Матэматык патлумачыў, чаму хіпстары такія аднолькавыя, хаця імкнуцца да альтэрнатывы

ХіпстарыІлюстрацыя: Воля Кузьміч, Generation.by

Сучасныя гарады Еўропы, у тым ліку і Менск, шчыльна ўпакаваныя маладымі нонканфармістамі ў вузкіх джынсах, якія лічаць сябе супер-унікальнымі. Яны не купляюць вопратку ў звычайных крамах і гатовыя ехаць праз увесь горад за сэндвічам у маленькую лаўку, пра якую пішуць у твітэры. Але гэтыя памкненні да альтэрнатывы ўрэшце прывялі хіпстараў да парадоксу – моднікі-нонканфармісты сталі аднолькавым натоўпам. Аўтарытэтны французскі навуковец развязаў хіпстарскае раўнанне на прыкладзе нейронаў.

Jonathan Touboul – доктар матэматыкі і нейрабіёлаг з Францыі апублікаваў даследаванне пра распаўсюджванне хаосу ў нейронавых палях на прыкладзе назірання за хіпстарамі.

Тубуль паказвае, што нейроны паводзяць сябе як хіпстары – супярэчаць натоўпу. Калі нервовыя клеткі вакол «маўчаць», нейрон уключаецца, калі вакол актыўнасць – «змаўкае». Распрацаваўшы матэматычную мадэль, нейрабіёлаг высвятліў, што людзі (як і нейроны) не адразу разумеюць, што зрабілася мэйнстрымам. Калі паўза ў разуменні занадта доўгая, то ідэнтычных «белых варон» у зграі робіцца вельмі шмат і яны сінхранізуюцца паміж сабой.

«У імкненні супярэчыць трэндам узнікае нейкая хіпстарская пятля», – растлумачыў Тубуль. Праца навукоўца называецца «Хіпстарскі эфект: калі ўсе нонканфармісты выглядаюць аднолькава».

Для шырокай публікі матэматык тлумачыць сваю мадэль на прыкладзе. Ва ўмоўным свеце людзі выбіраюць паміж двума схемамі жыцця: панкаўскім і звычайным. Адпаведна існуе два тыпы людзей – звычайныя, што аддаюць перавагу плыць па плыні і іх апаненты – хіпстары. З часам людзі разумеюць, што з'яўляецца мэйнстрымам і выбіраюць сваю пазіцыю – падтрымліваць або супрацьстаяць.

На малюнку відаць, як з часам мяняецца склад грамадства: спачатку трое канфармістаў бачаць, што іх большасць – і застаюцца такімі, тады як панк застаецца панкам. У сітуацыі А2 «хіпстэры» мяняюць свае паводзіны, каб заставацца ў меншасці.

Тубуль прызнаецца, што не прэтэндуе на сапраўднасць працы яго тэорыі ў рэальным жыцці, аднак матэматычная мадэль дазваляе ўбачыць сінхранізацыю канфліктных плыняў у вялікіх супольнасцях. Такія схемы паводзінаў таксама шырока выкарыстоўваюцца і ў палітычным ці эканамічным прагназаванні.


Ягор Качын 21:00, 21.11.2014 | Пакаленне Y |




comments powered by Disqus
 
In 0.0467 seconds.