Канец хіпстараў: як вузкія джынсы і модныя бароды перасталі быць такімі крутымі

Хіпстэр

Брытанскае выданне The Guardian апублікавала гучны матэрыял, у якім фіксуе відавочныя прыкметы згасання моды на хіпстараў. Імгненныя тысячы лайкаў і каментаў пад артыкулам сведчаць, што пульс хіпстараў усё яшчэ б’ецца вельмі актыўна. Аднак усё болей відавочна — субкультура, якую заснавалі маладыя лідары думак творчай індустрыі, пераўтварылася ў карыкатуру, дзе стаць часткай крэатыўнага класа можна проста з дапамогай вопраткі і правільнай прычоскі. 

Джош — 30-гадовы мастак, які жыве ў лофце ва ўсходнім Лондане. Джош мае бараду, акуляры і клапоціцца пра паходжанне кавы, якуе п'е. Ён плаціць падаткі,  але не мае штодзённай працы з 9 да 5, ды разам са сваімі пяццю рознабаковымі суседзямі па кватэры пазбягае грамадскага транспарту, бо аддае перавагу ровару. 

Фактычна, Джош з'яўляецца тыповым хіпстарам, але не называйце яго так:  

«Я не ненавіджу слова хіпстар, і я не ненавіджу хіпстараў, але быць хіпстарам цяпер ужо нічога не значыць. Таму не дай бог мяне так называць».

У нейкі момант на працягу апошніх некалькіх гадоў хіпстары змяніліся. Ці, прынамсі, змянілася іх вызначэнне. Раней гэты тэрмін абагульняў плеяду контркультурных маладых творчых асобаў з пэўнай мясцовасці, а ператварыўся ў прыніжальны тэрмін для людзей, якія выглядаюць, жывуць і актыўнічаюць пэўным чынам. 

Гарадскі брытанскі слоўнік вызначае хіпстараў як «субкультуру мужчын і жанчын, як правіла, ва ўзросце ад 20 да 30 гадоў, якія цэняць незалежнае мысленне, контркультуру, прагрэсіўную палітыку». На самай справе, гэта слова цяпер стала абразай.

Так што ж здарылася? Артыкул The Guardian пабудаваны на размовах з рознымі людзьмі, але вызначальную ролю ў ім займае Крыс Сандэрсан — футуролаг і сузаснавальнік агенцыі The Future Laboratory, якая прагназуе тэндэнцыі. Крыс Сандэрсан сходу вызначае дыягназ: 

«Хіпстар памёр у тую ж хвіліну, як мы назвалі яго хіпстарам. Гэта слова болей не мае сэнсу».

Меркаванне пацвярджае і даследаванне з Універсітэта Новага Паўднёвага Уэльса, у якім гаворыцца, што хіпстары не глядзяцца ўжо так модна і стылёва, як гэта было зусім нядаўна. Прыблізны сэнс яго такі: ўсё болей мае месца тэндэнцыя да разумення, што бароды значна меней прывабная рэч, чым іх успрымаюць. І ў 2014 годзе мы, магчыма, дасягнулі «вяршыні барадатасці». Падобна, што і вузкія джынсы хіпстараў хутка перастануць быць актуальнымі.

Футуролаг Сандэрсан лічыць, што тут ёсць болей варыянтаў для развіцця сітуацыі, чым проста смерць субкультуры. Ён заўважае два тыпы хіпстараў:

  • поп-хіпстары — тыя самыя з недарэчнымі нагавіцамі ў абцяжку на паўнаватых нагах ды з вычурнымі бародамі, якіх мы любім ненавідзець і
  • прота-хіпстары, такія сабе тру-пачынальнікі гэтага руху.

Але яны не адрозніваюцца знешне і ў гэтым заключаецца блытаніна.

Гістарычна склалася так, што пачынальнікі хіпстар-культуры былі людзьмі абазнанымі, якія свядома адхіляюцца ад нормы. Кшталту хіпі. На працягу многіх гадоў яны вялі за сабой і натхнялі новае пакаленне маладых гарадчукоў, якія ўрэшце ператварылі панятак хіпстараў у грубую камерцыйную пародыю. Гэтыя новыя хіпстары хочуць праявіць сябе такім чынам, каб на іх усе звярталі ўвагу, як на глыбокіх людзей, пры гэтым яны не зрабілі анічога, каб атрымаць такі статус. Такім чынам, яны прысвоілі лад жыцця і мысленне пачынальнікаў субкультуры хіпстараў.

Праблема ў тым, што цяпер практычна немагчыма правесці адрозненне паміж імі. 

«Звычайныя хіпцеры больш зацікаўленыя ў тым, каб сачыць за модай, а прота-хіпстары ў тым, каб быць яе лідарамі. Тым не менш, яны фактычна выглядаюць аднолькава, і людзям не магчыма заўважыць розніцу». 

Галоўны рэдактар моладзевага часопіса Vice апраўдваецца на пытанне The Guardian, што не можа вызначаць, хто такія хіпстары і называе іх проста «Іншыя». На яго думку, слова «хіпстар» выбухнула, таму што людзі атрымалі зручны тэрмін, якім можна назваць нешта такое маладое-моднае, што яны не разумеюць.

Але гэта вечны сцэнар. Яшчэ ў сямідзясятых мінулага стагоддзя сацыёлаг з Францыі П'ер Бурдзьё пісаў, што «сацыяльная ідэнтычнасць заключаецца ў розніцы, і розніца самасцвярджаецца найперш супраць таго, што знаходзіцца побач і адпаведна ўяўляе найбольшую пагрозу».

