У Жодзіна студэнт, выключаны за палітыку, дамагаецца аднаўленьня праз суд

Сёньня мясцовы суд у Жодзіне пачне разгляд скаргі актывіста “Маладога фронту” Сяргея Мурашкі на выключэньне яго з Жодзінскага політэхнікуму.  

Сяржук Мурашка быў выключаны з Жодзінскага політэхнікуму ў траўні сёлетняга году. Актывіст “Маладога фронту” вучыўся тут на другім курсе. Паводле Сержука, 26 красавіка ён браў удзел у апазыцыйнай чарнобыльскай акцыі ў Менску, падчас якой быў затрыманы міліцыянтамі. Пасьля гэтага, як вынікае з тлумачэньня Сержука, кіраўніцтва тэхнікуму абвясьціла пра ягонае адлічэньне. Шматлікія звароты юнака, бацькоў і аднакурсьнікаў да дырэктара тэхнікума, гарадзкога начальства і чыноўнікаў Міністэрства адукацыі ня мелі плёну. 25 траўня шэраг моладзевых актывістаў Жодзіна на знак пратэсту супраць выключэньня Сержука Мурашкі абвясьцілі галадоўку, якая доўжылася каля двух тыдняў, але юнака не аднавілі нават пасьля гэтай акцыі. І вось цяпер Сяржук прадпрымае яшчэ адну спробу – праз суд дамагчыся аднаўленьня справядлівасьці. Хаця, як зазначыў у гутарцы са мной ягоны бацька Аляксей Мурашка, актыўна рыхтуецца да судовага паседжаньня і кіраўніцтва тэхнікуму:

(Мурашка Аляксей: ) “Дырэктар тэхнікуму сфабрыкаваў дакумэнты. Там у яго шэраг вымоваў зьявіўся. Спагнаньні немаведама адкуль зьявіліся, пропускі заняткаў немаведама адкуль зьявіліся... І фармулёўка ягонага выключэньня з навучальнай установы цяпер такая: за парушэньне ўнутранага распарадку, якое выявілася ў пропуску заняткаў”.

Дарэчы, праблемы з навучальнымі ўстановамі па палітычных матывах былі і ў іншых удзельнікаў згаданай галадоўкі. Большасьць іх былі выключаны з розных навучальных установаў. Як і ў выпадку зь Сержуком Мурашкам, іх адлічалі пасьля ўдзелу ў апазыцыйных акцыях. Цяпер ужо вядома, што такая ўстаноўка зыходзіла ад Міністэрства адукацыі. Міністар Аляксандр Радзькоў накіраваў сваім падначаленым ліст, у якім распарадзіўся “зрабіць усё магчымае, каб у студэнцкіх аўдыторыях не было месца антыдзяржаўнай рыторыцы і крытыканству.” Міністар загадаў узмацніць ідэйна-выхаваўчую працу сярод студэнтаў і навучэнцаў сярэдніх спэцыяльных навучальных установаў з мэтай “нэйтралізацыі спробаў уцягненьня студэнтаў у супрацьпраўную дзейнасьць палітычнага кшталту”. Толькі ў Жодзіна па палітычных матывах выключылі сем чалавек. Што тычыцца цяперашняга лёсу галадоўнікаў, то вось што паведаміў мне пра гэта адзін з удзельнікаў тагачаснай акцыі Зьміцер Чарткоў:

(Чарткоў: ) “Аляксандр Вінаградаў паступіў у ЭГУ на міжнароднае права. Павал Красоўскі падаў дакумэнты ў ЭГУ завочна на мас-мэдыі. Яўген Валкавец рыхтуецца да коласаўскага ліцэю. У яго іспыты павінны быць. Павал Каранюхін – навучэнец сярэдняй школы №1 горада Жодзіна зараз. Але ён зьбіраецца таксама паступаць у ліцэй Коласа. Адзіны, хто зараз застаўся без навучаньня, гэта я”.

Як патлумачыў малады чалавек, ён па-ранейшаму марыць атрымаць адукацыю па спэцыяльнасьці “рэжысура”, аднак пакуль вучыцца яму не даюць... Цяперашні лёс выключаных з навучальных установаў жодзінцаў у некаторай ступені дае адказ на пытаньне пра пэрспэктывы тых, хто насуперак устаноўкам Міністэрства адукацыі асьмеліцца ўсё ж браць удзел у апазыцыйным моладзевым руху. Гаворыць лідэр жодзінскай суполкі “Маладога фронту” Павал Красоўскі, выключаны з Беларускага пэдагагічнага ўнівэрсітэту:

(Красоўскі: ) “Наш прыклад сьведчыць, што ў прынцыпе, як я лічу, вырашыць праблему можна. Можна ўладкавацца куды-небудзь. Але гэта будзе ўжо ня той узровень адукацыі, вядома. І, хутчэй за ўсё, ці прыйдзецца навучацца за мяжой, ці трэба не паказваць сваю грамадзкую актыўнасьць і кансьпіравацца ў навучальных установах. Гэта вельмі дрэнна, што адбівае людзей ад выказваньня сваёй актыўнай грамадзкай пазыцыі”.

Міхал Стэльмак, Радыё Свабода

15:20, 14/09/2005 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0585 seconds.