«Расчараванне года», «Мда...» – у сацакаўнтах «Brutto» з'явіўся і знік пост пра «Trubetskoy»
Увечары нядзелі адначасова ў некалькіх сацыяльных акаўнтах новага праекта Сяргея Міхалка «Brutto» з'явіўся дзіўны пост пра гурт «Trubetskoy». У ім была змешчаная абразлівая крытыка дэбютнага сінгла «Ёлкі», які выпусцілі некалькі былых удзельнікаў «Ляпіса Трубяцкога»:
«Яны наогул не умеюць пісаць песні», «Слава Богу, што я развітаўся з гэтымі рабятамі і фанатамі, якія пайшлі за імі ў рэстаранныя дзебры».
Пост быў апублікаваны адначасова ў афіцыйных акаўнтах «Brutto» ў Facebook, Vk.com i Intagram і выклікаў шокавую рэакцыю карыстальнікаў. Нехта выказваў сумневы ў тым, што гэта паведамленне сапраўды напісана гуртом, бо яно было аздобленае неахайна ды з вялікай колькасцю клічнікаў. Хтосьці парыраваў, што ў падобным стылі Сяргей Міхалок ужо выказваўся неўзабаве пасля прэзентацыі праекта «Brutto». Не гледзячы на сумневы ў нефэйкавасці паведамлення, асноўным матывам каментароў была збянтэжанасць і расчараванне ў бок Сяргея Міхалка: «Разочарование года», «#михалокебанулся», – пісалі каментатары.
З боку гурта «Трубяцкой» таксама паспела з'явіцца рэакцыя. Жонка Паўла Булатнікава напісала паведамленне пра «Афіцыйны скрыншок)», у якое дадала скрыншот з суполкі Brutto.
«Не злуйце жанчыну, Сяргей, якая кіравала Вашымі канцэртамі, фінансамі і інш рэчамі цягам 13 апошніх год, яна ў абарону сваёй сям'і патоне, але і Вас патопіць».
Крыху болей чым праз гадзіну пасля публікацыі паведамленні з дзіўнымі «развагамі Міхалка» зніклі з усіх акаўнтаў «Brutto». Замест іх было апублікаванае тлумачэнне, што акаўнты былі ўзламаныя, а Міхалок не чуў сінгл групы «Trubetskoy».
«Каротка і ясна. Афіцыйнае паведамленне групы «Brutto»: Сябры, нашы афіцыйныя акаўнты у сац. сетках узламалі і змясцілі ад нашага імя дзіўны пост. Сяргей Міхалок не чуў сінгла групы «Trubetskoy». Мы разбіраемся з гэтай сітуацыяй».
Афіцыйнае тлумачэнне ў акаўнтах «Brutto» збірае лайкі, але таксама і скептычныя каментары, якія падазраюць гурт у няўдалай спробе скандальнага піяру.