Такі стан рэчаў натуральна вельмі раздражняе тых самых першых хіпстараў. 

Але справы не заўсёды ішлі падобным чынам. Хоць вызначэнне хіпстара не змянілася істотна за апошнія гады, быў час, калі іх лічылі чымсьці больш значным і канкрэтным.

Слова «hipster» было вынайдзена ў 1940-я гады, каб вызначаць тых, хто адхіліўся ад грамадскіх нормаў — напрыклад, сярэдні клас белых людзей, якія слухалі джаз. Потым прыйшла літаратура субкультураў, рэалізаваная праз працы вядомых бітнікаў, такіх як Джэк Керуак і Ўільям Берроўз. Норман Мэйлер адным з першых паспрабаваў даць азначэнне хіпстарам у сваім эсэ «Белы негр», як пасляваеннаму амерыканскаму беламу пакаленню бунтароў, якое расчаравалася вайной і «адасобілася ад грамадства, каб існаваць без каранёў, каб ісці па нязведанным падарожжы ў мяцежны імператыў сваёй асобы». 

Праз дзесяць гадоў з'явіўся контркультурны рух хіпі, якія ўнесьлі свой факел самапрасвятлення ў моду насуперак мэйнстрыму. Слова хіпстар знікла з ужытку да канца стагоддзя, калі было перагледжанае, каб апісаць новых маладых людзей сярэдняга класа з цікаўнасцю да «альтэрнатывы».

Але хутка ўжо ў «нулявых» хіпстары сталі аб'ектам пародыі. Цяпер кожны, хто купляе правільныя джынсы, можа назваць сябе хіпстарам. Ідэю хіпстараў паглынуў мэйнстрым. 

Амерыканскія журналісты нават складаюць тэрміны кшталту "мета-хіпстар".Так завуць людзей, які мінаюць традыцыйныя крокі для росту, а адразу хочуць займець сацыяльны статус. Такім чынам правільныя акуляры і моднае тату пераўтвараюць шэрых людзей у хіпстараў. 

Але ж не ўсе згодныя, што тэрмін хіпстары састарэў. Журналіст The Guardian запытаўся ў наведніка аднаго з бараў ўсходнага Лондана ці ідынтыфікуе той сябе з хіпстарамі. 24-гадовы хлопец мяркуе, што з’яўляецца хіпстарам ўжо толькі таму, што жыве ва ўсходняй частцы Лондана. 

Мэнні, 28-гадовы спявак таксама лічыць сябе хіпстарам і яму падабаецца пачуццё супольнасці ад субкультуры:

«Маладыя людзі, якія не маюць працы, маюць асаблівую патрэбу лічыць сябе часткай вялікага руху», — разважае малады брытанец.   

Міллер, рэдактар вялікага міжнароднага моладзевага часопісу Vice гаворыць, што іх часопіс ніколі не пісаў пра хіпстараў як пра субкультуру, бо ён не лічыць іх субкультурай. Міллер мяркуе, што хіпстары не хочуць быць унікальнымі, а проста хочуць прыналежыць да чагосьці. 

Дык што ж далей, разважае The Guardian. хіпстараў чакаюць капітальныя змены. На думку футуролага Крыса Сандэрсана хутка адбудзецца спад маніі на ўсе гэтыя джынсы ў абліпон і іншыя візуальныя праявы хіпстараў. Крыс мяркуе, што на першы план выйдзе стыль падобны на мачо, магчыма нават часткова карыкатурны.

Сітуацыю з модай бліжэйшай будучыні можа таксама прасвятліць феномен «normcore». Тэрмін, уведзены трэндавай агенцыяй з Нью-Йорку K-Кэрліс ў сваёй справаздачы Youth Mode за восень мінулага года. Не гледзячы на шырокае высмейванне ў свеце моды, гэты рух, супер-нармальны стыль, магчыма стаў рэакцыяй на камадыфікацыю індывідуальнасці, ідэю, што ты можаш набыць унікальнасць у моднай краме. Але "Normcore ня хочуць свабоды, каб стаць кімсьці", — кажуць яны.  

Тым часам многіх абурае ідэя класіфікаваць людзей. Маладая лонданская мастачка Арвіда Бюстрым да таго ж фатограф і мадэль. Хоць дзяўчына мае вобраз стэрэатыпнага хіпстара, але ўяўляе сабой нешта значна большае. Яе працы глыбокія, сфакусаваныя на сэксуальнасці, самаідэнтыфікацыі і фемінізме гавораць пра тое, што яна ўсё ж нешта ўяўляе сабой. Футуролаг Сандэрсан апісвае яе як чалавека, які «вядзе за сабой, а не ідзе за кімьсці». 

Мастачка ўхіляецца ад развагаў пра тое, ці можна назваць яе хіпстарам:

«Я не ведаю, ці людзі называюць мяне хіпстарам. Я, вядома, не ідэнтыфікую себе з гэтым словам. Ды й што такое хіпстары? Гэта такі агульны тэрмін. Я нават не ведаю, ці яны дагэтуль існуюць».

30-гадовы Джош з пачатку артыкула гаворыць: «Я не разумею, чаму нельга быць проста хлопцам з усходу Лондана, якому падабаецца розная хрэнь, але без штампаў на гэты конт».


01:00, 25.06.2014 | Пакаленне Y |




comments powered by Disqus
 
In 0.0473 seconds.