансультацыі па культуры (абрады, вяселлі і г.д.); дзейнічае шмат гурткоў (спевы дзіцячыя, мужчынскія і жаночыя; танцы, ткацтва, строі).
СЭТ ладзіць па дзве вялікія экспедыцыі двойчы на год (7-15 дзён у дарозе). Дробныя адбываюцца ўвесь час.
Дар’я Зуева, удзельнік калектываў Guda і «На таку»:
— Я адчуваю, што раблю нешта годнае, што гэта маё. У мяне змяняюцца погляды на жыццё і свет. Аблокі, дрэвы – я раней іх так не ўспрымала. Не магу патлумачыць, па-іншаму. Я сёння спявала песню «Ужо на двары вечарэе, мая мамка вячэрае» — і мая маці сядзіць у першым шэрагу, глядзіць на мяне. Нібыта я спяваю ёй, усё так, як трэба.
Аксана Акуневіч, сябра СЭТ:
— На такіх святах людзі наталяюць патрэбу знайсці сваіх. Раней, калі людзі жылі ў вёсках, было строгае падзяленне на сваіх і чужых. Мы жывем у гарадах і амаль не маем стасункаў з прыродай і зямлёй.
Раней нашым колам сваякоў быў вялікі род, да сёмага калена, а зараз траюрадныя – ужо не блізкія. Таму адчуванне адзіноты ў нас агульнае.
Фота: Косця Абрамовіч. Болей здымкаў з свята Багач глядзіце тут.